Сорагаўскія святыні

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Зараз вёска Сорагі, што ляжыць на мяжы Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, даволі вялікая і мае статус цэнтра сельсавета. Тут знаходзіцца таксама Міхайлаўская царква, адчыненая ў сярэдзіне 1990-ых гадоў. У ваколіцах Сорагаў ёсць дзве некалі шырокавядомыя, святыні, да якіх хадзілі тысячы паломнікаў — гэта Святая Гара, або Мір-Гара, і камень-следавік.

 /i/content/pi/cult/118/393/Kamenj.jpg
Мір-Гара знаходзіцца за кіламетр на поўнач ад вёс
кі, у лесе, справа ад дарогі ў пасёлак Новы Рабак. Здалёк гара амаль не вылучаецца, але з усіх бакоў на яе вяршыню вядуць сцежкі. Яшчэ на памяці старажылаў тут стаяла драўляная Пакроўская царква, пабудаваная ў XVII ст. Соф’яй Слуцкай (Радзівілавай), беларускай праваслаўнай святой, апошняй з княжацкага роду Алелькавічаў.
(Некалі труна з астанкамі Соф’і знаходзілася ў царкве Слуцкага Трайчанскага манастыра і шанавалася як цудатворная. Зараз яе мошчы зберагаюцца ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.)Паводле падання, на сасне, якая расла на вяршыні гары, аб’явіўся цудатворны абраз, і таму менавіта тут была ўзведзена царква. “Опросные листы 1924 г. по Бобруйскому уезду”, што знаходзяцца ў Архіве Інстытута гісторыі НАН Беларусі, сведчаць, што на Пакроў (14 кастрычніка) сюды збіраліся людзі з усяго наваколля на пакланенне “Божаму пяньку”, які застаўся ад святой сасны. На пянёк складалі ахвяраванні: масла, сыр, мёд, палатно. У гэты дзень вакол царквы на схілах гары праходзіў вялікі кірмаш. Кірмашовая традыцыя працягвалася яшчэ да 1950-ых гадоў і перарасла ў свята “Дажынкі”. У гэты дзень тут узнагароджвалі калгасных пераможцаў.
У 1920-ых гадах слуцкія краязнаўцы запісалі паданне пра гару. Гаварылася, што два князі не маглі ўжыцца па-суседску. Не раз іх дружыны хадзілі адна на адну, і на схілах гары лілася кроў. Аднойчы на вяршыні гары князі сустрэліся без зброі і заключылі мір. Адсюль і назва — Мір-Гара. Паданне апублікаваў у першым зборніку Слуцкага таварыства краязнаўства ў 1930 г. П.Ажэўскі. Сёння ў вёсцы і навакольных пасёлках можна пачуць, што нібыта на гары некалі сустрэліся рускія, шведы і палякі. У гэты момант аб’явілася Божая Маці. Яны пакідалі зброю і заключылі мір.У 1995 г. на гары на месцы былой царквы, якую ў 1930-ыя гады перанесліў вёску і зрабілі ў ёй клуб, быў пастаўлены крыж. Людзі прыходзяць сюды і часам кладуць кветкі. Пачынаючы з 1990-ых гадоў і да нядаўняга часу на гары на Пакроў праходзілі малебны.
Другая сорагаўская святыня — гэта камень-следавік. Ён ляжыць сярод поля паблізу дарогі паміж вёскамі Валошава і Сорагі. Людзі называюць гэты камень “Божы Слядок” або “Святы камень”. Ён мае вышыню паўметра і дыяметр каля паўтара метра. На ім — тры невялікія паглыбленні. У народзе лічылася, што гэта сляды чалавека, сабакі і ката. Побач пастаўлены два металічныя крыжы. На камені заўсёды можна ўбачыць кветкі, грошы, цукеркі. Яшчэ не так даўно на Макавей (14 жніўня) з царквы ў Сорагах ішлі да каменя хрэсным ходам. Калісьці да следавіка хадзілі і на іншыя святы і неслі хлеб, грошы, гародніну, садавіну. Каля каменя станавіліся на калені і маліліся, прасілі паслаць здароўя, міру і дабрабыту.

Людміла ДУЧЫЦ,
кандыдат гістарычных навук