Інтэрактыў у суквецці сусвету

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Сярэдзіна красавіка — традыцыйны час правядзення Навуковых чытанняў памяці вядучага этнамузыколага Беларусі Лідзіі Мухарынскай. Сёлета Чытанні, 19-я па ліку, набылі не толькі навуковы, але і шырокі асветніцкі, канцэртны размах, бо ўпершыню спалучыліся з Міжнародным фестывалем этнамузычных культур, сабраўшы прадстаўніцтва 10-ці краін: Арменіі, Індыі, Ірана, Кітая, Латвіі, Расіі, Украіны, Японіі і, вядома, Беларусі, прадстаўленай не толькі сталіцай, але і рэгіёнамі.

 

/i/content/pi/cult/259/3923/11-3.jpgАрганізатарамі гэтага шыкоўнага свята, што адбылося 14 - 20 красавіка, выступілі Міністэрства культуры нашай краіны і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Такога яшчэ ніколі не было! Амаль сотня навуковых дакладаў, улічваючы стэндавыя; прэзентацыі кніг, кампакт-дыскаў; відэапрагляды сучасных оперных спектакляў; выстаўкі народных інструментаў і ўрокі ігры на іх, шырокі паказ аўтэнтычных спеваў, танцаў, інструментальнай музыкі розных краін і кантынентаў. А ўсё разам- "Музычная культура Беларусі ў суквецці нацыянальных культур". Вольны ўваход на ўсе мерапрыемствы спрыяў "інтэрактыву": сапраўды, дзе яшчэ ў нас можна, да прыкладу, не толькі паглядзець на класічныя японскія інструменты, але і дакрануцца да іх? І нават паспрабаваць самому на іх пайграць! Пры такіх "роднасных", "сваяцкіх" стасунках геаграфічна блізкіх і аддаленых культур яшчэ больш відавочнымі станавіліся як агульныя прынцыпы ўзнікнення і развіцця традыцыйнага музычнага інструментарыя, так і нацыянальныя асаблівасці кожнага яго віду.

У спасціжэнні "душы народа", якраз і выяўленай праз інструменты, вельмі дапамагалі такія, здавалася б, супрацьлеглыя рэчы, як відэапрагляд матэрыялаў сумеснай экспедыцыі беларускіх і латвійскіх этнамузыколагаў у Міёрскі раён, што на Віцебшчыне, сумесны канцэрт латышскага і беларускага фальклору - і назіранне за японскай чайнай цырымоніяй. Яна нясе ў сабе не толькі глыбокі філасофскі аспект, але і сваю "музыку цішыні". Невыпадкова адзін з дзён быў цалкам прысвечаны дакладам, што тычыліся самой прыроды і філасофіі гуку, распрацаваных ва ўсходніх культурах. А багатае музычнае "суправаджэнне" навуковых паведамленняў, дапоўненае канцэртамі, дало магчымасць канчаткова ўцяміць, што не толькі самі творы з іх інтанацыйнасцю, рытмікай, разгортам у часе, але і ўласна музычны гук і яго якасці ў кожнага народа маюць свае адметнасці і яркую нацыянальную прыналежнасць.

У прыватнасці, пад час Чытанняў стала больш зразумелай розніца паміж такімі паняццямі, як беларускі гук - і рускі, латышскі, персідскі, японскі, індыйскі, кітайскі... Сёння такія падыходы даследаванняў дапамагаюць нам адчуць сябе не толькі ў геаграфічным цэнтры Еўропы, але і ў кантэксце сусветнай культуры. Канчаткова падвёў вынікі фінальны "круглы стол", дзе выказваліся не толькі словы ўдзячнасці, але і шматлікія прапановы. Ледзь не ў адзін голас удзельнікі і госці адзначалі шматаспектнасць форуму як адну з яго галоўных адметнасцей, дзяліліся не толькі навуковымі, але і педагагічнымі напрацоўкамі. У Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, як высветлілася, цягам ужо 20 гадоў існуе асобнае аддзяленне этнамузыказнаўства, выпускнікі якога становяцца даследчыкамі, выкладчыкамі і выканаўцамі (кіраўнікамі аўтэнтычных фальклорных гуртоў) у адной асобе. Такія ж аддзяленні адкрыты ў Варонежы, Петразаводску, Волагдзе, іншых гарадах, што дазваляе не толькі збіраць і даследаваць народную спадчыну, але і развіваць яе надалей у гістарычна адэкватным, не сапсаваным масавай культурай, напрамку. У Латвійскай музычнай акадэміі імя Я.Вітала, дзе сёлета будзе першы выпуск студэнтаў-этнамузыколагаў, практыкуецца навучанне не толькі ў прафесарскіх класах, але і непасрэдна ў народных музыкаў, майстроў па вырабе музычных інструментаў. Ацанілі госці і беларускія навукова-педагагічныя здабыткі. - Чым больш пашыраны "вугал ахопу", тым больш аб'ёмна будзе прадстаўлена свая ўласная культура,- заўважыла Галіна Лабкова (Санкт-Пецярбургская дзяржаўная кансерваторыя імя М.А. Рымскага-Корсакава, Фальклорна-этнаграфічны цэнтр).

- Але нам хацелася б яшчэ больш падрабязна пазнаёміцца з працамі вашых даследчыкаў, фондамі зробленых запісаў. Усё гэта - неацэнныя скарбы!.. Яскравыя, вобразна-сімвалічныя паралелі, што дазвалялі сабе этнамузыколагі, гісторыкі і тэарэтыкі музыкі пад час такога вольнага абмену думкамі, нарэшце, іх жарты ў дачыненні да саміх сябе парушалі звыклае ўяўленне пра "засушаных навукамі" знаўцаў. - Існуе меркаванне, - усміхнулася Маргарыта Каратыгіна (Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П.І. Чайкоўскага, Цэнтр "Музычныя культуры свету"), - што этнамузыколагі - гэта, маўляў, тыя, хто корпаецца па закутках. А патрэбны яшчэ і "арлы", якія ўбачаць усё з вышыні птушынага палёту. Нам таксама карысна часам узнімацца над уласнымі знаходкамі і бачыць сябе збоку, рабіць абагульненні. - Нам увесь час хочацца ўзляцець вышэй, але кожнае новае зярнятка дыктуе новы кірунак палёту,- падтрымала "птушыныя параўнанні" доктар мастацтвазнаўства, прафесар БДАМ Вольга Дадзіёмава, - іншымі словамі, не паспеем зрабіць высновы, як знойдзеныя творы, адноўленыя гістарычныя факты абвяргаюць былую канцэпцыю і вылучаюць новыя здагадкі. Наступныя Навуковыя чытанні памяці Л.С. Мухарынскай будуць юбілейнымі, 20-мі, таму яшчэ больш багатымі на сюрпрызы. Іх падрыхтоўка, дарэчы, ужо распачалася: прапаноў - процьма, жадання іх здзейсніць- яшчэ больш. І гэта, пэўна, таксама здабытак цяперашняга форуму.

 На здымках: народныя духавыя інструменты Беларусі;