“Хутчэй бы туды, на Бацькаўшчыну!”

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта БССР Петруся Броўкі. Хацелася б прыгадаць перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў жыцці пісьменніка. Вядома, што ў першыя ж дні ліхалецця ён добраахвотна ўступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. У 1941 —1942 гг. працаваў інструктарам-літаратарам у газеце “За Савецкую Беларусь” на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў у партызанскім друку. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваюцца лісты, паштовыя карткі, тэлеграмы Петруся Броўкі да народнага паэта. Тыя, што напісаны ў ваенны час, перапоўнены словамі шчымлівай тугі і жаданнем хутчэй вярнуцца ў Беларусь: “Жадаю ад сэрца бадзёра пражыць да радаснай сустрэчы ў роднай хаце”; “Хутчэй бы туды, на Бацькаўшчыну!”; “Не можа быць, каб у гэтае лета мы не збіралі грыбоў у Беразянцы…” “Культура” прадстаўляе на сваіх палосах невядомыя старонкі перапіскі класікаў беларускага слова з фондаў Коласаўскага музея.

 

/i/content/pi/cult/259/3937/23-1.jpgЗасяродзім увагу на дзвюх паштовых картках і лісце. Адна з іх датавана "30.IX.1941", з адрасам "Палявая пошта № 127, рэдакцыя газеты "За Савецкую Беларусь". На адваротным баку паштоўкі - тэкст:

 "Любы наш дзядзька Якуб! Шлю Вам, Марыі Дзмітрыеўне, Даніку і Міхасю прывітанне ад усіх хлапцоў, якія кожны дзень у густым сасновым бары ўспамінаюць Вас. Просім мы, каб Вы былі сталым супрацоўнікам нашай роднай газеты "За Савецкую Беларусь". Прысылайце нам усё, што можаце. Нашы сябры, якія дзень і ноч змагаюцца з ворагам на радзіме, прачытаюць і не раз успомняць Вас добрым словам. Ведаючы Вашу акуратнасць, мы спадзяёмся, што хутка атрымаем ад Вас усё, што можна. Напішыце і прозай зварот да беларускіх партызанаў. Вось і ўсё. Шлём Вам у сонечны Ташкент з асенняга бору самыя найлепшыя пажаданні, а больш за ўсё - радасна сустрэцца на роднай зямлі. Пятрусь" 3.ХІІ . 1941 г. Якуб Колас піша адказ з Ташкента, дзе знаходзіцца ў эвакуацыі: "Няхай пачуем усе мы разам радасныя навіны з усіх нашых франтоў. Якое гэта будзе шчасце, калі дажыву я да тых радасных дзён, што прывядуць мяне на родныя гоні беларускай зямлі!"

/i/content/pi/cult/259/3937/23-2.jpgДругая паштоўка напісана Броўкам у Ташкент 26.XII.1941 г.:

 "Дарагі дзядзька Якуб! Перад ад'ездам пішу вам гэтую паштовачку. Хутка напішу падрабязнае пісьмо з новым адрасам. Сумная навіна: памёр Змітрок Бядуля ва Уральску ад разрыву сэрца. Бядняга не дачакаўся звароту да хаты. Толькі ўчора знайшоўся Пеця Глебка. Ён працуе ў гор. Саратаве ў рэдакцыі газеты "Чырвонаармеец". Думаю, што яго выклікаюць да нас, і мы будзем разам. Па прапанове т.Панамарэнкі Вы ўведзены ў склад нашай рэдкалегіі. Друкуем вашы вершы. Хутка вам вышлем нумары. Прывітанне Марыі Дзмітрыеўне, Даніку і Міхаську. Жадаю Вам здароўя і шчасця ў 1942 годзе і нашай сустрэчы ў роднай Беларусі. Пятрусь"

/i/content/pi/cult/259/3937/23-4.jpg У 1942 годзе Броўка дасылае Коласу ліст, які датаваны "4.ІХ.1942 г. Алма-Ата". Там, па вул. Кардонная, 80а16 жывуць яго жонка Алена і сын Юрка. Пісьменнік некаторы час знаходзіцца ў сталіцы Казахстана, каб уладкаваць сямейныя справы.

