Знанае і ацэненае ў Польшчы

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Не так даўно ўжо 26-ты раз прайшоў Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” — адзін з вядомых і прэстыжных еўрапейскіх фестываляў гэтага накірунку. Удзел у ім сёлета ўзялі хоры з Польшчы, Балгарыі, Галандыі, Грэцыі, Літвы, Расіі, Украіны, а таксама — аж 5 харавых калектываў з Беларусі. І зноў галоўную ўзнагароду фестывалю — Гран-пры атрымалі прадстаўнікі нашай краіны — хор Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў пад кіраўніцтвам Маргарыты Ліснеўскай. Вялікі поспех мелі ў выкананні гэтага хору творы П.Чайкоўскага, Ф.Шнітке, беларускіх кампазітараў А.Хадоскі і М.Бытама — самадзейнага аўтара з Гомеля.

 /i/content/pi/cult/118/389/Khor.jpg
 Выступленне Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь у Кафедральным саборы св. Марыі Магдалены ў Варшаве.
Распачаў жа ўрачыстае адкрыццё фестывалю мінулагодні пераможцаДзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, чарговае выступленне якога атрымала самыя высокія ацэнкі спецыялістаў і публікі. Як адзначыла, да прыкладу, прафесар з Варшавы Катажына Сакалоўская, “Дзяржаўны камерны хор з Мінска прэзентаваў такі высокі ўзровень, што хацелася б запрашаць гэты калектыў на кожны фестываль і конкурс. Выдатны дырыжор Наталля Міхайлава захапіла ўсіх беражлівасцю і эканомнасцю рухаў, а харысты паказалі майстэрскае выкананне прыгожых твораў”.

Гэта ўжо не першы паспяховы ўдзел слыннага беларускага калектыву ў фестывалі. Артысты з цеплынёй узгадваюць свае выступленні на гайнаўскім форуме духоўнай музыкі ў пачатку дзевяностых гадоў, калі хорам кіраваў яшчэ яго заснавальнік і вядомы дырыжор Ігар Мацюхоў. Дарэчы, напярэдадні “Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі”, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь паспеў яшчэ выдатна выступіць на V традыцыйным фестывалі царкоўнай музыкі ў г. Плоцку і ў праваслаўным Кафедральным саборы Святой Марыі Магдалены ў Варшаве. Гледачы, сярод якіх былі праваслаўныя святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса многіх краін, выкладчыкі і студэнты Варшаўскай акадэміі музыкі, адзначылі вельмі высокі выканальніцкі ўзровень і цікавую канцэртную праграму калектыву.

А што да ХХVІ Гайнаўскага фестывалю, на якім панавалі багацце і прыгажосць царкоўных спеваў, дык асабліва святочную атмасферу яму надавала тое, што фестываль праводзіўся ў Свята-Троіцкім саборы. Значна пашырылі межы фестывалю канцэрты царкоўнай музыкі і ў Варшаве, і ў розных кутках Беласточчыны. На фестывальных мерапрыемствах прысутнічалі вышэйшыя духоўныя асобы на чале з Мітрапалітам Варшаўскім і ўсёй Польшчы Савай, прадстаўнікі цэнтральных, рэгіянальных і мясцовых органаў улады, дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.

Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка ў сваім выступленні падкрэсліў важнасць правядзення гэтага мерапрыемства, якое праз праваслаўнае мастацтва дае ўсім прысутным магчымасць лепшага пазнання культур народаў Еўропы. Наш пасол уручыў мужчынскаму хору Супрасльскага манастыра Прасвятой Багародзіцы — пераможцу фестывалю ў катэгорыі царкоўных хораў — спецыяльны дыплом і ўзнагароду Пасольства Беларусі, што было вельмі добра ўспрынята арганізатарамі фестывалю і публікай.

Сёлета, апроч галоўных пераможцаў — гамяльчан, яшчэ два калектывы з Беларусі атрымалі званне лаўрэатаў — дзіцячы хор “Ліра” сталічнай сярэдняй школы № 66 (1 месца) і хор “Світанак” Пружанскай школы мастацтваў (3 месца). У ліку лепшых на фестывалі былі адзначаны і іншыя беларускія калектывы.

Як расказаў дырэктар Гайнаўскага фестывалю, мітрафорны пратаірэй Міхаіл Негірэвіч, пачынаўся гэты форум царкоўнай музыкі яшчэ ў перыяд атэізацыі грамадства і амаль у канспіратыўнай атмасферы. Сёння ж прыняць у ім удзел лічаць за гонар лепшыя харавыя калектывы. За час правядзення фестывалю ў яго мерапрыемствах удзельнічала больш за 500 хораў з амаль 20 краін свету, у тым ліку больш за 80 разнастайных харавых калектываў з Беларусі. А апошнія шэсць гадоў менавіта нашыя хоры атрымліваюць тут Гран-пры. Сярод пераможцаў Міжнароднага фестывалю “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” — Камерны хор “Дойлідства” з Гродна, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны хор радыё і тэлебачання Беларусі, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь.

