“Гульню ў сучаснае” зрабіць актуальнай

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва — установа, якая, мусіць, не перастане быць актуальнай тэмай для дыскусій вакол сябе і сваёй дзейнасці. У свой час наша газета шмат пісала аб неабходнасці стварэння такой установы ў краіне і на працягу яе існавання пільна сачыла за творчымі праектамі. Сёння дырэктарам музея з’яўляецца мастацтвазнаўца Наталля ШАРАНГОВІЧ, якая прайшла на сваёй пасадзе мяжу ў “сто дзён”. І мы звярнуліся да яе, каб больш падрабязна пагутарыць пра курс музея ў адносінах да сучаснага беларускага мастацтва.

 

 /i/content/pi/cult/258/3877/6-1.jpg - Як у статусе дырэктара Музея сучаснага мастацтва вам бачыцца "стыкоўка" паняццяў "музей" і "сучаснае мастацтва"?

 - Сапраўды, што такое музей, мы цудоўна ведаем, а вось з паняццем "сучаснае мастацтва" да гэтага часу застаюцца праблемы. Сёння ў дачыненні да мастацтва з-за сваёй няпэўнасці і расплывістасці яно практычна не ўжываецца: Еўропа настойліва прапаноўвае называць яго актуальным, канцэптуальным. Калі дванаццаць гадоў таму музей толькі ствараўся, сапраўды, галоўным было пытанне: а што на яго плошчах паказваць? Хаця, зразумела, ён павінен прадстаўляць айчыннае мастацтва, якое існуе тут і зараз. Іншая справа, што ў Беларусі не тая сітуацыя, як, прыкладам, у Германіі, Швецыі. Мы не павінны аддаваць перавагу мастацтву, так бы мовіць, актуальнаму, бо нароўні з ім у нашай краіне паспяхова функцыянуюць і традыцыйныя мастацкія формы.

- З чым звязана такая акалічнасць ?

 - Звязана гэта з тым, што цягам доўгага часу мы былі зарыентаваны на агульную савецкую мастацкую школу, якая спалучала ў сабе дзве паралельныя задачы: навучыць мастакоў маляваць і навучыць мысліць. І калі днямі ў рамках адкрыцця Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі мы прадстаўлялі выстаўку маладых беларускіх мастакоў, многія з наведвальнікаў адзначалі, што, пры рознасці пластычных моў, нельга не адчуць магутнага спалучэння моцнай школы і палётнай свабоды мыслення. Але, пры ўсёй нацыянальнай афарбоўцы нашага сучаснага мастацтва і адрознасці яго ад расійскага, украінскага, польскага, яно абсалютна актуальнае і ўспрымаецца не толькі ў нас, але і за мяжой, менавіта як сучасныя праявы творчага мыслення.

 - Як жа вы выбіраеце з сучасных твораў мастацтва "самыя сучасныя"?

- Яшчэ на пачатку стварэння музея была сфармулявана ідэя фіксацыі і збору "мастацтва, якое нараджаецца". Але ж міне пэўны час - гадоў 40 - 50 - і адбудзецца "натуральны адбор": стане зразумела, што з нашых калекцый можна будзе назваць калі не класікай, то хаця б творамі, якія характарызуюць той ці іншы перыяд. І, магчыма, акурат яны папоўняць залаты фонд Нацыянальнага мастацкага музея. Мы ж будзем працягваць сваё актыўнае жыццё.

- І зноў весці пошукавую работу?

