Пераняць вопыт

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Пратакол аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі культуры Сірыйскай Арабскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь на 2010 — 2012 гг. быў падпісаны 28 красавіка па выніках візіту міністра культуры Сірыі Рыяда Наасана Ага ў нашу краіну. Адбылася падзея ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

 

/i/content/pi/cult/260/3942/2-2.jpgРыяд Наасан Ага за некалькі дзён да гэтай падзеі на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выказаў спадзяванне, што культурная праграма, якую падрыхтавалі яго землякі для беларусаў, пакінула самыя прыемныя ўражанні. "Два гады таму ў сірыйскай сталіцы Дамаску ў межах Дзён культуры Беларусі адбыліся выступленні балета вашай рэспублікі са спектаклем "Шчаўкунок", - адзначыў ён. - Сірыйскія гледачы былі вельмі ўражаны выступленнем калектыву тэатра, і хочацца, каб нашы артысты, мастакі ды іх творы таксама парадавалі беларусаў. Сёння Прэм'ерміністр Сірыі перадае запрашэнне наведаць нашу краіну Прэм'ер-міністру Беларусі Сяргею Сідорскаму. Хацелася б наладзіць больш цеснае двухбаковае супрацоўніцтва з вашай дзяржавай". Пратакол аб супрацоўніцтве стаў дакументам, у якім прадугледжана развіццё сумеснай працы па шэрагу важных накірункаў у сферы культуры. Актывізуюцца кантакты паміж Нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Сірыі, вядучымі музеямі. Будзе наладжана супрацоўніцтва ў галіне кінамастацтва. Па словах міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, усталююцца трывалыя адносіны паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў сферы культуры дзвюх краін. "Мы зацікаўлены, каб сірыйскія студэнты вучыліся ў нас.

/i/content/pi/cult/260/3942/2-3.jpgНа сёння іх - 250, шэраг атрымлівае адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, - зазначыў міністр. - Адбудуцца стажыроўкі спецыялістаў у галіне музейнай сферы: нашым супрацоўнікам будзе карысна наведаць Сірыю і пераняць вопыт, звязаны з рэстаўрацыяй помнікаў, захаваннем нематэрыяльнай спадчыны". Стасункі паміж Сірыяй і Беларуссю стануць традыцыйнымі, і пройдзе яшчэ шэраг цікавых сумесных праектаў, запэўнілі міністры. На мінулым тыдні жыхары беларускай сталіцы маглі назіраць адзін з крокаў гэтага супрацоўніцтва: дэманстраваліся пяць фільмаў сірыйскіх вытворцаў, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і жывапісу. У Белдзяржфілармоніі адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Міністр культуры Сірыі наведаў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж. Таксама ў межах Дзён культуры Сірыі ў Беларусі адбыўся канцэрт ансамбля "Шэюх-Салацін-Аль-Тараб". Публіка, што сабралася ў Канцэртнай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі, горача вітала гасцей. Сярод гледачоў былі і суайчыннікі артыстаў, гатовыя спяваць і танчыць разам з выступоўцамі.

 

 Фота Юрыя ІВАНОВА і Пятра ОВАДА