...і флексікорда

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Не шукайце слова “флексікорд” у музычных энцыклапедыях. Гэта эксперыментальны музычны інструмент, нядаўна сканструяваны Германам Мюнцынгам са Швецыі. Наведаўшы нашу краіну, госць правёў майстар-класы па імправізацыі.

 

/i/content/pi/cult/258/3885/8-4.jpgПаглядзець на дзіўнае прыстасаванне прыйшлі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, іншых навучальных устаноў і ўсе, хто цікавіцца авангардам і электроннай музыкай. Бо такіх інструментаў у свеце - усяго два. Першы, выраблены Г.Мюнцынгам, знік "у невядомым напрамку" адразу пасля прэзентацыі, і шведскі музыкант зрабіў сабе другі, да таго ж, удасканалены: у яго аснове - струны і адаптэры дзвюх электрагітар, размешчаныя, як пажартаваў майстар, "на дзверцы ад шафы, пакладзенай на стол". Усё астатняе - падуладна палёту фантазіі. Бо граць можна не толькі спецыяльнымі прыстасаваннямі, але і любымі побытавымі рэчамі: пілачкай, каменьчыкамі, шчоткамі, памазком для галення, фігурным ножыкам для масла, аскепкамі шкла.

А яшчэ - падсоўваць пад струны гумкавыя, драўляныя "цацкі" і цягнуць або "перакатваць" іх уздоўж струн. А да таго ж- ствараць самыя неверагодныя ансамблі, далучаючы да флексікорда любыя акустычныя інструменты. Трэба было бачыць, як загарэліся вочы ў кампазітараў! Не столькі ад "дзіва заморскага", колькі ад нераскрытых магчымасцей нашых... цымбалаў. Бо госць, таго не ведаючы, нібыта спалучыў цымбалы з электрагітарай і "падказаў" безліч новых "цымбальных" ідэй. Засталося хіба дачакацца новых цымбальных твораў... і выправіцца ў цымбальны космас! Дарэчы, нядаўна выдадзены зборнік "Музыка для цымбалаў", што ўтрымлівае Пяць гукавых навел Вячаслава Кузняцова, - гэта цэлы "цымбальны космас". Ці, лепей, - невядомая раней "цымбальная планета", абсалютна новы, сучасны позірк на наш родны-народны інструмент. Ёсць тут і "Слёзы на лісці травы", дзе да няспраўджанага "дуэта", народжанага "спляценнем рук", далучаецца адзінокі званочак расстання. І "Смешная музыка", дзе музыканты, узгадаўшы фальклорна-кірмашовыя традыцыі і песню "Саўка ды Грышка", намагаюцца "зладзіць дуду" з цымбалаў ды бутэлечак, па-рознаму напоўненых вадой. А яшчэ - рамантычна-кранальныя ў цымбальным гучанні "Віно з дзьмухаўцоў", "Успамін пра Штокераў", гулліва-іранічная "Кічмузыка". З такімі творамі- любое замежжа скарыць няцяжка. І спакусіць сваю публіку!