Мікалая Максімавіча часцяком называюць рамантыкам далёкіх падарожжаў. І гэта так. На выстаўцы ён прадставіў свае візуальныя ўражанні ад творчых паездак па краінах Еўропы і па ўсім СССР, а таксама па Гімалаях, Непале, Маўрытаніі. Менавіта там, за мяжой, з'явіліся задумы бліскучых серый "Па Чэхаславакіі", "Па Амуры", "Байкал", "Арменія", "Маўрытанія", "Славакія", "Гімалаі", пасля - непальскія замалёўкі... А што ж Беларусь? Яна ва ўсе часы заставалася галоўнай крыніцай творчага шчасця і натхнення мастака. Дарэчы, я ўпершыню пабачыў Рыжыкава як творцу ў яго графіцы пачатку 1970-х гадоў: "Жнівеньскі дождж", "Дзень нараджэння", потым з'явіўся яго цудоўны цыкл афортаў "Беларусы на БАМе". Дык вось, тая краіна Беларусь, якая стала другой радзімай для луганскага хлопчыка, заўсёды ў ягоным сэрцы... І гэтае шчырае сэрца ён раскрыў на выстаўцы ў акварэльных карцінах, прысвечаных маляўнічым "ваколіцам" нашай радзімы, помнікам дойлідства ў Гальшанах і Міры, старым сядзібам і вёсцы Маньковічы, Лепельшчыне і Міншчыне.
Самае характэрнае ў творчасці Рыжыкава - унікальная наглядальнасць і здольнасць з усёй палітры ўбачанага навокал і побач знайсці самае істотнае, грунтоўнае, уменне ў простых, на першы погляд, "сюжэтах" паказаць не толькі ўласна цудоўнасць матыву, але і свае мастакоўскія адносіны да "аб'екта" адлюстравання. Яго акварэльная серыя "Ваколіца" (а гэта сучасны вобраз жывапіснай Беларусі) асабіста для мяне з'яўляецца найбольш цэласнай і ўражальнай не толькі па майстэрстве валодання пэндзлем, але - галоўнае- па эстэтычнай напоўненасці таго духоўнага асяроддзя, якое называецца Радзімай.