Попыт —велізарны, а прапаноў мала

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Насельніцтва Краснапольскага раёна пасля красавіка 1986-га зменшылася ледзь не напалову і склала 11 тысяч чалавек. Па вядомых прычынах “скасаваць” давялося шэраг сацыякультурных аб’ектаў, у тым ліку 16 клубаў, 18 бібліятэк… Але насельнікі рэгіёна не любяць згадваць часіны пакутлівага вагання: адсяліцца на новае месца жыхарства або застацца на Бацькаўшчыне. Тыя, хто засталіся, зрабілі многае для таго, каб раён жыў і працаваў у нармальным стваральным рытме. У дзень майго прыезду Краснапольшчына “прымала” абласны семінар па развіцці жывёлагадоўлі. “Прывязка” Краснаполля да мерапрыемства — больш чым яскравы доказ, што раён даўно і арганізавана перайшоў ад стадыі “выжываць” на ўзровень “жыць”. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік знайшоў час, каб дэталёва агледзець не толькі фермы і палеткі, але і Маладзёжны цэнтр “Міраж”, якім сёлета папоўнілася сетка ўстаноў культуры Краснапольшчыны. Агледзеў і застаўся задаволены: яшчэ некалькі гадоў таму гэты будынак колішняй крамы “Дзіцячы свет” пазіраў на адну з цэнтральных вуліц гарпасёлка выбітымі шыбамі занядбанасці. “К” была тут апошнім разам у 2008-м. А сёлета старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Вятошкін заўважыў мне: “Калі б газета ваша ў нас часцей бывала, дык мо і станоўчых змен у культуры Краснапольшчыны было б больш”. У гэтых словах кіраўніка — і павага да выдання, і цвярозае ўсведамленне таго, што беспраблемнай сферу мясцовай культуры ніяк не назавеш: леташні план па аказанні платных паслуг не выкананы, кадраў хранічна не хапае, будынак Цэнтральнай бібліятэкі знаходзіцца ледзь не ў аварыйным стане, а краязнаўчы музей даўно патрабуе рамонту і якаснага абнаўлення экспазіцыі. У абмеркаванні праблемных пытанняў і шляхоў іх перспектыўнага вырашэння прынялі ўдзел намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Тамара КАВАЛЕНКА і начальнік мясцовага аддзела культуры Алена РАМАНЕНКА. Варта дадаць, што абедзве — ураджэнкі раёна. Першая за доўгія гады райвыканкамаўскай дзейнасці пачувае сябе ў “кантэксце” рэгіянальнага сацыякультбыту, нібы рыба ў вадзе. Другая адпрацавала на названай пасадзе год, але канкрэтнымі справамі паспела заслужыць “права голасу”.

 

/i/content/pi/cult/259/3934/21-1.jpgЯўген РАГІН: - Тамара Фёдараўна, дазвольце пачаць нашу гаворку з не вельмі прыемнага пытання: па выніках мінулага года аддзел культуры Краснапольшчыны заняў у Магілёўскай вобласці далёка не першае месца. Чаму так адбылося?

Тамара КАВАЛЕНКА: - Таму што Алена Раманенка працуе толькі год. Таленавітая, здольная, але ў гэтую "ролю" трэба ўжыцца.

 Яўген РАГІН: - Як ужываецеся, Алена Міхайлаўна?

Алена РАМАНЕНКА: - Усё і проста, і, адначасова, складана. Ёсць падтрымка кіраўніцтва, ёсць паразуменне з калектывам. Няма пакуль моцнай каманды: праблемы з адукацыйным узроўнем кіраўнікоў структурных падраздзяленняў.

Тамара КАВАЛЕНКА: - Так. Самае вузкае наша месца - кадры. Хоць і не задавальняе нас чалавек па дзелавых якасцях, але замяніць яго проста няма кім.

Яўген РАГІН: - Са здзіўленнем даведаўся, што ў мясцовай метадычнай службе - толькі два метадысты. Гэта значыць, дзейсную кадравую вучобу на раённым узроўні наладзіць немагчыма...

Алена РАМАНЕНКА: - Не шкадуем грошай з уласнага пазабюджэту, каб кампенсаваць камандзіровачныя выдаткі нашым работнікам, якія перыядычна выязджаюць на вучобу ў Магілёў.

