“Хоць бы ў скрыпку бомба не патрапіла!..”

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.Шырмы адзначыла 70-годдзе. Першы яе канцэрт адбыўся 23 лютага 1940 года ў Доме Чырвонай Арміі ў Беластоку, што ўваходзіў на той час у склад Беларусі. Усяго ж у гады Вялікай Айчыннай вайны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Раманавіча Шырмы (а менавіта так называўся калектыў да 1955 года) даў больш за 840 канцэртаў і пабываў у 580 гарадах і раённых цэнтрах СССР.

 

/i/content/pi/cult/258/3894/15-1.jpgЧаму змянілі рэпертуар?

 У апошнія перадваенныя дні ансамбль гастраляваў у расійскім горадзе Арле. Гэта была не першая паездка. Толькі за 1940 год і чатыры месяцы 1941-га ансамблем было дадзена звыш 170 канцэртаў у гарадах, вёсках, вайсковых частках і на выбарчых участках Беларусі, а таксама ў Польшчы і Літве. 15 мая 1941 года ансамбль рушыў у Маскву. Канцэрты праходзілі ў Цэнтральным Доме работнікаў мастацтва, у Канцэртнай зале імя П.Чайкоўскага, на Усесаюзным радыё. Беларускія артысты сустракаліся з калектывамі ансамбляў імя М.Пятніцкага і імя А.Аляксандрава, з Ігарам Маісеевым, якога вельмі зацікавіў беларускі народны танец. 10 чэрвеня калектыў выправіўся на гастролі па іншых гарадах Расіі. І ўжо 11-га з вялікім поспехам выступіў у Падольску Маскоўскай вобласці, на летняй пляцоўцы гарадскога парку. У тым жа Арле здарылася прыкрая гісторыя. Справа ў тым, што аснову рэпертуару ансамбля, як і многіх самадзейных хораў, якія Р.Шырма ў 1920-я - 30-я гады ствараў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, складалі беларускія народныя песні, сабраныя, запісаныя і апрацаваныя самім Рыгорам Раманавічам: іх на той час у яго ўжо было больш за тысячу. За гэта ён і пацярпеў: пасля выступлення ў Доме Чырвонай Арміі горада Арла, дзе артысты, як звычайна, паказалі багата беларускіх песень і танцаў, Р.Шырму абвінавацілі ў нацыяналізме і арыштавалі. Ансамбль тэрмінова накіравалі ў Маскву для вырашэння лёсу калектыву і яго кіраўніка. Пачаліся допыты, удакладненні, выклікі артыстаў у следчыя органы. У разгляд справы ўключыўся беларускі Урад. 23 чэрвеня адбыўся прагляд канцэртнай праграмы ансамбля, пасля чаго было вырашана калектыў захаваць, але цалкам змяніць рэпертуар. Шырму вызвалілі з-пад варты. Калектыў літаральна суткамі працаваў над новай праграмай. Яе прагляд супрацоўнікамі НКУС быў зладжаны 29 чэрвеня. Праграму ўхвалілі, і тым жа вечарам яна была паказана на зборным пункце для салдат, што адбывалі на фронт.

/i/content/pi/cult/258/3894/15-2.jpgШто спявалі для салдат?

