Вячаслаў Рускевіч - мінскі мастак, які ўжо больш за трыццаць гадоў працуе ў жанры партрэта. Ён - выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча (1967 г.) і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1976 г.). Яго лепшыя работы знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Гродзенскага музея гісторыі і рэлігіі, Нацыянальнага мастацкага музея краіны. На выстаўцы прадстаўлены серыі партрэтаў, а таксама некалькі пейзажаў, якія ў той ці іншай ступені адлюстроўваюць цесную сувязь бацькоў і дзяцей, продкаў і нашчадкаў, змену часоў і пакаленняў. Гэта не толькі тыя людзі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у гераічных і трагічных падзеях гісторыі нашай краіны, але і маладое пакаленне, што выказвае глыбокую павагу, даніну пашаны і падзякі героям нашага часу, чые ахвяры і памкненні не засталіся забытымі ў бурных перапляценнях чалавечых лёсаў.
Сярод іх - бацькі Вячаслава Канстанцінавіча, якія прайшлі цяжкія выпрабаванні фронту, народны мастак Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Шчамялёў, вядомыя і невядомыя героі, а таксама нашы сучаснікі. Жыццё пасля вайны - гэта яшчэ і навакольная рэчаіснасць, што пра яе нагадвае. Кожнае месца, увасобленае мастаком на яго палатне - ці то помнік архітэктуры, ці то сучасны манумент, ці то вясковая хата са старэнькай печкай, - месца гістарычнае і па-свойму важнае і сімвалічнае. Гісторыя ж пішацца чалавекам, аднаўляецца ў яго справах, і гэтая нітка не можа абарвацца, згубіцца ў памяці часоў.
Марыя МІХАЙЛАВА,
супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва