“Translations” для дзяцей

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Справаздачы юных музыкантаў у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўжо даўно не навіна. Але канцэрт “Музыка беларускіх кампазітараў у сэрцах нашых дзяцей” стаўся не проста адметным, а папраўдзе унікальным. На жаль, не часта сустрэнеш выступленне, ды яшчэ аншлагавае, каб амаль дзве гадзіны праляцелі без перапынку, бы на адным дыханні, і гучалі б там — адно айчынныя акадэмічныя творы, выкананыя пераважна дзятвой.

 

/i/content/pi/cult/258/3884/8-1.jpgДы ўсё ж у цэнтры падзеі апынуліся не столькі дзеці (адных толькі ўдзельнікаў канцэрта было без малога 300 чалавек!), колькі кампазітары. Пачалася вечарына з іх урачыстага і, адначасова, вельмі кранальнага шанавання: кожнаму з іх "маленькія прынцэсы" ўручылі кветкі яшчэ да гучання самой музыкі - у знак прызнання за творчасць. Дый фінальнымі словамі Тамары Куніцкай, дырэктара Дзіцячай музычнай школы № 10, была шчырая падзяка кампазітарам за іх дзейнасць. А колькі выкладчыцкай працы было ўкладзена! У гэтай навучальнай установе ніколі не ідуць па прынцыпе найменшага супраціўлення: маўляў, які зборнік трапіцца - адтуль і возьмем п'есу, каб было ў рэпертуары штосьці беларускае. Літаральна за кожным творам адчуваліся карпатлівы пошук, прыдзірлівы адбор, аналітычная думка і - любоў. Гучалі не толькі хіты, але і незаслужана забытыя ці проста невядомыя "перлінкі", выцягнутыя з нябыту і перакладзеныя для неабходнага выканальніцкага складу. Некаторыя такія "пераклады" ледзь не перавышалі кампазітарскія арыгіналы сваёй вынаходлівасцю, уменнем знайсці тое, што блізкае суч а с н а й дзятве.

/i/content/pi/cult/258/3884/8-3.jpgЧаго была вартая хаця б песенька Кіма Цесакова "Тэлефон", фартэпіянны акампанемент якой Максім Расоха (выкладчык школы і саліст Прэзідэнцкага аркестра) перайначыў д л я квартэта драўляных духавых і далучыў да аранжыроўкі гучанне тэлефоннага аўтаінфарматара! А як заззяла фарбамі Канцэртная полька-скерца Ларысы Мурашка, перакладзеная Веранікай Сахаравай для двух раяляў замест аднаго! Нечаканым адкрыццём сталіся і хрэстаматыйна вядомыя "Беларускія танцы" Іосіфа Жыновіча, дзе квартэт духавых "Riviera" (усе яго зорныя ўдзельнікі - яшчэ і выкладчыкі школы) выступіў "у ролі" дудак і дуды, што суправаджалі цымбальны дуэт.

/i/content/pi/cult/258/3884/8-5.jpg Падабенства "траістай музыкі", распаўсюджанай у фальклоры, склалася і ў "Балбатухах" Аляксандра Друкта. Увогуле, што ні нумар быў у канцэрце - абавязкова "з рызыначкай"! А "лейтматывам" - музыка Яўгена Глебава, чыё імя носіць школа. Тут не гоняцца проста за "хуткасцю", спраўнасцю выканання. Больш за ўсё ўражвала прыгажосць, папраўдзе "дарослая" якасць самога гуку, прычым - у кожнага навучэнца, не гаворачы ўжо пра педагогаў. А яшчэ - найвысокі мастацкі густ, зноў-такі - у кожнага. У выніку канцэрт, што з'яднаў безліч жанраў і інструментальных складаў, не ператварыўся ў "дзіцячую мазаіку". Сваёй разнастайнасцю ён нагадваў, хутчэй, вясёлку, ды не маляваную фламастэрам, а жывую, "імпрэсіяністычную", дзе адзін колер так незаўважна перацякае ў другі, быццам рассыпаецца і зноў збіраецца кроплямі. Былі і "паралельныя знітаванні" з іншымі філарманічнымі праектамі. Выступленне ансамбля гітарыстаў і мандаліністаў школы сталася нібы працягам нядаўніх Міжнародных дзён "Mandolinissimo". А шматлікія спеўныя нумары - рэхам колішняй харавой сябрыны "Край ясназоры-2010", прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння Юрыя Семянякі. Дык, можа, прыспеў час з'яднаць назапашанае на школьных і пазашкольных "уроках"? І правесці на базе лепшых педагагічных калектываў і творчых саюзаў семінары, майстар-класы, якія папулярызавалі б сярод музычнага настаўніцтва і перадавы вопыт, і лепшыя айчынныя творы. Так, па кроплях-адценнях, і склалася б чароўная вясёлка дзіцячай беларускай музыкі. А за ёй - і дарослай. Бо дзеці ж вырастаюць!

 Фота Уладзіміра ВІТЧАНКІ