Рэканструкцыя… крывічанкі

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Сёння “К” друкуе яшчэ адну частку аповеду пра жанчын на старабеларускіх землях. Якімі былі крывічанкі? Чым вылучаліся сярод жыхарак іншых славянскіх земляў? Якую ролю выконвалі ў грамадскім жыцці?..

 

/i/content/pi/cult/259/3935/22-1.jpgМіндалепадобныя вочы і...

Даныя археалогіі, мініяцюры летапісаў, фрэскі некаторых храмаў ХІІІ ст. даюць матэрыял для рэканструкцыі твару тагачасных жанчын. Найперш адзначым, што карэнным насельніцтвам да прыходу славян на тэрыторыю Беларусі было балцкае. Першыя, безумоўна, славенскія паселішчы ў Беларусі фіксуюцца археолагамі ўжо ў V- VI стст. н.э. У Х- ХІ стст. На Беларусі ўзнікаюць гарады, дзе пераважная большасць насельніцтва- усходнія славяне. Таму для аблічча тагачасных гараджан былі характэрны наступныя рысы: вузкі нос, высокае пераноссе, прафіляваны твар, трошкі пашыраныя скулы, высокі шырокі лоб, вялікія вочы - часам міндалепадобнай формы, - паўкруглыя бровы. Дзве апошнія рысы - відавочны ўплыў Візантыі, з якой, як вядома, хто-ніхто з прадстаўнікоў княжацкай дынастыі радніўся. Дарэчы, генафонд якраз-такі княжацкіх родаў Беларусі захоўваў і некаторыя рысы знешнасці варагаў - вікінгаў, прадстаўнікі якіх валадарылі, да прыкладу, у Полацку (князь Рагвалод).

/i/content/pi/cult/259/3935/22-2.jpg"Пататная" прасліца

 Як бы сціпла ні выглядалі даныя пісьмовых крыніц, але і яны даюць некаторыя звесткі пра прававое становішча жанчыны ў Х- ХІІІ стст. Так, жанчыны вышэйшых саслоўяў мелі пэўную свабоду ў выбары мужа. Полацкая князёўна Рагнеда, напрыклад, магла выбіраць сярод двух прэтэндэнтаў на месца будучага мужа: "Он же (Рагвалод. - Л.К. ) рече дщери своей: "Хочеши ли за Володимера?" Она же рече: "Не хочу розути робичица (Як вядома, князь Уладзімір быў сынам простай жанчыны. - Л.К.), но Яраполка хочу", - сказана ў "Аповесці мінулых часоў". Жаночыя правы на сямейную маёмасць адлюстроўваліся праз такія катэгорыі ўласнасці, як пасаг. У перыяд існавання сям'і ў адносінах да пасагу муж і жонка ўяўлялі адзіную юрыдычную асобу і знаходзіліся ў саўладанні. Пасля смерці мужа гэты пасаг захоўваўся за ўдавою. Усе жанчыны ў Х- ХІІІ стст. у юрыдычных адносінах фармальна знаходзіліся пад аховай феадальнага заканадаўства. Але на практыцы толькі прадстаўніцы вышэйшых слаёў грамадства мелі амаль роўныя з мужчынамі правы. У свой час існавала памылковае меркаванне, што адукаванасць у Х- ХІІІ стст. была ўласціва толькі князям. Але грамату ведалі і простыя гараджанкі. Мы не сцвярджаем, што ўсе яны мелі аднолькава добрую адукацыю, але тое, што яны валодалі навыкамі элементарнага пісьма, - безумоўна. Доказам гэтаму - знаходкі шыферных прасліц- гузікаў для кручэння верацяна, на якіх выразаны надпісы: "бабино", "Настасино", "МарнNо". На прасліцы з Гродна выразаны цэлы сказ: "Госпадзі, дапамажы рабе сваёй і не дай загінуць у дзень судны". Даволі цікавы, можна сказаць, патаемны па змесце подпіс маецца на прасліцы з Полацка: "Пататнае", які азначае "скрадзеная". Што да жанчын княжацкага роду, то, згодна са сваім становішчам, яны павінны былі мець высокую для свайго часу адукацыю. Веды гэтыя чэрпалі з духоўных і свецкіх кніг. Сведкамі наяўнасці іх у нашых гарадах служаць знаходкі маленькіх спражак, якія спецыяльна прызначаліся для зашпільвання фаліянтаў. Дапамогу ў засваенні тагачасных навук аказвалі адукаваныя асобы духоўнага звання. Так, Еўфрасіння Полацкая была навучана "...кніжнаму пісанню, чытанню, пісьму, лічэнню, грэчаскай і лацінскай мовам".

"Полацкі матрыярхат"

Адукацыя княгіням і князёўнам была неабходна не толькі для таго, каб весці гаспадарчыя справы на сваіх землях, але і каб выконваць адміністратыўныя функцыі ў княстве, калі у гэтым была неабходнасць. Так, у 1129 г., калі вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч, паланіўшы полацкіх князёў, саслаў іх у Візантыю, і Полацкае княства засталося без кіраўніцтва, на палітычную арэну ўступілі княгіні, узяўшы на даволі доўгі час вярхоўную ўладу ў свае рукі. Гэты час у гісторыі Полацкай зямлі атрымаў нават назву "Полацкі матрыярхат". Пры раскопках Полацка і Кукенойса - Полацкай калоніі ў Латгаліі - былі знойдзены тры асабістыя княжацкія жаночыя пячаткі. У адсутнасць сваіх мужчын княгіні афармлялі афіцыйныя дакументы, да якіх і прымацоўваліся асабістыя пячаткі. Верагодна, што гэтай справай займалася княгіня Соф'я, затым - яе дачка Прадслава, якая нават і ў пострыгу не адышла ад свецкіх спраў.

