Зусім не казачны лёс Соф’і Друкер

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі, вядомай опернай зоркі Соф’і ДРУКЕР. У вайну яна страціла абаіх дзяцей — дачку і сына: тыя загінулі ў яўрэйскім гета. А памерла яна — як казачная гераіня: у адзін дзень з каханым мужам, літаральна праз некалькі гадзін пасля яго.

 /i/content/pi/cult/118/395/Druker.jpg
 Соф’я Друкер.  
… Гавораць, што лёс кожнага чалавека загадзя вызначаны. І ў гэтым ёсць свая праўда. Зусім не думала дзяўчынка з мястэчка Копысь Горацкага павета Магілёўскай губерні Соф’я Друкер, што будзе спявачкай. Яна прыехала ў Віцебск паступаць у медыцынскі тэхнікум. Але менавіта тады чарговага набору там не было.

Вяртацца дадому не хацелася. І тут Яна ўспомніла, што недзе бачыла шыльду з надпісам “Музычны тэхнікум”. Прыйшла туды і хутка сдала экзамены, стала студэнткай. Педагог заўважыў у дзяўчыне прыродныя вакальныя здольнасці, і яе прымусілі выступіць на адным вучнёўскім канцэрце. Яна яскрава праспявала “Сум” Ф.Шапэна, песню Вольгі з оперы А.Даргамыжскага “Русалка”. Яе выступленне паслухаў педагог Мінскага музычнага тэхнікума, які гасцяваў у Віцебску, і, пад уражаннем ад прыгожага голасу з цудоўным тэмбрам, тут жа параіў пераехаць у Мінск, дзе тады быў таленавіты калектыў педагогаў-вакалістаў.

Так у 1925 г. Соф’я стала студэнткай Мінскага музычнага тэхнікума. Вучылася ў класе вядомага педагога, уладальніка прыгожага баса, былога саліста Вялікага тэатра ў Маскве, прафесара Васіля Цвяткова. Ён заўсёды клапаціўся аб фізічным стане галасавога апарата, індывідуальных здольнасцях кожнага студэнта. З кожным сваім вучнем прафесар працаваў сур’ёзна, карпатліва. Адразу сталі праяўляцца здольнасці будучай спявачкі, яе прыгожы голас. А праца, настойлівая, карысная, рабіла цуды. Шмат удасканальвалася, паляпшала свае здольнасці Яна і на занятках у класе Антона Баначыча выдатнага педагога, былога саліста праслаўленага Вялікага тэатра, які гастраляваў па Еўропе, ЗША. І гэта дало цудоўны вынік. Сама ж С.Друкер вельмі сур’ёзна, крытычна ставілася да сваіх здольнасцей. Яна прымала ўдзел у студэнцкіх пастаноўках опер “Фауст” Ш.Гуно, “Русалка” А.Даргамыжскага, “Севільскі цырульнік” Дж.Расіні. Навучылася яна і акцёрскім навыкам, сцэнічнаму майстэрству. Пасля заканчэння тэхнікума працавала ў Дзяржаўнай студыі оперы і балета, стала студэнткай Белдзяржкансерваторыі.

Першай яе партыяй была невялічкая роля памешчыцы Ларынай, маці Таццяны з оперы П.Чайкоўскага “Яўгеній Анегін”. Няпроста было ёй, маладой, нявопытнай артыстцы, стварыць вобраз старой жанчыны. Але яна справілася, яе дэбют атрымаў добрую ацэнку ў прэсе. Пазней яна атрымала яшчэ адну ўзроставую партыю — Домны Сабуравай з оперы М.Рымскага-Корсакава “Царская нявеста”. Памятаю яе сакавіты вобраз Яраслаўны з оперы А.Барадзіна “Князь Ігар”. Гэтую партыю артыстка выконвала цягам трыццаці гадоў, ствараючы вобраз пяшчотнай, лірычнай, любячай жонкі князя Ігара. Яе сучаснікі лічаць творчым поспехам створаную ёю партыю Лізы ў оперы П.Чайкоўскага “Пікавая дама”, у якой ярка праявіліся вакальныя і артыстычныя здольнасці спявачкі. Крытыка адзначыла прывабны вобраз Лізы, светлы і адначасова напоўнены трагічнасцю.

 /i/content/pi/cult/118/395/Druker1.jpg
 С.Друкер у ролі Леаноры (опера Дж.Вердзі "Трубадур").
— Я застала Соф’ю Юр’еўну ўжо ў сталым узросце, — расказвае вядучы канцэртмайстар Беларускай оперы, заслужаная артыстка краіны Ларыса Талкачова. — Яна выконвала ўвесь вядучы рэпертуар драматычнага сапрана. Аіда з аднайменнай оперы Вердзі, напрыклад, у яе выкананні рабіла моцнае ўражанне: голас спявачкі гучаў ярка, моцна, нават перакрываў аркестр, хор. Незвычайнай была яе Леанора ў “Трубадуры” Вердзі.

Але асабліва блізкай ёй была Тоска з аднайменнай оперы Пучыні. Артыстка стварыла вобраз валявой, тэмпераментнай жанчыны. З ёй шмат працаваў мой бацька, які быў галоўным канцэртмайстрам тэатра, — народны артыст Беларусі Сямён Талкачоў. З ёй ён і падрыхтаваў згаданыя партыі Леаноры, Тоскі, Аіды.

