Тэхналогіі камунікацый

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Упершыню ў межах Міжнароднай выстаўкі “СМІ ў Беларусі” адбудзецца спецыялізаваны салон “Кантэнт і тэлекамунікацыі”. Пра гэта паведаміла першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч на прэс-канферэнцыі напярэдадні чатырнаццатага па ліку маштабнага форуму.

/i/content/pi/cult/260/3944/2-4.jpgПа яе словах, у межах салона будзе прадстаўлена кабельнае, спадарожнікавае і нават мабільнае тэлебачанне, найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі. Усяго ж у выстаўцы, апрача нашай дзяржавы, прымуць удзел прадстаўнікі 10 краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Індыі, Ірана, Латвіі, Літвы, Польшчы, а гэта 600 - разнастайных сродкаў масавай інфармацыі. Міжнародны форум, які пройдзе 4 -7 мая, будзе прысвечаны юбілею Вялікай Перамогі. Не выпадкова ў сувязі са святкаваннем гэтай урачыстай даты ўпершыню Ганаровымі гасцямі выстаўкі стануць менавіта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія прымуць непасрэдны ўдзел як у адкрыцці форуму, так і ў прэзентацыях многіх СМІ.
 Як адзначыла Лілія Ананіч, адметнасцю сёлетняй выстаўкі стануць таксама і семінары-практыкумы, майстар-класы, "круглыя сталы", што пасадзейнічаюць прафесійнаму развіццю СМІ, у тым ліку рэгіянальных. На яе думку, важным стане і абмен вопытам з замежнымі калегамі, якія ахвотна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах форуму. Таксама свае лепшыя выданні прадставіць беларуская дыяспара, што ў чарговы раз сведчыць пра яе зацікаўленасць у супрацоўніцтве, інфармацыйнай сувязі з Радзімай. Бясспрэчна, адбудзецца і агляд дасягненняў мінулага года. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь падвядзе вынікі VІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Ліцера" ў 22 намінацыях. Усяго на ўдзел у спаборніцтве паступіла 250 заявак.