Трапіць на “Мінск-Арэну”

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Вызначаны фіналісты нацыянальнага адбору дзіцячага “Еўрабачання-2010”. Пра гэта паведамілі “К” у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

У фінал Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", які з'яўляецца нацыянальным адборачным турам Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010", выйшлі 11 нумароў. Усяго ж на адрас Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца арганізатарам і вяшчальнікам конкурсу, паступіла 55 заявак. Па выніках праслухоўвання журы адабрала наступных выканаўцаў і творы: мінчанак Эвеліну Лашук з песняй "Дедушкин хит", Хрысціну Святлічную і "Пой!", Яну Канаплянік з "Красками лета", а таксама Данііла Казлова з Жабінкі з кампазіцыяй "Музыки свет", мазыранку Юлію Атрошчанка і песню "Купала" ў яе выкананні, Ягора Шаранкова са Светлагорска, што прапанаваў суддзям твор "Я так хочу танцевать!". Ажно тры прадстаўнікі Гродна прымуць удзел у фінале песеннага спаборніцтва: гэта Хрысціна Сайко ("Делай, как я"), Аляксандра Стэльмах ("Ты и Я") і Магамед Асланаў ("Соберём вокруг друзей"). Яшчэ двое ўдзельнікаў прадставяць Магілёў: Лідзія Заблоцкая з песняй "Привет" і Ягор Чарноў з "Lady Вясна". Фінал Рэспубліканскага конкурсу "Песня для "Еўрабачання" адбудзецца ў верасні ў форме гала-канцэрта. Пераможца яго прадставіць Беларусь на конкурсе, які пройдзе ў лістападзе на сталічнай "Мінск-Арэне". А вызначацца ён будзе па выніках тэлефоннага галасавання і галасавання прафесійнага журы. Нагадаем, што ў красавіку Мінск наведалі члены назіральнага савета Еўрапейскага вяшчальнага саюза, якія зацвердзілі лагатып VIII Міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу, а таксама пабывалі на галоўнай пляцоўцы творчага спаборніцтва. Сімволіка дзіцячага "Еўрабачання"- вясёлкавыя крылы- будзе выкарыстоўвацца ў афармленні сцэны, промапрадукцыі, аздабленні горада. Госці Мінска адзначылі таксама высокі ўзровень комплексу "МінскАрэна" і яго падрыхтоўкі да правядзення конкурсу. Па іх словах, з такім размахам творчае спаборніцтва маленькіх спевакоў яшчэ ніколі не праходзіла.