Terra цымбалаў, арфы…

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

У межах міжнароднага праекта “Terra incognita” маладыя беларускія кампазітары правялі пяць дзён у Германіі, выступіўшы з канцэртамі, лекцыямі, пра сучаснае мастацтва.

 

/i/content/pi/cult/258/3883/8-2.jpg- Гэтая паездка, - распавёў кампазітар Максім Круглы, - сведчанне таго, што краіны Заходняй Еўропы хочуць больш даведацца пра мастацтва сваіх усходніх суседак. Яно для іх пакуль- папраўдзе terra incognita, што можна перакласці як "зямля нязведаная". Абменны праект, зладжаны Асацыяцыяй маладых кампазітараў Берліна, ужо ахапіў творчую моладзь Расіі, Польшчы, Чэхіі, назапасіў за некалькі гадоў пэўныя традыцыі. Як правіла, у кожнай з краінудзельніц праводзіцца серыя з трох канцэртаў. Два з іх уключаюць музыку гаспадароў ды гасцей і паўтараюцца ў кожнай з дзвюх краін, паміж якімі ажыццяўляецца творчы абмен. Трэці ж канцэрт прэзентуе выключна "сваё" - музыку той краіны, дзе праходзіць сустрэча. Партытуры замаўляюцца для пэўнага выканальніцкага складу. Гэтым разам мы вазілі творы для скрыпкі і фартэпіяна. Але надалей інструментарый будзе пашырацца. У Германіі, да прыкладу, ёсць ансамбль "Адаптар", што спецыялізуецца на сучаснай музыцы: флейта, кларнет, фартэпіяна, ударныя, арфа. Прымаючы нямецкіх кампазітараў у сябе, мы дамовіліся замяніць арфу на цымбалы... Я адразу ўявіла, з якім беларускім каларытам прагучаць нямецкія творы. Нашы ж цымбальныя, адаптаваныя для арфы, набудуць большую еўрапейскую акадэмічнасць. Чым не падстава для разваг пра шляхі сучаснага мастацтва?

 Дарэчы, і гэтым разам дыскусій хапала. - Нам вельмі пашчасціла, - прадоўжыў кампазітар Канстанцін Яськоў, - што ў складзе дэлегацыі была кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Ганул. На факультэце сучаснай музыкі Універсітэта мастацтваў Берліна яна прачытала лекцыі пра беларускую музыку ў апошнія 50 гадоў, правяла прэзентацыю айчынных кампактдыскаў і партытур, якія мы падарылі нямецкім калегам. Усё - на цудоўнай англійскай мове, з добра падабранымі відэаі аўдыёматэрыяламі, ды так запальна, што не толькі канцэртная праграма, але і лекцыі, дэманстрацыя запісаў выклікалі самую шчырую зацікаўленасць і, адпаведна, працяглыя абмеркаванні. Немцы не хавалі свайго захаплення ад нашых твораў, звязаных з фолькам, а таксама ад кампазіцыі "Цэзій-137" Вячаслава Кузняцова. А нас вельмі ўразілі асобныя класы для кампазітарскіх заняткаў, аснашчаныя камп'ютэрам, акустычнай сістэмай. Вызначыліся і праблемы, актуальныя для абодвух бакоў. Асноўная з іх - прафесійны кампазітар вымушаны сам сабе быць "прадзюсерам", не спадзеючыся, што яго творы загучаць без аніякіх "менеджэрскіх" намаганняў з яго боку.

На здымку: М.Круглы пасля творчай сустрэчы.