/i/content/pi/cult/259/3935/22-3.jpgГрадыслава ды Любава

 Пісьмовыя крыніцы ды, у пэўнай ступені, даныя археалогіі даюць некаторыя звесткі пра жаночыя імёны таго часу. І калі ў пісьмовых крыніцах сустракаюцца выключна княжацкія імёны, дык на выяўленых раскопкамі прасліцах - імёны простых гараджанак: Мар'я, Настасся, Прадслава (Еўфрасіння), Градыслава (Еўдакія), Марыя, Вольга, Кір'яна, Параскева, Любава... Пісьмовыя крыніцы ХІІ- ХІІІ стст. і літаратурныя помнікі больш позняга часу прыводзяць звесткі пра ўзроставыя катэгорыі тагачасных жанчын і іх заняткі. У часы Старажытнай Русі існавалі чатыры асноўныя ўзроставыя катэгорыі жанчын. Слова "баба" не мела ў Старажытнай Русі таго адцення, якое сёння часам надаюць яму ў побытава-размоўнай гаворцы. Яно ў літаратурнай мове Старажытнай Русі абазначала вопытную ў хатніх справах жанчыну, якая даглядае малых дзяцей. І, да гонару нашых продкаў, у Старажытнай Русі не ўжывалася слова "старая". Словам "дзева", "дзявіца" абазначалі жанчыну, якая ўжо здольная выгадаваць нашчадка. Словам "дзеўка" называлі ўзроставую катэгорыю, відаць, падлеткавую. І апошняе з гэтай градацыі- "дзяўчына", "дзяўчынка" - дзіця гадоў да 7- 10.

"Не пралля - не жонка"

 Дарослая катэгорыя жанчын займалася прадзеннем. Цікава, што гэтым заняткам не грэбавалі нават прадстаўнікі тагачаснай эліты: на адной з прасліц, знойдзеных у Друцку, ёсць надпіс: "Княжын". Гэтая ж узроставая катэгорыя жанчын займалася шыццём і вышываннем адзежы членаў сваёй сям'і. Старыя жанчыны толькі пралі і ткалі, шылі на продаж. Шыццё для членаў свайго роду ім было забаронена. З маленства дзяўчаты навучаліся розным відам рукадзелля, у тым ліку прадзенню, бо інакш нельга было выйсці замуж. Існавала прымаўка: "Не пралля - не жонка". Таму гадоў ужо з 5- 7 іх прывучалі да прадзення. Да 10 - 12 гадоў яны плялі, у асноўным, шарсцяныя паясы да свайго вяселля. Такіх паясоў, каб абдарыць усю радню, суседзяў і знаёмых, павінна было быць каля сотні. Дзяўчаты больш старэйшага ўзросту вышывалі ручнікі, кашулі, хусткі, паясы. Пры гэтым, відаць, спасцігаліся традыцыі аздобы, характэрныя для свайго роду, што акрамя дэкаратыўнай функцыі несла, безумоўна, і сакральную.

Паводле даных з курганоў

Вялікі ўплыў на працягласць веку аказвалі агульны ўзровень жыцця, сацыяльнае становішча, род заняткаў, стан здароўя. У цэлым прыроднае наваколле ў Х- ХІІІ стст. было спрыяльнае, калі не лічыць перыядычных неўраджаяў. Але аднастайнасць ежы, яе незбалансаванасць у асяроддзі простага люду былі прычынамі некаторых захворванняў. Так, у адным з курганоў ХІІ ст., раскапаных у мінскім мікрараёне "Сухарава", было выяўлена пахаванне дзяўчыны 17 - 20 гадоў з яўнымі прыкметамі парадантоза. Была вядомая і такая хвароба, як дэфармуючы артроз. А ў адным з курганоў ХІІ ст., раскапаным каля вёскі Васіленкі Слуцкага раёна, выяўлена пахаванне маладой жанчыны і немаўляці. Апошняе захавалася да нашых дзён фрагментарна. Па падліках спецыялістаў, у Х- ХІІІ стст. фізіялагічны ўзрост жанчыны ў гадах, па даных раскопак сельскіх могільнікаў, выглядаў наступным чынам. Ва ўзросце 16 - 25 гадоў пражылі свой век 44%. Ва ўзросце 25 - 35 гадоў пражыло 30%. Ва ўзросце ад 35 да 45 пражыло 12%. Звыш 45 гадоў пражыло 14%. Сярод гараджанак 16 - 25 гадоў пражыло 35,2%. Ва ўзросце 25 - 35 гадоў - 46,2%. Узрост 35 - 45 гадоў падзялілі 10,5 гарадскіх жанчын, і больш за 45 гадоў пражыло 8,1% гараджанак. Як бачна з абедзвюх выбарак, сярэдні ўзрост жанчын таго часу рэдка перавышаў 45 гадоў...

 Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг