Далібог, станеце крышку дабрэйшыя!

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Гэтыя двое даўно вядомыя беларускаму гледачу: Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва. Унікальны тандэм не толькі мастакоўскі, але і… сардэчны, сямейны. Вось ужо шмат гадоў яны выстаўляюцца сумесна, і, як правіла, іхняе мастацтва заўсёды прыцягвае ўвагу грамадскасці сваёй арыгінальнасцю, самабытнасцю і цеплынёй чалавечых пачуццяў.

 

/i/content/pi/cult/259/3926/12-4.jpgВось і гэтым разам яны прадставілі дзівосна добрую, іранічную экспазіцыю на тэму "народнага жыцця", якую можна доўга разглядаць. Углядаючыся ў іх карціны, міжволі ўзгадваю вобразы Ніка Пірасмані, Наталлю Ганчарову з Міхаілам Ларыёнавым, "бубнова-валетцаў" з іх інтанацыямі ў сферы гарадскога народнага выяўленчага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, якое ўвабрала ўсю стракатасць, народнасць святочнага фальклорнага колазвароту і якое ішло ад лубка і прымітыву. Таго прымітыву, які з'яўляецца асновай гарадской нізавой творчай стыхіі. Але і Ігар, і Людміла апелююць зусім не да настальгічных і нават не столькі да эстэтычных, колькі да эмацыянальнажыццёвых перажыванняў, заклікаючы не да "любавання", а як бы да непасрэднага "ўзнаўлення" тых вобразаў і аксесуараў, якія мы штодзённа з цеплынёй і гумарам назіраем у жыцці горада, яго "інтэр'ераў" і наваколля урбаністычнай цывілізацыі. Што ёсць іх мастацтва? Беларускі неапрымітыў? Стыхійная падзейнасць?

/i/content/pi/cult/259/3926/12-5.jpgДумаю, яны- нашчадкі захаваных у народнай творчасці іскраў "карнавальнага" светаадчування, і далёкія як ад аднабаковай сур'ёзнасці, так і ад аднабаковага гумару. Любая з трактовак не абсалютная. У іхнім мастацтве пануе пачуццё раскаванай, нічым не рэгламентаванай свабоды персанажаў горада і вёскі, якія жывуць у апрыёры зніжаным прадметным асяроддзі. І ў гэты прывольны і рухаючы "жанравы" лад мастакі ўключаюць і чалавечыя фігуры, і жывёлін, і птушак, і дрэвы, і кветкі, і дамы, дзе заўсёды віруе жыццё. Канешне, Ігар і Людміла ў чымсьці розныя па стылістыцы і па вобразнапластычным строі, але іх аб'ядноўвае галоўнае: любоўна-іранічнае ўспрыманне жыцця, якое ўключае нейкія адценні хітраватай шаржыроўкі. Калі вы паглядзіце карціны Ігара Рымашэўскага "Асноўны інстынкт", "Лета - гэта маленькае жыццё", "За сяброўства!", "Будзьце шчаслівыя!", "Змена экспазіцыі", "Давайце жыць дружна" або палотны Людмілы Шчамялёвай "Бульба", "Сакрэт маладосці", "Модная штучка",

 "Малы бізнес", "Выратуйце Ваську!", "Птушыны кірмаш" і шмат іншых твораў, у вас з'явіцца не толькі добрая ўсмешка, але і неадольнае жаданне бліжэй пазнаёміцца з мастакамі ў іхняй майстэрні... Святло, якое зыходзіць ад іх работ, мяккае і прыцягальнае; нам не трэба ўставаць на дыбачкі, не трэба намагацца знайсці ў іхніх "карцінах" разумную "філасофію жыцця" або шматзначныя канцэпты... Словам, не трэба прыгладжваць ускалмачаныя валасы, перш чым увайсці ў выставачную залу Палаца мастацтва. Проста ўвайдзіце і паглядзіце экспазіцыю. Далібог, станеце крышачку дабрэйшыя!

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"