“Праект не скончыцца 9 мая!”

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Літаральна днямі Беларускае тэлеграфнае агенцтва на сваім афіцыйным сайце запусціла унікальны спецпраект пад назвай “Ветэраны. Салдаты Вялікай Перамогі”, прысвечаны святой даце — 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Жывыя сведкі той вайны дзеляцца ў яго рамках сваімі ўспамінамі. Гэты інтэрнет-праект, ініцыяваны і распачаты БелТА, падтрыманы інфармацыйнымі агенцтвамі з васьмі краін СНД: ИТАР-ТАСС (Расійская Федэрацыя), АзерТАдж (Азербайджанская Рэспубліка), Арменпрэс (Рэспубліка Арменія), Казінфарм (Рэспубліка Казахстан), Кабар (Кыргызская Рэспубліка), Малдпрэс (Рэспубліка Малдова), Укрінфарм (Украіна), Ховар (Рэспубліка Таджыкістан). Ён выклікаў непадробны інтарэс і прыцягнуў да сябе пільную ўвагу карыстальнікаў Інтэрнета. Напярэдадні адкрыцця выстаўкі “СМІ ў Беларусі” акурат з гэтай навінкі кантэнту сайта БелТА мы і распачалі нашу размову з генеральным дырэктарам агенцтва Дзмітрыем ЖУКОМ.

 

/i/content/pi/cult/260/3949/6-1.jpg  - Дзмітрый Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра ўзнікненне ідэі інтэрнет-праекта "Ветэраны. Салдаты Вялікай Перамогі".

 - Ідэя яго ўзнікла і была агучана восенню мінулага года на Савеце кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Натуральна, мы не маглі пакінуць па-за ўвагай такую знакавую дату, як 65-годдзе Вялікай Перамогі, але ж не хацелася падыходзіць да гэтай задачы па прынцыпе "лабавога" расповеду пра вайну. Сталі вывучаць матэрыялы, якія прадстаўлены на гэтую тэму ў Інтэрнеце, і аказалася, што насамрэч цікавых праектаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай, не так і шмат. Звярнулі ўвагу на сайты з успамінамі ветэранаў, што былі створаны энтузіястамі, ды, на жаль, не атрымалі свайго развіцця. І мы вырашылі адштурхнуцца ад гэтай ідэі: даць слова жывым сведкам, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш. Вельмі цесна супрацоўнічаем з абласнымі, раённымі выканаўчымі камітэтамі, знаходзім тых, хто браў удзел у баявых дзеяннях і хто можа падзяліцца сваімі ўспамінамі аб той вайне. Наш карэспандэнт Герман Маскаленка разам з аператарам выязджаюць да гэтых людзей, гутараць з імі, робяць відэаматэрыялы. А далей - адбор таго, што можа быць самым цікавым для нашых карыстальнікаў з усіх дзяржаў Садружнасці.

- Гэта - "жывая" частка работы. Але ж у нас ёсць вельмі багатыя архівы ў музеях, якія ўтрымліваюць кінаплёнкі, аўдыёзапісы ўспамінаў ветэранаў. Ці плануеце вы далучыць да праекта і гэтую інфармацыю, перавёўшы яе папярэдне ў лічбавы фармат?

 - Скажу так: асноўная мэта нашага праекта - зафіксаваць вядомае, а таксама напісаць гісторыю, якая яшчэ не напісана. Бо, на жаль, з гадамі тых людзей, якія памятаюць вайну, становіцца ўсё менш. І, каб данесці да нашых дзяцей і ўнукаў эмоцыі, памяць пра тую вайну, Подзвіг нашых людзей, мы ствараем наш рэсурс, так бы мовіць, "з чыстага ліста". А пераводам у лічбавы фармат архіўных матэрыялаў павінны займацца самі архівы. Гэта маё глыбокае перакананне.

- Аб маштабнасці і эксклюзіўнасці праекта сведчыць ужо той факт, што да яго далучыліся інфармагенцтвы шэрагу краін СНД. Наколькі актыўна адбываецца гэтае супрацоўніцтва?