Ансамбль пачаў абслугоўваць ваенкаматы Масквы, Маскоўскай вобласці, а таксама вайсковыя часці, што прыбывалі ў Маскву. Рыгор Раманавіч наладжваў і падтрымліваў пастаянную сувязь з вядомымі кампазітарамі І.Дунаеўскім, А.Новікавым, М.Блантэрам ды іншымі, тэрмінова ўзбагачаў рэпертуар новымі творамі ваеннай тэматыкі. Рашэннем Урада ў другой палове ліпеня 1941 года ансамбль разам з многімі іншымі калектывамі Масквы быў эвакуіраваны ў гарады Урала і Сібіры. Беларускі ансамбль раскватаравалі ў Краснаярску, і ўжо 20 ліпеня там адбыўся канцэрт у Чыгуначным клубе для воінаў Чырвонай Арміі, якіх адпраўлялі на фронт. Праца па стварэнні новых нумароў на сучасныя тэмы працягвалася. Так, для другога аддзялення быў падрыхтаваны тэатралізаваны мантаж на тэксты паэтаў У.Ражджэсцвенскага і К.Лісоўскага ў пастаноўцы А.Данілевіча. Пасля паспяховага прыёму і ўхвалення праграмы камісіяй ансамблю далі два маленькія таварныя вагончыкі і накіравалі калектыў у гарады Канск, Тайшэт, Усць-Арда, Чыта, Чарамхоў, Зіма, Іркуцк ды іншыя, дзе артысты працавалі з 23 жніўня па 4 кастрычніка 1941 года. А ўжо 6 кастрычніка іх накіравалі ў Сярэднюю Азію, і да сярэдзіны чэрвеня 1942га яны выступілі больш як у 170-ці населеных пунктах. Там было дадзена звыш 200 канцэртаў.

 Калі адбылася сустрэча з Коласам?

 Незабыўнай для артыстаў стала сустрэча з Якубам Коласам у Ташкенце. 6 чэрвеня 1942 года калектыў выступаў у гарадскім парку Ташкента. Па завяршэнні праграмы да сцэны накіраваўся чалавек. Выбухнулі гучныя апладысменты: публіка і артысты пазналі Якуба Коласа. "Дарагія зямлякі! - звярнуўся да калектыву народны паэт Беларусі.- Вялікі вам дзякуй за цудоўныя песні і танцы, якія вы так выдатна выканалі! Слухаючы вас, я быццам пабываў на Радзіме. Яшчэ раз вялікі вам дзякуй! І - да хуткай сустрэчы ў роднай Беларусі!" Але ж наступная сустрэча калектыву са славутым паэтам адбылася толькі ў 1949 годзе, на Дэкадзе беларускай літаратуры ў Маскве.

/i/content/pi/cult/258/3894/15-3.jpgДзе партызанскі падарунак?

 Ужо 16 чэрвеня 1942 года ансамбль накіравалі ў Новасібірск, дзе 30 чэрвеня ў філармоніі ён даў першы канцэрт, падрыхтаваўшы да яго шмат новых песень і танцаў: "Самавары-самапалы" А.Новікава, "Вечар на рэйдзе" В.Салаўёва-Сядога, грузінскую народную песню "Суліко" ды іншыя. Пазней, 30 верасня, у той жа зале Новасібірскай філармоніі адбылася памятная сустрэча артыстаў з прадстаўнікамі беларускіх партызанаў. Тыя падарылі ансамблю трафейны акардэон, захоплены ў час бою на рацэ Заходняя Дзвіна ў раёне Суража. Пасля вайны інструмент быў перададзены калектывам у Мінск - у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе знаходзіцца і цяпер. З 7 лістапада 1942 года па 9 чэрвеня 1943 ансамбль гастралюе па Урале і Цэнтральнай Расіі, выступае перад параненымі і тымі, каго рыхтавалі для фронту, а таксама перад працоўнымі, чыгуначнікамі. Перамога пад Сталінградам, разгром акупантаў пад Курскам- і калектыў пачаў рыхтавацца да доўгачаканай сустрэчы з Бацькаўшчынай. Урадавы прагляд новай праграмы ансамбля, разлічанай на паказ у вызваленых ад фашыстаў раёнах Беларусі, адбыўся 18 снежня 1943 года ў горадзе Рыбінску, у тамтэйшым Палацы культуры. І праз некалькі дзён ансамбль быў накіраваны ў Гомель.

Чаго не заўважыў Рыгор Шырма?

 Да пераезду ў Мінск калектыў працаваў і даваў канцэрты ў цудам ацалелым клубе Нова-Беліцкай запалкавай фабрыкі. Першае выступленне там адбылося 1 студзеня 1944 года і было прысвечаны 25-годдзю стварэння БССР. За пяць з невялікім месяцаў на вызваленай тэрыторыі было дадзена больш за 120 канцэртаў. Шмат цікавага пра тыя часы распавядаў потым заслужаны артыст Беларусі Міхась Шуманскі. Часта рэпетыцыі і выступленні праходзілі пад акампанемент варожых бомбаў і снарадаў. Так, аднойчы ў час канцэрта, на якім прысутнічалі камандуючы фронтам К.К. Ракасоўскі і камандзір партызанскага злучэння В.І. Казлоў, наляцелі варожыя самалёты. Стаяў страшэнны гул ад выбухаў бомбаў, дрыжалі падлога, сцены клуба, але канцэрт працягваўся, быццам нічога не адбывалася. Рыгор Раманавіч, натхнёны творчым працэсам, увогуле нічога гэтага не заўважыў. І пасля канцэрта запытаўся ў артыстаў: "Чаго гэта вы былі нібы спалоханыя? Зіркалі вачыма ў бакі...". А яшчэ аднаго разу, па дарозе ў Мазыр, дзе павінен быў адбыцца канцэрт у шпіталі, ля Калінкавічаў ансамбль трапіў пад бамбёжку варожых самалётаў. Рыгор Раманавіч схаваўся ў ямцы каля чыгуначнага палатна. Ляжыць, прытуліўшыся да зямлі, прыкрывае сабой скрыпку (а ён не развітваўся з ёй ніколі: і песні з артыстамі развучваў, паказваючы на ёй мелодыю, і рэпетыцыі праводзіў, і граў "проста так", для душы), дый прыгаворвае: "Хоць бы ў скрыпку бомба не патрапіла, а то няма будзе на чым граць..." З Нова-Беліцы ў вызваленую сталіцу Беларусі калектыў накіравалі на ваенным самалёце. 14 ліпеня 1944 года ў Мінску адбыўся парад, на якім калонамі перад трыбунай прайшлі амаль 40 тысяч беларускіх партызан. Ганаровымі гасцямі на трыбуне былі і артысты ансамбля разам са сваім мастацкім кіраўніком Рыгорам Раманавічам Шырмам. Пасля парада прайшоў вялікі святочны канцэрт з удзелам ансамбля. Нарэшце, калектыў з Р.Шырмам накіраваўся ў Гродна, дзе заставаўся на пастаяннай працы да 1952 года, пакуль канчаткова не быў пераведзены ў Мінск. У газеце "Свободная Белоруссия" №21 ад 15 кастрычніка 1944 года была змешчана рэцэнзія Б.Асоўскага:

 "Многія з гледачоў не ўпершыню прысутнічаюць на канцэртах Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца. Яго ўдзельнікі заўсёды сустракалі ветлівы і цёплы прыём у тэатрах і палацах культуры, у працоўных клубах і на калгаснай сцэне гарадоў і сёлаў Беларусі. І вось, пасля доўгага расстання, - зноў сустрэча. Радасная, жаданая, захапляльная. За гады вайны ансамбль памужнеў, творча ўзмацнеў і адшліфаваў сваё майстэрства. Ён з поспехам выступаў у глыбокім савецкім тыле і на фронце, а калі былі выгнаны нямецка-фашысцскія захопнікі, адразу ж вярнуўся ў сваю родную Беларусь, каб зноў парадаваць шырокія масы гледачоў сваім цудоўным мастацтвам. Праграма ансамбля - разнастайная і шматгранная. Задушэўная народная руская песня, пранікнёная, лірычная і жартоўная беларуская песня, песні франтавыя, жанравыя змянялі адна адну, удала чаргуючыся".

Дзень Перамогі Беларускі ансамбль песні і танца сустрэў там жа, у Гродне. Урачысты святочны канцэрт у гонар Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй адбыўся 9мая 1945 года ў гарадскім драматычным тэатры. Ансамбль выступіў з новай святочнай праграмай, у якой упершыню быў паказаны літаратурна-музычны мантаж "Савецкая Беларусь" вядомага ў той час рэжысёра А.Саннікава. І- пачаліся мірныя будні і святы, не менш багатыя на рэпетыцыі, канцэрты і новыя праграмы гэтага калектыву....

Аляксандр ЖУРАЎ,

прафесар кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, былы артыст Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі