Колькі слоў пра “Паэму без слоў”

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Своеасабліва адкрыццё Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адзначыў Гродзенскі абласны тэатр лялек: ён прыняў удзел у ХІІ Міжнародным фестывалі “Сустрэчы ў Расіі”, прысвечаным 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які днямі завяршыўся ў Санкт-Пецярбургу. Лялечнікі з Гродна выступілі на фэсце са спектаклем “Паэма без слоў” паводле драматычнай паэмы Янкі Купалы “Сон на кургане” (рэжысёр — Алег Жугжда, сцэнаграфія — Ларысы МікінайПрабадзяк). А сваімі фестывальнымі ўражаннямі падзялілася з намі актрыса тэатра Людміла ПАЎЛОЎСКАЯ.

 

/i/content/pi/cult/258/3887/9-3.jpg- Тэатр ужо другі раз трапіў на гэты фестываль. У 2002-м мы паказвалі там спектакль "Трагедыя аб Макбэце" Уільяма Шэкспіра. Цяпер жа, што цікава, побач з драматычнымі тэатрамі з Літвы, Эстоніі, Арменіі, Францыі, Германіі, толькі адзін наш калектыў прадстаўляў айчыннае лялечнае мастацтва - гэтым разам "Паэмай без слоў".

- І як патрабавальная піцерская публіка ўспрымала купалаўскую "Паэму..."?

- Магу сказаць, што пастаноўка выклікала немалую цікавасць з боку тэатралаў. Да нас на спектакль завіталі шмат знаных піцерскіх рэжысёраў, акцёраў лялечных, а таксама драматычных тэатраў. Пасля прагляду многія заходзілі да нас за кулісы, каб бліжэй паглядзець на дэкарацыі, лялькі.

- Вядома, што на такіх прэстыжных тэатральных фэстах усе прыслухоўваюцца да погляду крытыкаў. Як яны ацанілі вашу работу?

- Мы выступалі ў Балтыйскім доме на Малой сцэне, адначасова з Драматычным тэатрам з Малдовы, які працаваў на Вялікай, таму далёка не ўсім крытыкам удалося паглядзець наш спектакль. Але тыя, хто не пабачыў, пасля абмеркаванняў вельмі шкадавалі. Многія расійскія тэатразнаўцы адзначалі, што наша пастаноўка дала ім м а г ч ы масць бліжэй і глыбей адчуць беларускую культуру. Гэта, канешне ж, выклікае гонар. Прыемна было і тое, што многія з іх памятаюць нашу "Трагедыю аб Макбэце" і адзначаюць высокае майстэрства калектыву і рэжысёра Алега Жугжды, за чыёй творчасцю сочаць не толькі па спектаклях у Гродзенскім тэатры лялек.

 - Ці былі на фестывалі прызавыя месцы?

 - "Сустрэчы ў Расіі" - гэта не столькі спаборніцтва тэатральных калектываў, колькі знаёмства з калегамі, іх творчымі работамі, абмен вопытам. Таму ўсе атрымалі дыпломы "За ўдзел у фестывалі". Але ж "Паэма без слоў" і так даволі "прызавы" спектакль: у ягоным творчым багажы - дыплом "За лепшы тэатральны эксперымент" на Міжнародным тэатральным фестывалі "Белая вежа", прэмія імя І.Ушакова "За лепшую сцэнаграфію", дыплом "За лепшую рэжысуру" на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Варшаве. * * * Традыцыйная красавіцкая Шэкспірыяда, якую Гродзенскі абласны тэатр лялек ладзіць ужо не першы год, сёлета пройдзе з 20 па 27 красавіка. Прыхільнікі лялечнага мастацтва змогуць убачыць знакамітыя творы Уільяма Шэкспіра ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра трупы Алега Жугжды: "Зімняя казка", Трагедыя аб Макбэце", "Сон у летнюю ноч" - спектаклі, якія заваявалі шматлікія ўзнагароды на падмостках міжнародных фестываляў. Акрамя таго, усім зацікаўленым будзе прапанаваны спектакль "Санет і Музыка" - сумесны праект Тэатра лялек і Гродзенскай капэлы. А яшчэ - пастаноўка "Мой Шэкспір!..", аснову якой складаюць урыўкі з розных твораў класіка. Прадставіць яе Маладзёжны музычна-драматычны тэатр "Надзея" Гродзенскага гарадскога дома культуры. Разам з тэатральнымі відовішчамі ў рамках Шэкспірыяды будуць арганізаваны выступленні выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, якія прафесійна і яскрава распавядуць аб малавядомых і цікавых фактах біяграфіі пісьменніка, яго творах. Ну, і, канешне ж, пад час VI красавіцкай Шэкспірыяды адбудзецца кніжная выстаўка.

 Марына ДАНІЛЬЧЫК Гродна