Яўген РАГІН: - Урэшце, і гэта паўмеры. Без абнаўлення кадравай "крыві"- якая гаворка пра стварэнне каманды? Але ніякім чынам не хачу сцвярджаць, што аддзел культуры Краснапольшчыны працуе безвынікова... Мяне яшчэ ў 2008-м уразіла тое, што раён, нягледзячы на фінансавую датуемасць, здолеў (не без падтрымкі вобласці) капітальна адрамантаваць РЦК. Пайшло на гэта, калі не памыляюся, каля 700 мільёнаў рублёў. Сёлета ў гарпасёлку - чарговы культурны "прарыў": адкрыццё Маладзёжнага цэнтра...

Алена РАМАНЕНКА: - А вы ведаеце, адкуль ягоная назва - "Міраж" - пайшла? Старшыня райвыканкама Аляксандр Вятошкін прыдумаў і настаяў, каб яна ўвайшла ва ўжытак: маўляў, ідэя стварэння Цэнтра доўга заставалася недасягальным "міражом", але ўсеагульнымі намаганнямі мара здзейснілася, і "Міраж", насуперак скептычным сумненням, набыў канкрэтныя абрысы. Вось такі сімвал, а дакладней - канцэпцыя паступовага, але мэтанакіраванага развіцця нашай матэрыяльнай базы.

/i/content/pi/cult/259/3934/21-2.jpgТамара КАВАЛЕНКА: - На ператварэнне крамы ў Маладзёжны цэнтр выкарыстаны 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў з абласнога інавацыйнага фонду. Натуральна, не забыліся і на вёску: на давядзенне да ладу ўстаноў культуры ў аграгарадку мінулага года "Пачапы" пайшло 400 мільёнаў, у аграгарадку "Халмы", што здаваўся летась, - амаль 70 мільёнаў...

Яўген РАГІН: - Мы праехалі, дарэчы, па некалькіх аграгарадках. Грошы, укладзеныя ў рамонт СДК і сельскіх бібліятэк, здавалася б, не надта вялікія, але выгляд ва ўстаноў - досыць прыстойны... Я і пасля першага прыезду да вас пісаў, што пэўныя СДК на Краснапольшчыне пераўтвораны са... сталовак былых сельгаспрадпрыемстваў. Давайце дэталізуем "схему" такой фінансавай мінімалізацыі.

Тамара КАВАЛЕНКА: - "Схема" нескладаная. Пераўтварэнне колісь закінутага, невялікага будынка не патрабуе прыцягнення будаўнічых падрадчыкаў. З усімі рамонтнымі работамі спраўляецца гаспадарчая група нашага аддзела культуры. Апошнім прыкладам таму - Сельскі дом культуры ў аграгарадку "Халмы". Набылі амаль за 60 мільёнаў рублёў будаўнічыя матэрыялы, правялі капітальны рамонт у сціслыя тэрміны, захаваўшы унікальны драўляны інтэр'ер былой сталоўкі. Дзевяць мільёнаў рублёў пайшло на набыццё мэблі. Паслугамі прыватнай будаўнічай фірмы скарысталіся толькі для таго, каб усталяваць аконныя шклопакеты. Натуральна, такая мінімалізацыя пры капітальным рамонце СДК- не ад нашай добрай фінансавай заможнасці. Эканоміць цяпер даводзіцца літаральна на ўсім, але навучыліся гэта рабіць з даволі неблагім вынікам на выхадзе. Словам, сёння ў невялічкім будынку СДК аграгарадка "Халмы" з поўнай аддачай дзейнічаюць тры даволі прыстойныя залы: глядзельная, танцавальная і кінавідэадэманстрацыйная.

Алена РАМАНЕНКА: - Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, пабачыўшы ў "Халмах" плён нашых намаганняў, застаўся задаволены дзейнасцю нашай гаспадарчай групы.

Яўген РАГІН: - Пагаджаюся, эканоміць грошы вы навучыліся, а вось зарабляць пакуль не вельмі жадаеце...

 Тамара КАВАЛЕНКА: - Вы думаеце, я аддзел культуры за гэта па галоўцы гладжу? З 12 раёнаў нашай групы мы аказаліся на 11 месцы па выніках леташняга абласнога спаборніцтва - рэч, натуральна, ганебная!

Яўген РАГІН: - Вельмі здзівіўся, што з планам пазабюджэтнай дзейнасці не справіліся такія буйныя ўстановы гарпасёлка, як Цэнтр культуры і Дзіцячая школа мастацтваў...

Алена РАМАНЕНКА: - Проста, школа райцэнтра цягам мінулага года выязджала за межы Краснапольшчыны на планавае аздараўленне. Вось і змінусавалі з-за гэтага.

Тамара КАВАЛЕНКА: - Ну, тое, натуральна, не апраўданне нашай нераспарадчасці. Трэба вучыцца зарабляць грошы. І тут самы вялікі спадзеў у мяне - на Маладзёжны цэнтр з самым шырокім наборам платных паслуг.

Алена РАМАНЕНКА: - За першы квартал 2010-га Цэнтр зарабіў ужо 17 мільёнаў рублёў.

 Тамара КАВАЛЕНКА: - План у гэтым годзе нашы ўстановы культуры выканаюць!

Алена РАМАНЕНКА: - На неблагія паказчыкі за кошт больш эфектыўнай платнай канцэртнай дзейнасці выйшаў ужо РЦК, гэты ж пазабюджэтны рэзерв пачала сёння выкарыстоўваць і Дзіцячая школа мастацтваў. Словам, справа з мёртвай кропкі зрушылася.

Тамара КАВАЛЕНКА: - На штотыднёвых райвыканкамаўскіх планёрках аналізуем ход гэтай работы. І ў мяне вельмі жорсткія патрабаванні да ўсіх структур раённай культуры. Начальнік аддзела, лічу, за год разабралася ва ўсіх тонкасцях справы, значыць, і працаваць павінна з двайной аддачай. Будзе плён ад пазабюджэтнай дзейнасці - з'явяцца, скажам, і камп'ютэры ў нашых СДК, і дадатковыя свяцільнікі над більярднымі сталамі ў Маладзёжным цэнтры, і музычная апаратура, якой цяпер хранічна не стае ў СДК аграгарадка "Холмы"... Іншых крыніц фінансавання для нашай культуры пакуль проста няма.

Яўген РАГІН: - Тамара Фёдараўна, цікава, што вас непрыемна ўразіла пры апошнім аб'ездзе сельскіх устаноў культуры?

Тамара КАВАЛЕНКА: - Да прыкладу, малая колькасць моладзі на адной з вясковых дыскатэк. Тут выснова- адзіная: мерапрыемства - нецікавае, не прываблівае людзей, не жадаюць яны плаціць грошы за "пшык". Усё тая ж кадравая праблема...

Алена РАМАНЕНКА: - З гэтай нагоды не магу не сказаць вось пра што. Так, іншым разам правальнасць мерапрыемстваў наўпрост залежыць ад прафесійнасці клубнага ці бібліятэчнага работніка, але і да рэкламы сваёй дзейнасці мы яшчэ, на жаль, не прызвычаіліся ні ў вёсцы, ні ў гарадскім пасёлку. Вялікія прэтэнзіі ў мяне да нашага метадычнага аддзела, які не заўжды выкарыстоўвае для рэкламы культасветных мерапрыемстваў мясцовы друк і раённае радыё.

Яўген РАГІН: - Мяне вось што непакоіць. Старшыня райвыканкама Аляксандр Вятошкін рэалізаваў "Міраж" не толькі як нестандартную структуру культуры Краснапольшчыны, але і як своеасаблівую творчую лабараторыю па апрабацыі крэатыўных форм працы. Ці здольныя вы сёння на гэта пры недахопе прафесіяналаў-крэатыўшчыкаў, пры збяднелай на кадры метадычнай службе? Малады дырэктар Цэнтра Ганна Хаціменка пераканала мяне, што на ўсіх 243 квадратных метрах карыснай плошчы ўстановы наладжана работа: і дыскатэкі праводзяцца, і відэасеансы, і зала камп'ютэрных паслуг працуе, і тэніс з більярдам запатрабаваны. Але ўсё гэта, пагадзіцеся, даволі стандартны набор платных паслуг... Дык ці задасць "Міраж" метадычны тон для сельскіх устаноў культуры, ці здзівіць нечаканасцямі патэнцыйных спажыўцоў?

Тамара КАВАЛЕНКА: - А гэта наша найпершая задача на сёння. Форма ўжо ёсць, трэба працаваць над зместам. І так, каб Цэнтр быў запатрабаваны не толькі моладдзю, але і дзецьмі, людзьмі сярэдняга і сталага веку.

 Алена РАМАНЕНКА: - Тым больш, што ў верасні на базе нашага Маладзёжнага цэнтра мяркуецца правесці выязное пасяджэнне Савета Рэспублікі: адсочвацца будуць і сельскагаспадарчыя напрацоўкі, і культасветная работа з моладдзю...

