Сенсацыйны “Сонечны Май”

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

27 красавіка народны мастак Беларусі, прафесар, загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Май Данцыг адзначыў 80-гадовы юбілей. “Сонечны Май” — так назвалі творчую сустрэчу з жывапісцам у сценах Акадэміі.

 

/i/content/pi/cult/260/3946/3-1.jpgВіншаванне мастаку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі агучыў пад час вечарыны міністр культуры краіны Павел Латушка. У прыватнасці, у віншаванні гаворыцца: "Вашы работы - сапраўдны мастацкі летапіс Айчыны. Яны захапляюць сваім гуманістычным зместам, адданасцю высокім мастацкім ідэалам і выдатным майстэрствам". Вялікай павагі, паводле слоў Прэзідэнта, заслугоўвае нястомная педагагічная дзейнасць мастака, дзякуючы якой Беларусь можа ганарыцца ўласнай жывапіснай школай. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што актыўная жыццёвая пазіцыя Мая Данцыга як мастака і грамадзяніна будзе і ў далейшым садзейнічаць развіццю лепшых рэалістычных традыцый у беларускай культуры. Павіншавалі майстра ў тэлеграмах творчы калектыў Расійскай акадэміі мастацтваў і асабіста яе прэзідэнт Зураб Цэрэтэлі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў, супрацоўнікі Музея рускага мастацтва ў Мінеапалісе.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, кіраўнік Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч і намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца распавялі пра ўнёсак творцы ў жывапіс краіны, яго своеасаблівы талент. А калегі Мая Данцыга проста спаборнічалі ў незвычайнасці віншаванняў! Творца ж усміхаўся ўсім аднолькава прыязна са свайго крэсла-трона. І шчыра прымаў цёплыя словы. "Май яшчэ не наступіў, але ён, сонечны, сакавіта-зялёны, хутка будзе", - запэўнівае мастак. У аптымізме, упэўненасці і апантаным працалюбстве - характар творцы і чалавека Мая Данцыга. І літаральна кожны, хто ўзыходзіў у той дзень на сцэну Акадэміі мастацтваў, адзначаў не толькі яго мастацкі талент, але і талент быць Асобай. Імпульсіўны, эмацыянальны, прагматычны, інтэлігентны і рашучы, прынцыповы і ўважлівы да кожнага, добразычлівы і адкрыты, заўсёды гатовы дапамагчы калегам і студэнтам, суперпрадуктыўны стваральнік непаўторнага стылю.... Якасці гэтага універсальнага чалавека можна пералічваць бясконца, але больш пра яго распавядуць справы, што сведчаць пра пазітыўную энергетыку майстра. Між іншым, курс, які выпускае ён у гэтым годзе, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва Акадэміі Яўген Шунейка назваў сенсацыйным.

 Пяцікласнікі звычайнай на першы погляд мінскай гімназіі № 25 бяруць у рукі алоўкі і пэндзлі, а пасля робяць персанальныя выстаўкі: так іх натхняюць сустрэчы з майстрам. Таксама маленькая сенсацыя, ці не так? Май Данцыг з задавальненнем запрашае школьнікаў у сваю майстэрню, дзе яны ўпершыню знаёмяцца з жывапісам. Дарэчы, самыя бурныя апладысменты пад час віншаванняў мастака ў сцэнах Акадэміі выклікаў фрагмент з сачынення адной дзяўчынкі, якая дзякавала яму за ўважлівасць да дзяцей і творчасць.

Фота Юрыя ІВАНОВА