Шырока... заплюшчыўшы вочы?

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Прымаўку пра тое, што новае — гэта добра забытае старое, зазвычай ужываюць у выпадках, калі правераныя часам рэчы і ісціны аказваюцца больш пераканаўчымі, чым навамодныя эксперыменты. Аднак, як аказалася, дарэчнай яна бывае і ў адваротных выпадках. Праўда, набывае пры гэтым іншае адценне…

/i/content/pi/cult/258/3886/9-1.jpgІдучы на прэм'еру спектакля "Шчасце маё" па творы А.Чарвінскага ў Новы драматычны тэатр, чакала ад яго і свежых, жывых эмоцый. Здавалася б, калектыў, стомлены доўгай рэканструкцыяй і немагчымасцю працаваць у нармальных умовах, нарэшце разгорне плечы і праявіць сябе на поўную моц. Ды і ёсць з кім гэта зрабіць: амаль два гады таму ў трупу тэатра ўліўся цэлы акцёрскі курс выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, што ўжо на дыпломных спектаклях, а па сутнасці, і раней - у студэнцкім тэатры Акадэміі, - зарэкамендаваў сябе як моцная і зладжаная творчая каманда, здольная вырашаць рэжысёрскія задачы рознага ўзроўню і складанасці. Праўда, крыху бянтэжыла "цішыня", якая суправаджала новую прэм'еру: думалася, я б абвясціла аб ёй паўсюль - каб вярнуць сабе практычна страчанае месца ў сцэнічным жыцці сталіцы. Тэатр мне спадабаўся.
Пасля рэканструкцыі прасторы і карыснай плошчы ў ім стала больш, фае на другім паверсе так і прасілася пад эксперыментальную пляцоўку (падумалася, што калега Васіля Марцецкага, дырэктара Новага драматычнага, Валерый Анісенка з РТБД, займеўшы такую раскошу, зладзіў бы тут цэлую серыю тэатральных акцый-праектаў-імпрэз). Глядзельная зала, якая цалкам страціла нават прыкметы колішняй пляцоўкілабараторыі, разнявольвала сваёй традыцыйнасцю і ўтульнай спакойнасцю. Не было і намёку на тое, што яшчэ з дзесятак гадоў таму тут "тачылася" жорсткае, радыкальна "замяшанае" эксперыментальнае творчае жыццё. У галоўных ролях у спектаклі заняты маладыя акцёры Дзмітрый Мухін (Сямён) і Дар'я Баранава (Вікторыя). Памятаючы іх па бліскучых і пранізліваглыбокіх дыпломных "Трох сёстрах", дзе Дзмітрый іграў Вяршыніна і Салёнага (у двух саставах), а Дар'я - Вольгу і Анфісу, надта ж хацелася пабачыць, як іх багатыя творчыя даныя расквітнелі на прафесійнай сцэне. Але перада мною паўстала слязлівая меладрама пра клопат маладой дзяўчыны ў пасляваенны час аб неабходнасці нараджэння ўласнага патомства. І гэта прытым, што сама п'еса, даволі папулярная некалькі дзесяцігоддзяў таму (хтосьці, відаць, прыгадае кранальны, эмацыйна-тонкі фільм "Вікторыя"), у цэнтр увагі ставіла зусім іншыя рэчы. Найперш- пошукі еднасці паміж прыгажосцю знешняй, фізічнай, з аднаго боку, і душэўнай гармоніяй - з іншага, выводзячы на першы план тэму маральнага станаўлення маладых людзей і ступені ўплыву знешніх, аб'ектыўных, і ўнутраных, суб'ектыўных, умоў на фарміраванне іх сістэмы каштоўнасцей і жыццёвых прыярытэтаў. Чаму ж сталася так, што спектакль ператварыўся ў дзвюхгадзінную гісторыю аб тым, як нязграбная дзяўчына зацягнула да сябе ў ложак прыгажуна-марака? Думаецца, гэта пралік рэжысёрскай работы Сяргея Кулікоўскага. Сталічныя тэатралы яшчэ памятаюць той шок, што атрымалі пад час прагляду спектакля "Псіхааналітык для псіхааналітыка" коласаўцаў у ягонай жа пастаноўцы ў рамках восеньскіх гастролей тэатра ў Мінску: тады толькі лянівы не казаў пра рэжысёрскую спекуляцыю на вульгарна-"смажанай" тэматыцы "ніжэй пояса". Гэтым разам перад намі - гульня ў падкрэсленую сцэнічную цнатлівасць, наіўнасць, якая сучаснае маладое пакаленне (а, відаць, менавіта яго прадстаўнікам адрасаваны спектакль, згодна з тэматыкай) проста раздражняе сваёй непраўдападобнасцю і саладжавасцю.

/i/content/pi/cult/258/3886/9-2.jpg А сцэнічная няпраўда для тэатра - гэта, бадай, самы страшны прысуд з усіх магчымых. Калі глядач не верыць таму, што адбываецца на сцэне, ніякія высокія маральныя ідэі, дэклараваныя стваральнікамі спектакля, не здольныя апраўдаць ягонага правалу. Такім чынам, маладыя акцёры сталіся своеасаблівымі заложнікамі замшэласці і старамоднасці рэжысёрскіх прыёмаў і штампаў, на якіх пабудавана "Шчасце маё". Затое прадстаўнікі старэйшага пакалення ў асобах Таццяны Паповай - у ролі "жалезнай вучылкі" Лідзіі Іванаўны - і Валерыя Агаяна- мяккацелага Аскара Барысавіча на вечна паўсагнутых ножках - з відавочнай асалодай гулялі ў "тэатр", ад якога, па сутнасці, адмовіліся ўжо некалькі дзесяцігоддзяў таму. Да пары ім аказаліся юныя піянеры (прозвішчы іх у праграмцы не пазначаны) - выхаванцы Дзіцячай тэатральнай школы пры Новым драматычным, што ў манеры школьнага КВЗ скакалі па сцэне, удаючы з сябе шчаслівых вучняў... Выходзіла пасля спектакля з прыкрым адчуваннем шкадавання. У большай ступені- за два гады жыцця маладых акцёраў (і іх аднакурснікаў, якія ў зале падтрымлівалі сяброў), што з агнём у вачах успрынялі ў свой час ідэю размеркавання ўсяго курса ў Новы драматычны, каб разам, зладжанай камандай ствараць жывыя, сучасныя спектаклі. І яны былі гатовы, клопату заставалася- усяго толькі зрабіць тэхнічны перанос і адаптаваць іх да новай сцэны.
Але на паверку аказалася, што ім далі зразумець: "сапраўдны" прафесійны тэатр - іншы. Такі, у якім рэакцыя залы вымагаецца альбо меладраматычнасцю сюжэта, альбо акцёрскім "плюсаваннем"... Пасля спектакля стала сведкай размовы гледачоў, якія гаварылі, што чакаюць часу, калі для гэтых, безумоўна, перспектыўных таленавітых акцёраў скончыцца тэрмін размеркавання, і яны змогуць перайсці ў іншыя тэатры, што паставяцца да іх больш уважліва і клапатліва. Ды падумалася: сваіх тэатральных "бабаяў" хапае паўсюль, і палохаць імі маладых акцёраў - справа няўдзячная і малаперспектыўная. Але лічу, што акурат гэткія спектаклі, як "Шчасце маё", павінны трапляць у эпіцэнтр самых шырокіх абмеркаванняў. Хаця б для таго, каб маладыя людзі, якія робяць на сцэне свае першыя крокі, разумелі, што неабходна ў сабе выкараняць, каб не скаціцца ў багну старога пад новай шыльдай.