 - А чаму б і не? Павінна ж існаваць структура, якая будзе гэтую работу праводзіць. Калі мы звернемся да статыстыкі, дык убачым, што толькі афіцыйных членаў Беларускага саюза мастакоў налічваецца амаль 1200 чалавек. Акрамя іх, існуюць яшчэ маладыя мастакі, тыя, хто па нейкіх прычынах яшчэ не ўступілі ў Саюз, але з гэтага не становяцца менш цікавымі творцамі... Камусьці трэба ўсё гэта адсочваць, адбіраць. Чаму гэтым не займаюцца галерэі? Па-першае, іх у нас не так і шмат, як хацелася б. Па-другое, яны не могуць займацца працэсам "усеабдымна" - там, як правіла, ідзе больш "кропкавая" работа: галерэі і былі ў свой час прыдуманы для таго, каб спецыялізавацца на якім-небудзь вузкім спектры мастацтва. А музей - структура ўсеабдымная, якая з гэтых "кропкавых спляценняў" і складае тую багатую калейдаскапічную карціну, што дасць уяўленне аб сучасным мастацтве Беларусі.

- А сіл у такога невялікага музея хопіць, каб ахапіць усё сучаснае беларускае мастацтва?

 - Так, нягледзячы на нашы творчыя амбіцыі, Музей сучаснага мастацтва - невялікі, творчых работнікаў, якія займаюцца праектна-выставачнай дзейнасцю, усяго некалькі чалавек. Але ж не тут наша галоўная праблема - нашмат больш клапоціць нас адсутнасць адпаведнага памяшкання. Так склалася, што музей існуе на часовых плошчах, і першапачаткова ішла гаворка пра пабудову для нас адмысловага будынка. І тут справа не толькі ў тым, што мы на сёння маем у фондах амаль тры тысячы твораў мастацтва, а месца для іх захоўвання ўжо не хапае. Сучаснае актуальнае мастацтва ўсё больш актыўна выходзіць за межы "багетных рамак" і патрабуе прасторы. Цяперашнія формы пластычнага выяўлення патрабуюць уключаць у "гульню" гэтую прастору, мадэляваць яе. Гэта асноўная ўмова. На жаль, музей паводле сваіх інтэр'ераў даволі абмежаваны ў магчымасцях, і, пры ўсім жаданні, мы не можам прадставіць тут буйныя праекты, хаця ўжо гатовы да іх. Мы сутыкнуліся з гэтым, калі пачалі рыхтаваць мастацкі праект "ART.INTOUCH": для таго, каб мець магчымасць дэманстраваць работы вялікіх памераў, нам давялося заключыць дамову з Нацыянальнай школай прыгажосці, каб прадставіць там манументальны жывапіс і інсталяцыі. На жаль, у Мінску вельмі мала выставачных пляцовак, і яшчэ менш сярод іх такіх, дзе можна было б ажыццяўляць праекты актуальнага мастацтва.

 - Якія з бліжэйшых амбіцыйных праектаў музея вы можаце агучыць у якасці прыярытэтных?

 - На пасадзе дырэктара музея я сутыкнулася з такой акалічнасцю, што мы вельмі часта не задумваемся, колькі намаганняў неабходна прыкласці, каб той ці іншы праект адбыўся. Нам прасцей крытычна сказаць: "Не атрымалася" - і не ўбачыць той велізарны пласт работы, якая праводзіцца на падрыхтоўчым этапе. Лічу, сёння ўвагу трэба скіраваць на тое, каб у музеі ажыццяўлялася як мага больш не персанальных выставак, а групавых, тэматычных праектаў, якія будуць асвятляць пэўныя тэмы. Прыкладам, чаму б не дэманстраваць прыватныя калекцыі, практычна не вядомыя шырокаму колу гледачоў і нідзе не апублікаваныя (а гэта таксама частка нашай культурнай прасторы, з ёй мы амаль не судакранаемся), або паказаць больш мэтанакіравана работы мастакоў, якія займаюцца арт-аб'ектамі? На пачатку лета мы плануем зладзіць выстаўку беларускага авангарда, а ўвосень, у рамках выстаўкі-агляду сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (яе праводзіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь) прадставіць буйны праект маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў на чале з Паўлам Вайніцкім, куды будуць уключаны інсталяцыі, арт-аб'екты, відэаарт - тое, чым захапляецца сёння творчая моладзь, і тое, што яшчэ не атрымала ў нас шырокага распаўсюджання, але ўжо існуе ў сучасным мастацкім жыцці. І калі за гэтыя праекты нас нават раскрытыкуюць, я буду лічыць: яны - атрымаліся, таму што ў сучасным мастацтве самае галоўнае - разбурыць "адчуванне цішыні" і выклікаць дыскусію.

