На кожным участку

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Заўтра, 25 красавіка, у рэспубліцы адбудуцца выбары дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў краіны. Сярод кандыдатаў у дэпутаты, натуральна, — немалая колькасць работнікаў культуры, бо яны, па вызначэнні, — адны з найбольш актыўных у грамадскім жыцці сваёй мясцовасці, штодня працуюць з людзьмі і з’яўляюцца дасведчанымі рэалізатарамі дзяржаўнай палітыкі ў паўсядзённай дзейнасці.

Па адной толькі Віцебшчыне, як паведамляе "К" начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, у дэпутаты балаціруецца каля 80 прадстаўнікоў абласных і раённых структур сферы культуры і мастацтва. Асобныя з гэтых работнікаў могуць стаць дэпутатамі мясцовых саветаў на другі тэрмін. Сярод кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў нямала клубнікаў, бібліятэкараў і на Магілёўшчыне. Асобныя з іх даўно і заслужана з'яўляюцца старастамі вёсак, арганічна спалучаюць творчыя і грамадскія абавязкі, а таму карыстаюцца ў рэгіёнах вялікім аўтарытэтам.
 Не з'яўляюцца тут выключэннем і работнікі культуры і мастацтва Брэстчыны, Гомельшчыны, Гродзеншчыны, Міншчыны. Лепшыя з гэтых спецыялістаў - пастаянна навідавоку, заўжды вядуць за сабой грамаду ў абласных гарадах, раённых цэнтрах і сельскіх паселішчах. Як паведамілі "К" у ідэалагічных упраўленнях абласных выканаўчых камітэтаў, у выбарчай кампаніі 25 красавіка задзейнічаны, безумоўна, літаральна ўсе работнікі культуры Беларусі, самадзейныя творчыя калектывы, клубныя і бібліятэчныя фарміраванні, абавязак якіх - расквеціць важнае дзяржаўнае мерапрыемства яркімі святочнымі фарбамі. У кожнай вобласці і кожным раёне складзены графікі канцэртнага забеспячэння ўчасткаў для галасавання, а месцяцца тыя нярэдка ў клубных установах і сельскіх бібліятэках. Менавіта там заўтра і пройдуць святочныя канцэрты.