Хто здзівіць Віцебск?

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Беларусь на конкурсах сёлетняга Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” будуць прадстаўляць саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вяршэнка, выхаванка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна Злата Ларчанка і вучаніца сярэдняй школы № 201 г. Мінска Ганна Зайцава.

 

На ўдзел у "дарослым" конкурсе было даслана 17 заявак, у дзіцячым - 27. Экспертная камісія адабрала ў кожнай групе па 9 чалавек, якія і выступілі перад прадстаўнічым журы 27 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады. Кожны з прэтэндэнтаў, як гэта будзе і ў Віцебску, спяваў па дзве песні. "Дарослае" журы ўзначаліў народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, "дзіцячае" - народны артыст краіны, кампазітар Васіль Раінчык. Сярод членаў журы конкурсаў былі Вячаслаў Шарапаў, Вольга Вронская, Алег Елісеенкаў, Уладзімір Глушакоў, Іна Афанасьева, Сяргей Сухамлін ды іншыя. - Праца журы была вельмі плённай,- сказаў народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі, які ўдзельнічаў у абодвух складах "судзейскай камісіі". - Журы прыняло амаль аднадушнае рашэнне. Дзяніс Вяршэнка скарыў, найперш, арыгінальным тэмбрам свайго голасу. Але мы прапанавалі яму падумаць над рэпертуарам і змяніць песні. А вось Злата Ларчанка, якая займаецца ў Святланы Стацэнка, паказала цалкам зробленыя нумары: гэта было сапраўднае шоу.

Нагадаем, што да "Славянскага базару ў Віцебску" засталося крыху больш за два месяцы: ён пройдзе 9- 15 ліпеня. Тым часам сфарміравана праграма Міжнароднага фестывалю мастацтваў. На пляцоўцы Летняга амфітэатра адбудуцца канцэрты адкрыцця і закрыцця, Дні Беларусі, Расіі і Украіны, Дзень Масквы, канцэрт майстроў мастацтваў Саюзнай дзяржавы, "дарослы" і дзіцячы конкурсы, сольныя канцэрты эстрадных зорак. Тры маладзёжныя канцэрты форуму пройдуць на віцебскай Плошчы Перамогі. У хуткім часе арганізатары абяцаюць агучыць імёны ўдзельнікаў фестывалю, а таксама членаў журы спеўных конкурсаў.