 "Дарагі дзядзька Якуб! Выпала так, што толькі цяпер пасылаю я Вам ліст. Многа было на тое прычын, а галоўная тая, што, прыехаўшы ў Алма-Ату, пад напорам розных гаспадарчых непаладак неяк абязволеў, размяк. Цэлы месяц хадзіў я па розных справах з установы да ўстановы і прыходзіў дахаты зусім разбіты. Праслухоўваў зводку і кідаўся спаць. Таго-сяго для сваіх хатніх я дамогся: Лёлю прыладзіў на работу ў Каз. выдавецтва, а Юрку паслаў у дзіцячы сад. Гэта многа ўладзіць у маіх сямейных справах. Доўга поўзаў, пакуль набыў за 300 рублёў электрычную плітку, бо не было на чым прыгатаваць нават чай. З яшчэ большымі цяжкасцямі купіў 1/2 тоны саксаулу за 1200 рублёў. Вось усім гэтым я і лічу, што свой абавязак перад сям'ёй у А-Ата выканаў. Міхал мне адтэрмінаваў час выезду да 7 верасня, так што я толькі праз два дні выязджаю адсюль. Вельмі хацелася б мне заехаць да Вас, але калі палічыў я свой вольны час, дык яго засталося мала, а яшчэ менш грошай на паездку, бо бульба тут таксама, як і ў Ташкенце, занадта дарагая. Выбачайце, што я не стрымаў свайго слова, але я шчыра кажу, што ехаць у Ташкент мне ніяк не выйдзе. Затрымаўся я з лістом яшчэ і таму, што чакаў ад'езду ў Ташкент Клумава, бо праз яго хацеў перадаць Вам пісьмо. Сёння-заўтра ён выязджае. У Алма-Ата ў мяне ніякіх асаблівых навін. Адпачыць я - не адпачыў, а яшчэ больш замардаваўся. Спякота тут не такая, як у Ташкенце, намнога лягчэй, але ўсё роўна клімат не па мне. Гудзіць галава, ломіць косці, апухла нага і цяпер яшчэ не прайшла.

/i/content/pi/cult/259/3937/23-5.jpgУ Саюзе пісьменнікаў адносіны, відаць, аднолькавыя, як і ў Вас у Ташкенце. Мяне здзіўляюць гэтыя чэрствыя, абыякавыя людзі. І ўсё больш ўспамінаюцца нашы хлапцы. А зводка ўсё благая і благая. Чакаў я чакаў другога фронту, і ноччу ўсхопліваўся, бег да радыё, і зняверыўся. Калі ж гэта нарэшце нашы саюзнічкі надумаюць па-сапраўднаму біць Гітлера? Пара ўжо! Але чамусьці ў мяне цвёрдая надзея, што ўсё скончыцца добра... Са светлай надзеяй збіраюся і ў Маскву. Добра было б, каб спаткаліся мы там неўзабаве і ў больш вясёлы час! А сапраўды, дзядзька Якуб! Падрыхтуйце зборнічак, напішыце повесць, ды прыязджайце да нас. Пажывём там разам які месяц. Дарога цяпер не такая ўжо цяжкая. Калі Крупеня не быў у Вас і яшчэ нічога не зроблена з пайком, я пагавару там аб гэтым. Пагавару і аб в/зборніках. Думаю, што ўсё наладзіцца. Страшна баліць сэрца, як успомню пра сваю маці. Чамусьці яна стала мне сніцца з ночы ў ноч. А як прыгадаю родныя мясціны, проста не знаходжу сабе месца. Я ўжо даходжу часамі да містыкі. Вось вазьму ды сабе загадаю: калі вялічка-камень (ёсць у нас такі на краі дарогі ля сяла) ляжыць на мейсцы, значыць, і я вярнуся дахаты. Да чаго толькі не дадумаешся! Дарагі мой дзядзька Якуб!

 Будзем верыць, што яшчэ доўга паходзім па роднай зямлі. Вельмі ж цяжка без яе. Што вам яшчэ напісаць? Ну, хіба пра алма-ацінскія цэны. Мука пшанічная 35 - 45 руб.кгр., масла 300 - 350 р. кгр, яйкі 50 - 60 руб., памідоры 7 - 8 руб., часнок 60 руб. кгр., мяса 80 - 100 руб.кгр., малако 15 р.лтр. За ўвесь месяц я напісаў 1 главу паэмкі і 2 песні для кіно. Вось і ўся мая работа. Думаю нагнаць у Маскве. А там відаць будзе! Шчырае прывітанне ад мяне Лёлі і Юрку, Марыі Дзмітрыеўне, Даніку і Міхаську. Жадаю Вам усім здароўя і лепшых зводак. Ваш Пятрусь Броўка". Сваё жаданне ўбачыць Бацькаўшчыну вольнай ад фашысцкай навалы Броўка ўвасобіў у вершы-прысвячэнні "Якубу Коласу", напісаным у Маскве ў 1942 годзе: І - ты чуеш, пясняр? - Стрэнуць волю палеткі, Зноўку буйна вакол Загамоняць палі. Пройдуць нашы дажджы Ці вясною ці ўлетку І варожую кроў Змыюць з твару зямлі.

Таццяна МАКАРАНКА,

старшы навуковы супрацоўнік навуковафондавага аддзела Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа