Джазавая сімфонія Шапэна, або Дзённікі скрыпкі і… пілы

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Тэма 200-годдзя з дня нараджэння Фрыдэрыка Шапэна чырвонай ніткай прайшла скрозь буйны Міжнародны цыкл канцэртаў “Мінская вясна2010” Беларускай дзяржаўнай філармоніі і мноства іншых мерапрыемстваў, выклікаўшы цэлы шэраг абменных выступленняў, сумесных творчых праектаў. Нашы музыканты і кампазітары раптам адчулі яго “сваім”, польскія ж госці — падкрэслілі сусветныя маштабы ягонага ўнёску ў культуру.

 

/i/content/pi/cult/260/3950/7-1.jpgСапраўднай сенсацыяй сталася джазавае гучанне шапэнаўскай музыкі, прадстаўленае Камерным аркестрам "AUKSO", джазавым трыо і Пятром Стэчакам - кампазітарам, выканаўцам на духавых і скрыпцы, якая выступала своеасаблівай "сувязной" паміж аркестрам і ансамблем. Гэта былі не звыклыя джазавыя кампазіцыі "паводле" знакамітых шапэнаўскіх мелодый - гэта была, так бы мовіць, джазавая сімфонія самога Ф.Шапэна, калі б ён жыў у ХХ - ХХІ стагоддзях, а яшчэ - няўлоўна-тонкая, амаль празрыстая, але ад гэтага не менш відавочная лінія музычнай эвалюцыі ад шапэнаўскай імправізацыйнасці да сучаснай джазавай каларыстыкі і фантазійнасці. Да ўсяго, у праграме быццам "прачытвалася" шапэнаўская "аўтабіяграфічнасць": разгорнутыя часткі надзвычай разнастайнага, але канцэптуальнага музычнага палатна ўспрымаліся аповедам "пра майстра" і "ад майстра", дзе кожная ягоная цытата давала штуршок далейшым меркаванням. Ва ўсёй праграме, набліжанай да шматчасткавага сімфанічнага цыкла, можна было прасачыць свядома або падсвядома вытрыманую праграмнасць. Першая частка гучала музычным партрэтам Шапэна, дзе падкрэсліваліся "капрызлівасць" штрыхоў, нервовасць, "мазурачнасць", вытанчанасць яго стылю.

Другая, спавітая шэптамі навакольнай прыроды, павевамі ўсходнеславянскага фальклору і выбухамі архаічна-абрадавай стыхіі, была нібы прысвечаная нараджэнню майстра. Трэцяя частка сімвалізавала разнастайнасць музіцыравання ў песенна-танцавальным колазвароце. Чацвёртая - фарміраванне асобы: ад юначых трымценняў да мудрай разважлівасці. Пятая - трагедыйныя павароты ў лёсе мастака і яго краіны. Нарэшце, шостая, больш за іншыя падобная да збірання чароўнага вітража з асобных аскепкаў,- неўміручы бег жыцця і нават "жыццё пасля жыцця", сусветнае распаўсюджанне шапэнаўскіх матываў, якія загучалі ажно на ўсходні лад. Збалансаванасці і асаблівай празрыстай аб'ёмнасці музычнай прасторы дапамагала ўдала выкарыстанае мікрафоннае падгучванне. Праграма, пры ўсіх складанасцях аркестрава-ансамблевых спалучэнняў, была адточана-адшліфавана да Боскай дасканаласці. І пры гэтым заставалася абсалютна "жывой", народжанай літаральна "тут і зараз". Дырыжор Марэк Мось скарыў выразнай пластыкай і ўменнем "знікнуць" сярод аркестрантаў, парыцарску прапусціўшы наперад музыку. Піяніст і кампазітар Матэуш Калакоўскі - выдатнай тэхнікай і разняволенай "размовай" з Шапэнам тэт-а-тэт.

Нават кантрабас Мацея Гарбоўскага і ўдарныя Кшыштафа Градзюка гучалі па-шапэнаўску мякка, бы тэмбравыя "накцюрны". А праз некалькі дзён да нас прыехаў яшчэ адзін знаны аркестр - Варшаўскі сімфанічны, вядомы як калектыў Кшыштафа Пендэрэцкага! Удзень адбылася прэс-канферэнцыя, а ўвечары музыканты і дырыжор Георгій Чычынадзэ ўразілі папраўдзе бездакорным, ва ўсіх сэнсах - класічным, выкананнем. Саліст Марэк Дрэўноўскі прапанаваў нечаканае, стомлена-разняволенае прачытанне Другога фартэпіяннага канцэрта Шапэна. Гэты твор гучаў на сёлетняй "Мінскай вясне" неаднойчы. Крыху раней выконваў яго і малады расійскі піяніст Дзяніс Кажухін з нашым Камерным аркестрам пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова. "Іхні" Шапэн атрымаўся "ўмераным" рамантыкам, які не разбурае, а, наадварот, беражліва захоўвае ўсё назапашанае папярэднікамі, пачынаючы не толькі ад Моцарта, але і ажно ад французскіх клавесіністаў. Нават усхваляваныя старонкі твора гучалі "рамантычным пытаннем", а не "змагарскім сцвярджэннем". У самай шчыльнай, здавалася б, фактуры піяніст не страчваў ніводнай кроплірасінкі празрыстых россыпаў, ніколькі не парушаючы шапэнаўскай акварэльнасці, лёгкасці і таго адчування вольнай гульні, што была неад'емнай рысай мастацкага салона. Музычны матэрыял дакладна падзяляўся на "падзеі", "фон" і іх "суправаджэнне". І над усім панавала такое зачараванне прыгажосцю!

 Пр ы г а жосць пеставалася і ў кожным сугуччы прэм'ернага твора Ларысы Сімаковіч "Сярод зімы - абрыс Шапэна", дзе той жа Д.Кажухін, "падарожнічаючы" ад клавесіна да раяля і назад, нібыта ўвасабляў працэс кампазітарскага мыслення. З асобных гукаў і быццам "неасэнсаваных" імправізацый, гэткага "блукання" пальцаў па клавішах і ўздыхаў-усхліпванняў струнных нараджалася геніяльная музыка, паступова намацоўваўся самы, бадай, знакаміты шапэнаўскі твор - Вальс № 7, каб потым зноў ператварыцца ў лёгкі віхур і подых паветра. Астатнія "прынашэнні" Шапэну склалі асобны канцэрт, падрыхтаваны ансамблем салістаў "КласікАвангард". Тут таксама прагучалі тры беларускія прэм'еры, прымеркаваныя да юбілею. Гэта яшчэ адна партытура Л.Сімаковіч "Збалеламу паўстанню. Штутгарцкі дзённік Шапэна" - з элементамі натуралізму і "саліруючым" малатком, што, на жаль, зацьміў і жаночыя галашэнні ў аўтэнтычнай манеры, і выразныя тэнаравыя вакалізы; "Р.S." Дзмітрыя Лыбіна, дзе аўтар выбудаваў мацарціянскую лінію творчасці Шапэна; "Накцюрн для невылечных" Галіны Гарэлавай, багаты на асацыяцыі (ад "Dies irae" да інтанацый шастаковічаўскай манаграмы), з кранальным дуэтам скрыпкі і... пілы, што ціхутка трымціць, калі яе "лашчаць" смыкам. Кіраўнік ансамбля Уладзімір Байдаў невыпадкова быў ушанаваны ўзнагародай імя Ежы Гедройца за 2009 год "За новыя ідэі ў польска-беларускім дыялогу": у яго і цяпер тых ідэй хапае на самыя выбітныя канцэрты, многія з якіх ладзяцца сумесна з "Беларускай капэлай" на чале з Віктарам Скорабагатавым і кандыдатам мастацтвазнаўства Святленай Немагай. Менавіта такім стаўся і праект "Ліцвінская мелодыя Шапэна", што сабраў беларускае "атачэнне" польскага генія: у праграме гучалі зробленыя У.Байдавым пералажэнні твораў Ф.Шапэна, Н.Орды, А.Г. Радзівіла, М.Кл. Агінскага, Ю.Дашчынскага, М.Шыманоўскай і іншых.

 На здымку: Марэк Мось

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"