Каардынацыя рэстаўрацыі

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Днямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб стварэнні Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага савета па культурных каштоўнасцях.

 

Як паведамляе "К" галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава, Савет узначаліў намеснік міністра культуры Віктар Кураш. Савет, у склад якога ўвайшло 11 спецыялістаў па рэстаўрацыі, будзе дзейнічаць пры Міністэрстве. Мэта - каардынацыя высілкаў рэстаўрацыйных саветаў музеяў, бібліятэк, індывідуальных прадпрымальнікаў, іншых юрыдычных і фізічных асоб, што займаюцца рэстаўрацыяй і кансервацыяй. Сярод функцый савета - разгляд і прыняцце рашэнняў па арганізацыі, даследаванні і правядзенні названых работ, а таксама падрыхтоўка заключэнняў па іх выкананні, ацэнка якасці і адпаведнасці методыцы рэстаўрацыі і кансервацыі культурных каштоўнасцей. Новы орган мае права даваць прапановы і рэкамендацыі па паляпшэнні і ўдасканаленні рэстаўрацыйнай дзейнасці, ацэньваць кваліфікацыю мастакоў-рэстаўратараў, а таксама можа прыцягваць для працы або кансультацый спецыялістаў з іншых краін, узгадняць умовы і парадак правядзення стажыровак рэстаўратараў.

Наш кар.