Танцуюць усе! Але як?..

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Палац культуры чыгуначнікаў, дзе праводзіўся фінальны тур конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” ў намінацыі “Сучасны танец”, — гэта менавіта тая сцэна, якая апошнім часам асацыятыўна звязваецца ў нашай сталіцы з сучаснай харэаграфіяй і разнастайнасцю яе плыняў: менавіта тут штогод адбываюцца справаздачныя канцэрты кафедры харэаграфіі БДУКіМ. Конкурсная “справаздача” атрымалася яшчэ больш размаітай: і па напрамках (ажно да рэтра, полістылістыкі ды эклектыкі), і па мастацкіх густах (ад высокага да нізкага), і, у выніку, па мастацкім узроўні асобных нумароў.

 

/i/content/pi/cult/259/3917/19-1.jpgЧленам журы - не пазайздросціш! Звычайна на конкурсах фольк, эстрада, мадэрн ацэньваюцца асобна, пры гэтым існуе падзел на прафесіяналаў і аматараў. Гэтак жа асобна разглядаецца або выканальніцкі ўзровень, або ўласна прыдумкі харэографа-пастаноўшчыка. Своеасаблівым "выключэннем" з'яўляецца хіба Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), у конкурснай праграме якога ацэньваецца нумар цалкам: і яго харэаграфічныя ідэі, і іх выканальніцкае ўвасабленне (з прычыны чаго, дарэчы, часам і ўзнікалі творчыя дыскусіі). Тут жа ацэньвалася цалкам уся праграма калектыву, што складалася з двух-трох нумароў, адзін з якіх павінен быў быць прысвечаны нацыянальнай тэме. Апошняя "дэталь" прымусіла некаторых у самыя сціслыя тэрміны паставіць новыя кампазіцыі. Што ж, конкурс ёсць конкурс! Як і трэба было чакаць, большасць паказанага тычылася акурат эстраднай харэаграфіі. Але парадавала тое, што і ў стылістыцы contemporary dance намеціліся пазітыўныя зрухі - па меншай меры, хаця б на ўзроўні спробы засвоіць яе. Як заўсёды на аглядах аматарскіх харэаграфічных калектываў, шмат было запазычанняў. Але адчувалася жаданне працаваць, рухацца надалей, - і гэта не магло не радаваць.

/i/content/pi/cult/259/3917/19-2.jpg Праўда, некаторыя калектывы паказвалі, на маю думку, зусім "не тыя", "не конкурсныя" нумары - мабыць, пад уздзеяннем самога жадання эксперыментаваць, рабіць штосьці для саміх сябе новае? Дык, можа, надалей трэба было б неяк "падзяліць" намінацыю? І тым самым больш мэтанакіравана зарыентаваць удзельнікаў. Што ж да падзелу на "прафесіяналаў" і "аматараў", дык, зразумела, пры цяперашнім раскладзе студэнцкія каманды БДУКіМ - сапраўды па-за канкурэнцыяй. І паводле сваёй падрыхтаванасці, і паводле цікавых пастановак. Інакш і быць не можа! Таму, пэўна, няблага было б правесці спаборніцтва, найперш, паміж выпускнікамі БДУКіМ, якія ўзначальваюць аматарскія калектывы. Як ім працуецца самастойна, без "дагляду" і дапамогі педагогаў? Ці імкнуцца яны і надалей да творчага пошуку, якому іх вучылі? Цяперашні конкурс паказаў: некаторыя - не толькі імкнуцца, але і здзяйсняюць. А што ж астатнія? Можа, ім патрэбна дапамога - тое ж паразуменне з боку мясцовых улад? Так што на сённяшні дзень падобны конкурс мае шмат нераскрытых перспектыў. Пазіцыя журы выказана ў выніках. А што думаюць "незалежныя эксперты"? З такім пытаннем я звярнулася да Святланы Уланоўскай, чыя дысертацыя, выкананая пад кіраўніцтвам доктара мастацтвазнаўства, прафесара Юліі Чурко, прысвечана акурат праблемам сучаснай беларускай харэаграфіі: - Фінальная праграма спаборніцтва "Зорка ўзышла над Беларуссю" засведчыла, што сучасны танец у яго масавым разуменні ўяўляе даволі шырокае рэчышча: гэта і эстрадныя нумары, і фолькдансавыя скокі, і хіп-хоп, і кампазіцыі, створаныя ў стылістыцы contemporary dance... Аднак стылёвая стракатасць і вялікая колькасць паказаных работ (кожны з 20 калектываўудзельнікаў прэзентаваў па дзве-тры мініяцюры) не сталі гарантам мастацкай разнастайнасці ўражанняў.

 Большасць конкурсных твораў адпавядала, хутчэй, крытэрыям клубнага шоу, а не сучаснай харэаграфіі ў яе індывідуальна-аўтарскім, канцэптуальным абліччы. Аднак дзе і панавала разнастайнасць, дык гэта на ўзроўні прафесіяналізму, якога многім калектывам вельмі бракавала. Таму няма чаго здзіўляцца, што найвышэйшую ступень майстэрства прадэманстраваў Ансамбль кафедры харэаграфіі Універсітэта культуры і мастацтваў, заслужана адзначаны I прэміяй конкурсу. Калектыў прадэманстраваў тры стылёва розныя творы, сярод якіх найбольш уразіла фолькмадэрновая "Каза" (пастаноўка Д.Мірановіча і Д.Валасюка пад кіраўніцтвам С.Гуткоўскай) - нумар-"візітоўка" ансамбля. Кампазіцыя, створаная на аснове аднаго з самых распаўсюджаных старажытных аднайменных беларускіх танцаў, прывабіла сучасным пераасэнсаваннем фальклорнай першакрыніцы, акрабатычна складанай лексікай, цікавым вобразна-пластычным рашэннем, у якім аўтэнтыка арганічна паядналася з экспрэсіяй і відовішчнасцю нашага часу, дзівосным адзінствам музыкі і харэаграфіі. Аскетызм пластычных сродкаў выразнасці цалкам вынікаў з мінімалізму архаічных "гукавобразаў" саундтрэка. Дарэчы, наяўнасць нумара на нацыянальнай аснове была абавязковай конкурснай умовай, што нельга не вітаць. Вобразна-паэтычнай, асацыятыўна-абагульненай інтэрпрэтацыяй фальклорнага матэрыялу, адсутнасцю фармальнага тэхніцызму запомніліся мініяцюры "Спадчына" (пастаноўка К.Шчановай і М.Смалягі пад кіраўніцтвам Л.Яфрэмавай) Майстэрні эстраднага танца Л. і А. Яфрэмавых ды "Рэха журбы" "КаСты танцуючых" (абодва - кафедра харэаграфіі БДУКіМ).

/i/content/pi/cult/259/3917/19-3.jpgАпошні калектыў, назва якога створана з пачатковых літар імёнаў яго заснавальнікаў, выпускнікоў народнага аддзялення кафедры харэаграфіі Кацярыны Квяткоўскай і Станіслава Сяргеева, уразіў таксама візуальна-стыльнай кампазіцыяй "Абрыс непазбежнасці" (аўтарства Н.Карчэўскай). А К.Квяткоўская атрымала спецыяльны дыплом "За выканальніцкае майстэрства". Такому выніку паспрыяла, безумоўна, тое, што Кацярына цягам пяці гадоў з'яўляецца салісткай танцавальнага тэатра "D.O.Z.SK.I.", што дазваляе паспяхова засвойваць розныя пластычныя стылі. Увогуле, конкурс пакінуў супярэчлівыя ўражанні. Маю на ўвазе, вядома, не рашэнне журы. Адзначаны былі якраз лепшыя калектывы. Недарэчным падалося толькі "падвойнае" прысуджэнне II прэміі "Касце танцуючых" і Магілёўскаму каледжу мастацтваў. Ступень прафесіяналізму і аўтарскай арыгінальнасці была ўсё-такі вельмі рознай. Найбольш пытанняў пакінулі самі творы, якія прэзентаваліся "пад соусам" сучаснай харэаграфіі. У асноўным, гэта былі нумары эстраднага танца. Яны з'яўляюцца самастойнай разнавіднасцю харэаграфічнага мастацтва і вартыя асобнай намінацыі. Работы ж, якія адпавядалі б стылістыцы менавіта сучаснай харэаграфіі, што бярэ адлік сваёй эвалюцыі з мадэрн-танца першай паловы ХХ ст., былі выключэннем з правілаў. Творы такога кшталту па-ранейшаму можна ўбачыць толькі ў межах IFMC, што робіць гэты форум унікальным на фестывальнай карце Беларусі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"