 - Мне здаецца, сёння творчых дыскусій стала істотна менш, бо адсутнічае дакладна акрэсленая мастацкая канва, і ўсе размовы аб сучасным мастацтве заканчваюцца на тым, што "мастак мысліць так, а я - па-іншаму"...

 - Уся справа ў тым, што на сённяшні дзень адсутнічае крытэрый ацэнкі сучаснага мастацтва, а гэта самае важнае пытанне любой творчасці. У дачыненні да класікі такія крытэрыі, правераныя стагоддзямі, існуюць, але як толькі гаворка заходзіць пра сучаснае мастацтва, мы губляемся, а мастакі пачынаюць казаць, маўляў, яны "знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку". Дыскусіі ж якраз і даюць магчымасць гэтыя крытэрыі "намацваць", фармуляваць - толькі так мы будзем разумець, што мы павінны выстаўляць і з якой мэтай. Магчыма, з-за такой расплывістасці і абывацелі ставяцца сёння да сучасных твораў з пэўнай насцярожанасцю. Чаму наша публіка не наведвае выстаўкі актуальнага мастацтва з такой актыўнасцю, як на Захадзе?

 - Сапраўды, чаму так адбываецца?

 - Таму што сучаснае мастацтва патрабуе сур'ёзных разважанняў. Калі ты бачыш работы, якія табе не вельмі зразумелыя, даводзіцца прыкласці пэўныя інтэлектуальныя намаганні. Ты павінен арыентавацца ў філасофіі і гісторыі, мець асацыятыўнае мысленне, бо сучасныя мастакі нічога не кажуць просталінейна. Так ці інакш, сённяшні свет настолькі складаны, што ён пранікае ў палатно, прымушае мастака самога мысліць асацыятыўна, і той загадзя разлічвае: у гледача таксама павінна быць "шматслойнасць" успрыняцця. А глядач, у сваю чаргу, часта не гатовы да такой мастацкай і эмацыянальнай гульні.

 - Можа, мастакі занадта шмат жадаюць ад гледачоў? І што рабіць, калі з сучасным мастацтвам раптам вырашыць пазнаёміцца "непадрыхтаваны" чалавек?

 - У нас у музеі дастаткова замовіць экскурсію, пад час якой вам падрабязна ўсё раскажуць. У нас, дарэчы, часта з экскурсаводамі ходзяць і па два-тры чалавекі, адна жанчына прывяла ў музей сваіх дзяцей і сказала: "Няхай экскурсавод растлумачыць нам, што гэта такое". На самой справе, мы жывём у час, калі сорамна быць "непадрыхтаваным". Калі я ў Маскве стаяла ў чарзе на выстаўку Пікаса, якую прывезлі з Музея Пікаса ў Францыі ў Пушкінскі музей, побач са мной былі "непадрыхтаваныя" гледачы, дзеці. Значыць, складаная мастацкая гульня Пікаса іх зацягвае! Бо інтэлектуальная і эмацыянальная работа - нармальная для чалавека. Я далёкая ад ідэі музея як выхаваўчай установы, але ж нельга дэклараваць і тое, што мы павінны "апусціцца" да гледачоў. Не апусціцца, а - дапамагчы ім самім падцягнуцца да ўзроўню разумення і ўспрыняцця сучаснага мастацтва, зацікавіцца ім. І калі замест бутэлькі піва за дзве тысячы малады чалавек купіць квіток на выстаўку актуальнага мастацтва, гэта будзе рэальны вынік працы нашага музея

Фота Юрыя ІВАНОВА