Чаму сумна ў Ясенцу?

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Я спецыяльна прыехаў у вёску Ясенец (зараз у Баранавіцкім раёне), каб далучыцца да памяці пра Іахіма Ігнацыя Юзафа Літавора-Храптовіча. Калісьці тут быў маёнтак, дзе ён нарадзіўся. У гісторыю нашай краіны Іахім Храптовіч увайшоў найперш як культурны дзеяч, асветнік, Але ён быў таксама ўплывовай дзяржаўнай асобай, перадавым гаспадаром і навукоўцам. Таму абысці ўвагай вытокі з’яўлення на свет гэтага, несумненна, яркага і неардынарнага чалавека было б з майго боку недаравальна.

 /i/content/pi/cult/118/394/YAsenec.jpg

Вось толькі адзін факт з багатага на падзеі і здзяйсненні жыцця І.Храптовіча: ён перавёў на чынш сваіх сялян, і ў выніку гэтага новаўвядзення яго асабістыя даходы ўзраслі амаль у тры разы. Але разам з тым шматкроць палепшыўся і дабрабыт яго падданых. Добрая пагалоска пра Храптовіча распаўсюдзілася настолькі шырока, што да яго ўцякалі прыгонныя ажно з Расіі. Для свайго падначаленага люду ён (як клапатлівы бацька) будаваў школы, багадзельні, аптэкі, наймаў урачоў. Вішнеўскі металургічны завод — гэта таксама яго прадпрымальніцкая ініцыятыва.
Але ў памяці ўдзячных людзей гэты руплівы дзеяч застаўся пераважна як стваральнік выдатнага Шчорсаўскага палацава-паркавага ансамбля, а ў ім — славутай на ўсю Еўропу Бібліятэкі Храптовічаў.
Я прыехаў у Ясенец у светлы, сонечны дзень, каб атрымаць тую жыццёвую энергетыку, якую некалі дала гэтая зямля Іахіму Храптовічу. На палетках ішла звычайная сялянская праца. Перад маімі вачыма паўсталі рэшткі некалі заможнага шляхецкага гнязда.
Яшчэ каля 15 гадоў таму гэты палац даваў прытулак апошняй насельніцы. Калі яе пахавалі, старадаўні сядзібны дом таксама пачаў паміраць.
Дзіўна, што гэты палац абмінулі ўвагай выданні “Архітэктура Беларусі”, “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, “Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць” як на беларускай, так і на рускай мовах. Як сцвярджае польскі даследчык Раман Афтаназі ў кнізе Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczy Pospolitej (том 2: Вроцлаў — Варшава — Кракаў, 1992 г.), у гэтым старадаўнім мураваным палацы і нарадзіўся Іахім Храптовіч, а яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя тут жыў брат знакамітай Марылі Верашчакі Міхал, якому прысвяцілі свае славутыя творы Ян Чачот і Адам Міцкевіч: першы— паэму “Калдычэўскі шчупак”, другі — баладу “Свіцязь”.
Каля разбуранага палаца захаваліся рэшткі пейзажнага парку. хаў я адсюль сумны, хаця й не шукаў вінаватых у заняпадзе некалі квітнеючай мясціны. Мабыць, вінаваты бяспамяцтва саміх насельнікаў Ясенца, абыякавасць мясцовага сельсавета ды Баранавіцкага аддзела культуры. Бо гэта не адзіны факт: гіне палац у Стайках, у пасляваенны час быў разбураны палацава-паркавы ансамбль у Бурдукоўшчыне, праслаўлены Напалеонам Ордам; у юбілейны год Адама Міцкевіча была знішчана карчма ў Выгадзе, дзе, па сведчанні сучаснікаў, ён нарадзіўся; засыпаны знакаміты магільны склеп Юрагаў-Радзівілаў-Завадскіх у Крашыне (пра гэта ўжо пісала “К”); у вялацякучым стане — рэстаўрацыя мураванага палаца ў Паланечцы, у якім, мабыць, прыпыняўся і абедаў Дзяніс Фанвізін. Бачыў я і страшэнную карціну: абпаленыя дрэвы-волаты ў Туганавічах…

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы — Ясенец — Баранавічы
Фота з архіва аўтара