Як сказаў падчас фестывалю член яго журы, прафесар, народны артыст Беларусі і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча — пераможцы фестывалю ў 2003 годзе — Міхась Дрынеўскі, “ужо каторы год бываючы на гэтым фестывалі, адзначаю Яго высокі творчы ўзровень, жаданне вельмі многіх калектываў удзельнічаць у ім і, разам з тым, радуюся, што гэтак годна выступаюць тут беларускія хоры.”

Беларускае харавое мастацтва заўсёды вельмі прыхільна і цёпла ўспрымаецца ў Польшчы як прафесіяналамі і аматарамі, так і шырокай публікай. Да месца будзе ўзгадаць, прыкладам, выдатныя канцэртныя выступленні ў кастрычніку 2005 года і ў красавіку мінулага года ў галоўных кафедральных каталіцкіх храмах у Варшаве — Святых Міхаіла і Фларыяна, СвятогаЯна Хрысціцеля — лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дыпламанта Сусветнай харавой алімпіяды ў Аўстрыі, узорнага дзіцяча-юнацкага хору Брэсцкага палаца культуры прафсаюзаў пад кіраўніцтвам Алы Ігумнавай. Гледачы вельмі цёпла ўспрынялі выступленні вядомага ў Беларусі і Польшчы, іншых замежных краінах харавога калектыву, які прадэманстраваў складаную і разнастайную праграму з твораў заходнееўрапейскай, беларускай і рускай харавой класікі, высокі ўзровень выканальніцтва і сцэнічнай культуры.

Пазней у Пасольства Беларусі ў Польшчы паступіў ліст ад прафесара Музычнай акадэміі ў Варшаве Юліуша Петраховіча, які ведае гэты хор ужо некалькі гадоў. Паважаны Ю.Петраховіч піша: “Мяне ўражвае вельмі высокі ўзровень хору. Характэрнай рысай яго з’яўляецца перш за ўсё пранікнёнае гучанне, вельмі чыстая інтанацыя і эластычная дынаміка, прыгожая афарбоўка асобных галасоў...”. Дадамо яшчэ, што хор пад кіраўніцтвам Алы Ігумнавай — лаўрэат ХХ міжнароднага конкурсу “Залатая струна” ў польскім горадзе Бытгашч.

З вялікім поспехам прайшлі ў верасні мінулага года ў Варшаве падчас традыцыйнага свята раёна Вілянаў “Вялікі парад кавалерыі” выступленні беларускіх калектываў — маладзёжнага хору “Тэнча” Мінскага гарадскога польскага аб’яднання і ўзорнага дзіцячага хору “Дружба” сталічнай сярэдняй школы № 1 пад кіраўніцтвам Таццяны Валошынай, прыезд якіх быў арганізаваны пры садзеянні Пасольства Беларусі ў Польшчы.

Шырокае развіццё, заснаванае на багатых шматгадовых спеўных традыцыях, атрымала харавое і ансамблевае выканальніцтва сярод беларускай меншасці ў Польшчы. Сёння на Беласточчыне на трывалай аснове дзейнічаюць 6 харавых калектываў і каля 50 вакальных ансамбляў. Правядзенне Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы штогод вялікай колькасці фестываляў і свят, пастаянны ўдзел у іх большасці творчых калектываў не толькі спрыяе падтрыманню іх добрага выканальніцкага ўзроўню, але і заахвочвае да стварэння новых калектываў. Той, хто хоць раз пабываў на заключным канцэрце фестывалю “Беларуская песня” ў Беластоку, які праводзіцца ўжо 37 гадоў запар, надоўга запомніць незвычайна цёплую атмасферу, якая ствараецца ўдзельнікамі дзякуючы прыгожай беларускай песні...

Беларускую песню вельмі любяць на Беласточчыне, без яе не абыходзіцца ні адно свята, а кожны беларускі калектыў — ці то мясцовы, ці то госць з Беларусі — заўсёды прымаецца публікай вельмі добра. Напэўна, гэта і ёсць галоўная прычына таго, што многія мастацкія калектывы існуюць тут ужо дзесяткі гадоў, а многія ўдзельнікі звязалі з імі ўсё сваё жыццё. Напрыклад, вядомыя на Беласточчыне і ў Беларусі харавыя калектывы “Васілёчкі” і “Крыніца” ўжо адзначылі 40-гадовы і 20-гадовы юбілеі, шмат гадоў і вельмі плённа прапагандуюць беларускую песню традыцыйныя ансамблі “Маланка” і “Расспяваны гарадок”, “Цаглінкі”, аўтэнтычныя гурты “Збучанкі”, “Незабудкі”, “Журавінкі”, сучаснае жыццё беларускім песням надаюць маладзёжныя ансамблі “Прымакі”, “Знічкі”, “Дзявочыя ноткі” і іншыя. Або такі прыклад: у мінулым годзе 60-гадовы юбілей адзначыў ансамбль “Арляне” з мястэчка Орлі.

Як тут не прыпомніць выслоўе — “Песня — душа народа”! Будзем жа спадзявацца на яе росквіт і надалей і рабіць усё неабходнае для таго, кааб беларуская песня радавала, збліжала і яднала людзей — і на Беларусі, і ў Польшчы, і ў іншых краінах.


Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ,
саветнік Пасольства Беларусі
ў Польшчы