Галоўная паэтычная метафара, якая праходіць праз усю стужку, - Рака Часу, што цячэ праз усю гісторыю Полацка, у ціхіх, але моцных водах якой праплываюць адлюстраванні былой велічы некалі аднаго з самых знакамітых гарадоў Еўропы. Сціслыя ўмовы вытворчасці, мінімум здымак у самім Полацку не перашкодзілі аўтарам стужкі ў іх імкненні зрабіць свой невялічкі аповед максімальна насычаным. Паводле задумы рэжысёра, цячэнне Заходняй Дзвіны праз сучасны райцэнтр проціпастаўляецца гучным падзеям велічнага мінулага Полацка і палачан.
За некалькі хвілін глядач паспявае пабачыць баявыя дружыны Усяслава Чарадзея, якія збіраюцца на бой з ворагамі, выбухі гармат пад час асады Полацка войскамі Івана Жахлівага, бляск кірас вершнікаў арміі Напалеона. Аўтары карыстаюцца кадрамі з мастацкіх стужак, што ўмела сінхранізаваны з эпізодамі велічнай полацкай Ракі Часу. Апошнія хвіліны стужкі - паказ сучасных помнікаў знакамітым палачанам: Францыску Скарыну, Еўфрасінні Полацкай... Цікава, аднак сам Віктар Аслюк вельмі сціпла ацэньвае сваю работу, лічыць яе пэўнай трэніроўкай паміж больш сур'ёзнымі стужкамі. Аднак трэба заўважыць, што ў фільмаграфіі беларускага дакументаліста "Полацк" зойме пачэснае месца.