Яўген РАГІН: - Пра гэта і кажу. Чым здзіўляць збіраецеся?

Тамара КАВАЛЕНКА: - Учора, пад час абласнога семінара па развіцці жывёлагадоўлі, губернатар Магілёўшчыны Пётр Міхайлавіч Руднік упершыню наведаў наш Цэнтр. Я паказала яму на другім паверсе месца, адведзенае пад боўлінг (там цяпер тэнісныя сталы расстаўлены), нагадала, што планаў на яго ўладкаванне не губляем. Пётр Міхайлавіч, уражаны Цэнтрам, абяцаў падтрымку з набыццём і ўстаноўкай боўлінга да 1 верасня.

 Алена РАМАНЕНКА: - Цэнтр наш - першая камерцыйная ўстанова ў раёне. І я ўяўляю ягонага кіраўніка чалавекам з прадпрымальніцка-крэатыўнай жылкай і прагай няспыннага творчага пошуку. Знайсці такога - праблема.

Тамара КАВАЛЕНКА: - Няма там пакуль і харэографа...

 Яўген РАГІН: - Пагутарыў з моладдзю гарпасёлка: юнакоў і дзяўчат цалкам задавальняюць тыя паслугі, якія аказвае Цэнтр. І я цудоўна разумею гэтае стаўленне: яшчэ чатыры месяцы таму такой раскошы ў моладзі проста не было. Але ж кажам мы зараз пра перспектыву, пра няспынны рух наперад...

Тамара КАВАЛЕНКА: - Паспелі стварыць у Цэнтры вакальна-інструментальны ансамбль. Дыскатэкі праходзяць іншым разам пад "жывы гук". Цяпер ажыццяўляем праект сямейнага адпачынку: маладыя таты і мамы будуць бавіць час, скажам, у відэазале, на танцавальным вечары, а іх дзеці будуць знаходзіцца пад наглядам спецыяліста ў асобным пакоі, прыстасаваным для гульняў і ўсебаковага эстэтычнага выхавання.

 Алена РАМАНЕНКА: - Справа, безумоўна, знойдзецца і для дзядуль з бабулямі... Яшчэ раз паўтаруся: нам патрэбны харэограф, каб мы зранку займаліся ў Цэнтры з таленавітымі дзецьмі з дзіцячых садкоў, пасля абеду - са школьнікамі, увечары - з моладдзю. Попыт на такія паслугі - велізарны, прапаноў - пакуль аніякіх.

Яўген РАГІН: - Пра што б ні казалі, але вяртаемся заўжды да кадравага дэфіцыту. У чым бачыце выйсце?

 Тамара КАВАЛЕНКА: - У тым, каб займець спецыяліста з адпаведнай адукацыяй, які падрыхтаваў бы сабе замену з нашых мясцовых талентаў. Сёння ідзе размеркаванне такіх спецыялістаў па раёнах, і абласное ўпраўленне культуры абяцала нам тут самую дзейсную падтрымку.

 Яўген РАГІН: - А чым вы таго спецыяліста прывабіць у раён зможаце?

 Тамара КАВАЛЕНКА: - Пакуль толькі - месцам у інтэрнаце, у бліжэйшай перспектыве (калі спецыяліст апраўдае наш спадзеў) - службовым жыллём. Але не забывайце, што ў пералік спецыялістаў, якія маюць першачарговую патрэбу ў кватэры, работнікі культуры, на жаль, пакуль не ўваходзяць. І тут на сітуацыю раён ніяк не можа паўплываць. Цяпер у нас узводзіцца дом на 20 кватэр, і малады спецыяліст з сям'ёй можа без перашкод уступіць у жыллёвабудаўнічы кааператыў. Іншага варыянту пакуль няма...

Яўген РАГІН: - Жыхары гарпасёлка скардзяцца, што Цэнтральная бібліятэка ў райцэнтры месціцца ледзь не ў аварыйным будынку паўвекавога ўзросту, які прыналежыць райспажыўсаюзу. Дый краязнаўчы музей, кажуць, састарэў і па знешнім выглядзе, і па складзе экспазіцыі... Якія тут задумы на перспектыву?

 Тамара КАВАЛЕНКА: - У Праграме развіцця культуры вобласці было вызначана, што на капітальны рамонт нашага музея трэба выкарыстаць з раённага бюджэту 500 мільёнаў рублёў. На жаль, планы гэтыя "скарэкціраваў" фінансавы крызіс. Але налета - 25-я ўгодкі чарнобыльскай катастрофы. І мы да гэтай даты пастараемся зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі...

