Дом медыцыны плюс панскае крэсла

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Хачу распавесці пра ўстановы культуры Буда-Кашалёўшчыны, што ў сваёй дзейнасці ўтрымліваюць пэўны музейны кантэкст. Гэта, безумоўна, дазваляе разнастаіць формы працы, прывабіць наведвальніка і задзейнічаць у клубнай і бібліятэчнай справах рознаўзроставыя групы насельніцтва. Акно ў мінулае

 

/i/content/pi/cult/258/3888/12-1.jpgУ Гусевіцкім СДК ёсць музейны пакой гісторыі. Многія цікавыя рэчы распавядаюць пра гісторыю мясцовай гаспадаркі, сельсавета, школы, Дома культуры. Ёсць тут экспазіцыя "Акно памяці", аформленая ў выглядзе натуральнага акна з аканіцамі. У гэтай "раме" размешчаны здымкі вёсак раёна, якіх ужо няма, а таксама ўдзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Казкі збіраюць усім светам

Музей народнай творчасці і этнаграфіі пры Івольскім сельскім доме культуры ягоны дырэктар Людміла Стахавец вырашыла ствараць усім вясковым светам. Зроблены ён быў у выглядзе сялянскай хаты. Дзеці, моладзь, дарослыя і пенсіянеры пачалі зносіць сюды вышыванкі, дываны, старадаўнія вопратку і абутак, прылады працы. Сабрана ў музеі і вялікая калекцыя паданняў, казак, сакрэтаў знахарства. Крэсла ўладальніка Засоўя

А вось дырэктар Чабатовіцкага СДК Алена Шаўчэнка стварыла пры сваёй установе Музей народнага побыту. Сярод экспанатаў ёсць сапраўдныя рарытэты, зробленыя ў XVIII стагоддзі: ікона, набожнік, самаробны гармонік. Амаль 200 гадоў панскаму крэслу, што належала Валяр'яну Венслівовічу, уладальніку вінакурні і маёнтка Засоўе вёскі Чабатовічы. Пры музеі дзейнічае выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут пастаянна праводзяцца экскурсіі для мясцовых школьнікаў.

 Рэцэпт неабыякавасці

 Дом народнай медыцыны працуе пры Смарабудскай сельскай бібліятэцы. Чытачы на чале з бібліятэкарам Нінай Сярэбранай сабралі лекавыя зёлкі, зладзілі сапраўдную фітатэрапію па старадаўніх рэцэптах. Тут- неблагая калекцыя гербарыяў, літаратуры па знахарстве, нават фіранкі на вокнах упрыгожаны вышыўкамі з адлюстраваннем лекавых раслін. Натуральна, што пры бібліятэцы дзейнічае аматарскае аб'яднанне "Здароўе - у нашых руках".

Краязнаўчая "Вясёлка"

 "Вясёлка" - аматарскае аб'яднанне Шарыбаўскай сельскай бібліятэкі, якое займаецца зборам краязнаўчых матэрыялаў і адраджэннем мясцовай традыцыйнай культуры. Усё гэта і стала грунтам для арганізацыі "бібліятэчнага" Музея этнаграфіі. Тут сабраны мясцовыя ткацтва, вышыўка, абрадавыя песні, звычаі, прымаўкі.

 Ірына КУНІЦА, дырэктар РМЦ аддзела культуры Буда-Кашалёўскага райвыканкама На здымках: дырэктар Чабатовіцкага СДК Алена Шаўчэнка; крэсла пана Венслівовіча.