- На жаль, не заўсёды так актыўна, як хацелася б. Усе агенцтвы падтрымалі нашу ініцыятыву і пацвердзілі сваю гатоўнасць далучыцца да праекта "Ветэраны. Салдаты Вялікай Перамогі". Найбольшую зацікаўленасць і практычны, жывы ўдзел праявілі Украіна і Арменія: яны нам дасылаюць і навіны аб тых падзеях, прымеркаваных да 65-годдзя Перамогі, што будуць адбывацца ў іх, і рыхтуюць успаміны ветэранаў. Чакаем, вядома, і матэрыял ад іншых нашых партнёраў. У чым прычыны затрымкі? Магчыма, не хапае рэсурсаў... Я разумею, што інфармацыйнаму агенцтву не проста вылучыць для гэтай працы дадатковыя рэсурсы: для гэтага неабходна адцягнуць частку людзей ад іх бягучай работы. Да таго ж, не ўсе з іх працуюць з відэаматэрыяламі. А нашай мэтай было - прадставіць інфармацыю на ўсіх магчымых носьбітах: тэкст, фота, відэа.

- Наколькі ваш праект адкрыты для прыватнай ініцыятывы? Прыкладам, ці зможа далучыцца які-небудзь рэгіянальны музей або проста малады чалавек, што вырашыць запісаць ваенныя ўспаміны свайго дзеда?

- Гэта цалкам рэальна, і мы думалі пра тое, каб зрабіць праект сацыяльным. Будзем толькі рады далучэнню да нас ініцыятыўных людзей, асабліва - маладых. На сайце ёсць форма зваротнай сувязі, і мы з задавальненнем акажам дапамогу, параім, дадзім кансультацыі па мантажы і іншых тэхнічных пытаннях. Але ж пры гэтым важна не забывацца, што інтэрнет-карыстальнікі - аўдыторыя спецыфічная, са сваім успрыняццем інфармацыі: па статыстыцы, 40% з іх выключаюць відэа ўжо на трэцяй хвіліне. Менавіта таму нашы ролікі доўжацца ад 1,5 да 5 хвілін, і мы свядома не хацелі б ператвараць іх у падабенства тэлеперадач. У нас - свой фармат.

/i/content/pi/cult/260/3949/6-2.jpg- Не сакрэт, што на сённяшні дзень існуе праблема, калі пэўнай катэгорыі інтэрнет-карыстальнікаў даводзіцца тлумачыць, што такое Вялікая Айчынная вайна...

 - Я сказаў бы, гэта не праблема, гэта - бяда. Добра, што ў нашай краіне дзецям не трэба тлумачыць, што такое Вялікая Айчынная. Акурат такімі праектамі, як "Ветэраны. Салдаты Вялікай Перамогі", мы і надалей павінны шанаваць гэтую Памяць і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне. Безумоўна, заўсёды знойдуцца рэвізіяністы, якія пажадаюць "перапісаць" гісторыю. Сёння на Захадзе вельмі папулярная кніга пад назвай "Ленд-ліз як аснова перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне". Ці ж патрэбны каментарыі?

 - Як мне падаецца, ідэалагічная сіла гэтага праекта крыецца менавіта ў тым, што простыя людзі, якім давялося прайсці праз вайну, распавядаюць аб ёй ад свайго імя...

 - Безумоўна, якраз на гэта мы і рабілі стаўку: людзям заўсёды цікава ведаць пра канкрэтнага чалавека. Да 9 мая мы падрыхтавалі выстаўку з нашых архіваў пад назвай "Салдаты Перамогі". Яна пабывала ў Гомелі, Магілёве, цяпер экспануецца ў Віцебску, а вернісаж у Мінску мы прымяркуем да адкрыцця выстаўкі "СМІ ў Беларусі". Яе ідэя ў тым, што на здымках вы ўбачыце толькі партрэты - твары, вочы, эмоцыі - тых людзей, якія прайшлі вайну і перамаглі.

- Значыць, вы паказваеце вайну не толькі праз боль і разбурэнні, а, найперш, - праз сілу людзей, якія змаглі пераадолець гэтую навалу?

- Так, у гэтым мы бачым сваю задачу. Я назіраў за рэакцыяй маладых людзей у Магілёве, Віцебску, якія прыходзілі на адкрыццё нашай выстаўкі: сказаць, што кадры іх эмацыянальна ўразілі, - значыць не сказаць нічога.

- Напярэдадні адкрыцця выстаўкі "СМІ ў Беларусі" хацелася б пачуць ваша меркаванне аб тым, у якім рэчышчы ў перспектыве будуць развівацца сродкі масавай інфармацыі?

- Мне падаецца, будучае СМІ- за шматаблічнасцю форм. Тэхналагічныя навінкі, Інтэрнет адкрываюць масу новых магчымасцей. Не сакрэт, што ўжо сёння электронныя СМІ сталі больш інтэрактыўныя, аператыўныя. Але ж нікуды не падзенуцца і газеты з часопісамі, - проста, новыя формы падачы інфармацыі будуць задавальняць іншыя запатрабаванні спажыўцоў. Ды толькі, нягледзячы на тэхналогіі, журналістыка ва ўсе часы была цікавая чым? Пазіцыяй і пунктам гледжання аўтара! Пра гэта нельга забывацца пры любых тэхналогіях.

- На нядаўняй выстаўцы "ТІВО-2010" сайты і парталы, створаныя БелТА, заваявалі чатыры ўзнагароды: у намінацыі "Інфармацыйныя рэсурсы" лепшым названы сайт "Народнай газеты", у намінацыі "Іншамоўны сайт" - партал Belarus.by, другое месца ў намінацыі "Адукацыя і навука" - у сайта Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а таксама Агенцтва атрымала спецыяльны прыз журы - за распрацоўку, тэхнічнае і інфармацыйнае суправаджэнне, прасоўванне і аптымізацыю інтэрнет-сайтаў. Чым абумоўлены такі поспех?

 - Гэта - плён калектыўнай працы, дзе спецыялісты ў сваіх галінах працуюць цесным колам аднадумцаў: адны ствараюць інфармацыйную канцэпцыю, другія праграмуюць, трэція малююць... Толькі дзякуючы такому падыходу можна дасягнуць пэўных вынікаў. Хачу больш падрабязна спыніцца на праекце партала нашай краіны- Belarus.by. Ён атрымаўся вельмі цікавы і за паўгода існавання стаў надзвычай запатрабаваным. Пацвярджэннем таму тое, што ў Google па шкале даверу ён атрымаў восьмы ранг (PR8) з дзесяці магчымых! У нас у краіне яшчэ толькі тры сайты маюць такі паказчык: сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Партал Belarus.by вельмі тэхналагічны і разлічаны, перш за ўсё, на англамоўную аўдыторыю. Часам нас крытыкуюць за тое, што, маўляў, на сайце няма таго ці іншага, але мы адказваем: Belarus.by.- гэта не энцыклапедыя, а пуцевадзіцель, "акно" ў нашу краіну. А далей - кожны можа рушыць туды, дзе яго штосьці зацікавіць.

 - З нашай размовы я магу зрабіць выснову, што і "Ветэраны. Салдаты Вялікай Перамогі", і Belarus.by - гэта "кропкавая" работа: вы не спрабуеце вырашаць усеабдымныя задачы, а рэалізуеце канкрэтныя праекты, адрасуючы іх пэўнай аўдыторыі.

- Наша глабальная і асноўная задача, як і ў любога агенцтва,-інфармаваць нашых грамадзян аб тым, што адбываецца ў краіне. І яе мы вырашаем: штодзённа на нашай стужцы выходзіць 140-150 інфармацыйных паведамленняў, 15- 20 фотарэпартажаў, а з мінулага года гэтая стужка, у дадатак да беларускай, рускай і англійскай моў, існуе на нямецкай і іспанскай. А такія праекты, як "Ветэраны. Салдаты Вялікай Перамогі",-наша даніна Памяці продкам, унёсак Агенцтва, які мы ажыццявілі па поклічы душы і па ўласнай ініцыятыве, без прыцягнення дзяржаўнага фінансавання. Магу сказаць, што вельмі проста было б алічбаваць кнігі пра Вялікую Айчынную і выкласці іх у Інтэрнеце - чытайце! Але наколькі гэта эфектыўна?

 - Ды кнігі гэтыя можна пачытаць і ў бібліятэцы...

 - Менавіта! Акурат таму наша задача - давесці людзей да бібліятэкі, скіраваць іх, фарміруючы пэўныя пункты, пазіцыі, на якія чалавек зможа абапірацца, разважаючы пра Вялікую Айчынную вайну. Па шчырасці, я шкадую цяпер толькі аб адным: што не змог у сваім жыцці рэалізаваць падобны праект, пакуль яшчэ былі жывыя мае дзяды, якія прайшлі вайну. І я хачу, каб тыя ветэраны, каго мы заспелі і заспеем, яшчэ жылі як мага даўжэй. Дзякуючы ім будзе існаваць і наш праект. Магу запэўніць, што ён не скончыцца 9 мая!