 Алена РАМАНЕНКА: - Не ўсё так проста і з бібліятэкай. Арандуем памяшканне пад яе ў камунальнай службы, плацім за арэнду другога паверха немалыя грошы. Кніжны фонд - 50 тысяч асобнікаў - вялізны, нагрузка на драўляныя перакрыцці - таксама значная. Натуральна, месцазнаходжанне гэтай установы культуры нас ніяк не можа задаволіць.

 Тамара КАВАЛЕНКА: - Наша прапанова была і застаецца адзінай: узвесці новы будынак пад бібліятэку або зрабіць для яе прыбудову да Цэнтра культуры. Дарэчы, гэтая прыбудова і была закладзена ў колішнім плане рэканструкцыі былога РДК. Не хапіла для ажыццяўлення мэты грошай. Вядома, сёння бібліятэка - гэта інфармацыйны цэнтр. Мы імкнёмся зрабіць яе і ідэалагічным цэнтрам. Хацелася б, каб будаўніцтва гэтага аб'екта было закладзена ў абласную інвестыцыйную праграму. Будзем звяртацца з гэтай просьбай у Магілёўскі аблвыканкам.

Алена РАМАНЕНКА: - Калі ўжо казаць пра заўтрашні дзень нашай культуры, дык не абмінуць і таго, што гарадскому пасёлку неабходна і салонкрама па рэалізацыі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва...

 Тамара КАВАЛЕНКА: - І губернатар цікавіўся, якія ў нас народныя промыслы на Краснаполлі існуюць. Майстры - ёсць, і работы ў іх - адметныя, але трэба іх аб'яднаць, сістэматызаваць дзейнасць, накіраваць на канкрэтны вынік. І гэта яшчэ адзін нявыкарыстаны рэзерв, Алена Міхайлаўна, па пашырэнні пазабюджэтнай дзейнасці аддзела культуры.

 Яўген РАГІН: - Самы час згадаць пра народныя самадзейныя калектывы. Я пісаў калісьці пра гурты "Шчадрэц", "Горскія харашухі", пра хор ветэранаў і ваш, самы старэйшы ў рэспубліцы, аматарскі тэатр. Але чатыры народныя калектывы - ці не замала для раёна, хоць і насельніцтва ў ім крыху больш за 11 тысяч?

Тамара КАВАЛЕНКА: - Цудоўна разумею, што колькасць народных і ўзорных ансамбляў - адзін з пераканаўчых паказчыкаў якаснай працы аддзела культуры. На гэта і скіроўваю штодзённую творчую дзейнасць Алены Міхайлаўны.

Алена РАМАНЕНКА: - Безумоўна, будзем выпраўляць сітуацыю. Рыхтуем цяпер да прысваення звання "народны" ансамбль эстрадна-фальклорнай песні РЦК "Субацея".

Тамара КАВАЛЕНКА: - І ў аграгарадку "Пачапы" з'явіўся даволі неблагі самадзейны калектыў . Так што народных ансамбляў у нас цягам часу паболее.

 Алена РАМАНЕНКА: - Збіраемся неўзабаве надаць статус нематэрыяльнай каштоўнасці песеннаму рэпертуару народнага аўтэнтычнага гурта "Горскія харашухі" з аграгарадка "Горы".

 Яўген РАГІН: - А вось гэта ўжо сапраўды якасны паказчык работы аддзела... Тамара Фёдараўна, вы часцяком наведваеце іншыя раёны вобласці, пастаянна знаёміцеся, як ведаю, з працай іншых аддзелаў культуры. Ці ўсё ўражвае са станоўчага боку?

 Тамара КАВАЛЕНКА: - Засмучае абыякавасць работнікаў культуры, няўменне паказаць творчае аблічча свайго рэгіёна, адсутнасць жадання змяніць сітуацыю ў лепшы бок і ўмення эканоміць дзяржаўны рубель...

 Яўген РАГІН: - А якую кіраўнічую тактыку прапанавалі б начальніку аддзела культуры на другім годзе працы?

 Тамара КАВАЛЕНКА: - Ставіць перад падначаленымі рэальныя задачы і кантраляваць іх безумоўнае выкананне. Тады і каманда з'явіцца, і нашы задумкі стануць канкрэтнай явай.

Мінск- Краснапольскі раён- Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"