“Міражы рэальнасці”

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Такую незвычайную назву мае выстаўка твораў гомельскага мастака Андрэя Крылова, які добра вядомы светлагорскім аматарам выяўленчага мастацтва яшчэ і тым, што ў 2005 годзе падарыў нашай карціннай галерэі 31 жывапісную карціну. 19 з іх напісаны бацькам мастака Валянцінам Аляксандравічам, а 12 — Андрэем. Што і казаць — сенсацыйны падарунак!

 /i/content/pi/cult/118/388/Mirazhy.jpg
 А. Крылоў. "Аголеная журба".
І вось новая экспазіцыя, прымеркаваная да 45-годдзя Андрэя Крылова. Да тых твораў, якія захоўваюцца ў мастацкім фондзе галерэі, мастак дадаў яшчэ 16, і атрымалася выстаўка, што цалкам адпавядае назве “Міражы рэальнасці”. Многія яго карціны сапраўды ўзнікаюць як нешта прывіднае, казачнае, патаемнае. І ў той жа час яны ствараюць пачуццёвую рэальнасць, якая, бадай, больш канкрэтная за зрокавую. Менавіта так успрымаецца, у прыватнасці, “Крымская раніца”. Мы не бачым ранішняга сонца, але яно адчуваецца ва ўсім паветры, прасякнутым яго невідочнымі прамянямі. Само паветра стала сонечна-зіхатлівым. Ёсць нейкая таямніца, нейкі магізм у гэтым мяккім ззянні святла, што растварылася ў прасторы карціны.

Не меншае ўражанне пакідае і “Восень”. У ёй нібы і ёсць мяжа паміж міражом і рэальнасцю, аднак яна такая незаўважная, неакрэсленая, што цяжка зразумець, дзе канчаецца прывіднасць і дзе пачынаецца ява. Але ў абодвух гэтых творах ды яшчэ ў “Ранішнім сонцы” А.Крылоў праяўляе сябе цудоўным каларыстам.

І ўвогуле, 16 новых твораў, размешчаныя побач з ранейшымі, сцвярджаюць непахісную вернасць мастака эксперыментам з новымі фарбамі, усё той жа смеласці пакінуць твор нібыта ледзь пазначаным, недапісаным, як бы даючы магчымасць гледачам самім уяўна закончыць яго. Можна нават заблытацца ў асцярожных, далікатных пералівах фарбавых адценняў. Няпроста, скажам, знайсці залаціста-празрыстага матылька ў аднайменнай карціне сярод іскрыстага бляску ружова-белага святла, што зыходзіць з яе. Так-так, зыходзіць, а не застаецца на карціне. Яна быццам “дыхае” фарбамі.

І ў той жа час А.Крылоў у сваіх новых творах усё больш набліжаецца да таго магізму, без якога, як ён сам лічыць, няма сапраўднага мастацтва. Вось чаму многія з іх нібыта напісаны сонечным святлом. Ім прасякнуты і “Горы”, і “Вечар”, і “Светлая нядзеля”... Фрагментарнымі здаюцца “Паэтэса”, “Джын”, “Ева”, але як цэласна яны ўспрымаюцца! Па-сапраўднаму настраёва глядзяцца карціны “Гракі паляцелі”, “Аголеная журба”, “Дарога”, “Чаканне цуда”...

Магічнасці А.Крылоў дасягае не толькі ў затоеным, але і ў відавочным. Ад яго “Арла” зыходзіць такое адчуванне ўладарнай магутнасці, што ўжо зусім не звяртаеш увагі на тое, як і чым гэта дасягнута. Мастак і піша адчуванне... Міжволі задумваешся над тым, што выстаўка магла б называцца не “Міражы рэальнасці”, а “Рэальнасць міражоў”.

Цудоўным аздабленнем урачыстасці сталі спевы ўзорнага хору хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Галіны Ур’еўскай-Еўсюковай.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,дырэктар Светлагорскайкарціннай галерэі “Традыцыя”імя Германа Пранішнікава