Поспех спадарожнічаў Соф’і Юр’еўне і ў выкананні партый з беларускіх опер. Спявачка знайшла свае фарбы, тоны і паўтоны для вобраза беларускай сялянскай дзяўчыны Марысі з оперы Яўгена Цікоцкага “Міхась Падгорны”. З гэтым вобразам перагукаецца вакальная партыя Аўгінні з оперы “У пушчах Палесся” яшчэ аднаго нашага кампазітара Анатоля Багатырова.

Гэты вобраз артыстка стварыла глыбока драматычным. Яе гераіня ў самую цяжкую хвіліну знаходзіцца побач з каханым. Абедзве оперы былі паказаны на Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 г. Газета “Известия” пісала, што С.Друкер стварыла моцны, прыгожы вобраз беларускай жанчыны Аўгінні, якая скідвае ланцугі старога і ідзе да партызан.

Вялікая Айчынная застала артыстку далёка ад роднага Мінска ў адпачынку. Яе дачка і сын адпачывалі разам з домработніцай на дачы пад Мінскам і загінулі ў акупацыі. Усё жыццё яна думала аб гэтай трагедыі і разам з мужам, дырэктарам Беларускай дзяржаўнай філармоніі Рыгорам Прагіным, цяжка перажывала гэтае нясцерпнае гора. У час вайны яна некаторы час спявала ў Саратаўскай оперы. Потым
 /i/content/pi/cult/118/395/Druker2.jpg

М.Ворвулеў (Згібнеў), М.Лазараў (Стэфан), С.Друкер (Чэснікава). Опера С.Манюшкі "Страшны двор". 

разам з іншымі артыстамі беларускай оперы працавала ў Горкім, Каўрове, куды быў эвакуіраваны Беларускі тэатр оперы і балета. Разам з іншымі артыстамі яна ўдзельнічала ў франтавой артыстычнай брыгадзе, выступала ў вайсковых частках, шпіталях, на абаронных заводах. Дзень Перамогі сустрэла ва Усходняй Прусіі. Як толькі Мінск быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў, муж Соф’і Друкер адразу прыехаў шукаць сваіх дзяцей, але ўсё было дарэмна: ён толькі даведаўся пра падрабязнасці іх трагічнай гібелі.

У толькі што вызваленым Мінску ў памяшканні Дома афіцэраў адбылася прэм’ера новай оперы Я.Цікоцкага “Алеся” (“Дзяўчына з Палесся”) — аб беларускіх партызанах, у якой С.Друкер выступіла ў галоўнай партыі — Алесі. І ў пасляваенны час артыстка плённа, старанна працуе, стварае цікавыя оперныя вобразы, разнастайныя па характарнай значнасці, глыбіні. Гэта, напрыклад, Аксана з “Чаравічак” П.Чайкоўскага, Марта ў “Фаусце” Ш.Гуно, Чэснікава ў “Страшным двары” С.Манюшкі, Фроська ў “Марозку” М.Красева, Марыя ў “Мазепе” П.Чайкоўскага, маці Алега Кашавога Алена Мікалаеўна ў “Маладой гвардыі” Ю.Мейтуса, Астахава ў “Надзеі Дуравай” А.Багатырова і іншыя. Кожную оперную партыю яна выконвае па-свойму ярка, пранікнёна, асэнсавана, каларытна. Вельмі цікава, шчыра, сардэчна спявае партыю Наташы з оперы А.Даргамыжскага “Русалка”. А яшчэ яна выяўляе талент характарнай артысткі. Гэта і яе Адарка з оперы “Запарожац за Дунаем” С.Гулак-Арцямоўскага, выкананая спявачкай сакавіта, шчыра, з гумарам. Вельмі камічным стварае яна вобраз Мірабелы з аперэты І.Штрауса “Цыганскі барон”. Вяршыняй яе камедыйнага таленту можна назваць створаны ёю вобраз Рагнеды Янаўны з оперы Ю.Семянякі “Калючая ружа”: гэта жанчына з вузкім мяшчанскім кругаглядам, якая была вынаходлівай, непрымірымай, калі справа датычылася “сямейныхінтарэсаў”. Адной з апошніх камедыйных роляў С.Друкер быў вобраз свахі Кабато ў оперы В.Далідзе “Кето і Катэ”. На працягу ўсяго жыцця яе голас гучаў ярка, прыгожа.

Яе любоў да тэатра была настолькі моцнай, што яна згаджалася выконваць нават любыя маленькія партыі, толькі б быць у тэатры.

У канцэртах Соф’я Юр’еўна вельмі любіла выконваць рускія народныя песні, як, напрыклад, “Травушка-муравушка”, “Помню, я ещё молодушкой была”.

Дзе б яна ні выступала, заўсёды была бязмежна аддадзенай сваёй справе.

Я ўбачыла Соф’ю Юр’еўну Друкер у апошні дзень яе жыцця. Гэта было 23 красавіка 1984 г. Яна была нечым заклапочаная і не сказала, што толькі што памёр яе верны сябра і муж. У гэты ж дзень, трошкі пазней, не стала і яе самой. Абое яны пахаваны ў адной магіле на Паўночных могілках.

Вера КРОЗ(Фота з фондаў Дзяржаўнага музеягісторыі тэатральнай

і музычнай культуры РБ)