Крылы смутку і памяці

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

У сувязі з авіякатастрофай у Смаленскай вобласці, што забрала дзесяткі жыццяў польскіх грамадзян, сярод якіх знаходзіўся Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Лех Качыньскі, ад імя беларускага народа і сябе асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў глыбокія спачуванні Маршалу Сейма Рэспублікі Польшча Браніславу Камароўскаму, а таксама родным і блізкім загінулых. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. “Вялікае гора абрынулася на блізкую нам дзяржаву, з якой Беларусь звязваюць даўнія роднасныя, гістарычныя і культурныя адносіны. Пачуццё глыбокага смутку па трагічна загінулых у авіякатастрофе Прэзідэнце і грамадзянах Рэспублікі Польшча ахапіла нашы сэрцы. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і ўвесь беларускі народ выказваюць шчырыя спачуванні родным і сваякам загінуўшых, а таксама польскім уладам, — гаворыцца ў спачуванні. — Мы разумеем, якія незаменныя страты для народа Польшчы прынесла гэтая трагічная падзея. У надзвычай цяжкі для вашай краіны час прыміце словы нашай падтрымкі і глыбокай спагады”.

 

/i/content/pi/cult/258/3876/2-6.jpg

Словы спачуванняў родным і блізкім ахвяр катастрофы пад Смаленскам, польскаму народу і ўладам выказалі таксама Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі і члены беларускага Урада, старшыні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу краіны, дэпутаты і сенатары. 11 красавіка Пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак ад імя ўсіх беларускіх замежных устаноў у гэтай краіне пакінуў запіс у кнізе спачуванняў на Бельведэры. Грамадзяне Беларусі прыносяць кветкі і лампады да будынка Пасольства краіны-суседкі ў Мінску, генеральных консульстваў у Брэсце і Гродне, пакідаюць запісы ў Кнізе спачуванняў, моляцца ў храмах за душы загінулых...

 ■

2010-ы ў нашай рэспубліцы абвешчаны Годам Фрыдэрыка Шапэна. Ужо сёння, усяго праз чатыры месяцы ад яго пачатку, можна сцвярджаць пра незвычайны размах святкавання ўгодкаў слыннага сына польскага народа і ўшанавання яго творчасці беларускімі музыкантамі. У рамках гэтай акцыі творы кампазітара прагучалі і на канцэрце слыннага аркестра "Sinfonia Varsovia", які 16 красавіка адбыўся ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, толькі ўжо ў іншым эмацыйным кантэксце. Першапачаткова планавалася, што вядомы польскі калектыў выканае Канцэрт № 1 мі мінор для фартэпіяна з аркестрам, аднак у праграме адбыліся змены з прычыны агульнанацыянальнай жалобы ў Польшчы. У сувязі з ёй згадваецца найперш знакамітая трэцяя частка шапэнаўскай Другой санаты сі-бемоль мінор... "Вельмі смуткую разам з роднымі і блізкімі загінулых, асабліва і таму, што шматлікіх з іх ведаў асабіста. У гэтую хвіліну ўспамінаю нашы сустрэчы і размовы з імі, і захаваю памяць аб іх на ўсё жыццё", - напісаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка ў спачуваннях, адрасаваных міністру культуры Польшчы Богдану Здраеўскаму, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Генрыку Літвіну. У спісе тых, хто загінуў у выніку авіякатастрофы пад Смаленскам, ёсць імя намесніка міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Томаша Мерты. Сёння шыльдачка на яго зачыненым кабінеце перакрэслена жалобнай стужкай... Але стваральныя справы і здзяйсненні застаюцца. І распачатыя праекты, задумы тых, хто загінуў у гэтай страшнай катастрофе, абавязкова спраецыруюцца на заўтрашні дзень, рэалізуюцца ў будучыні. З года ў год развіваюцца стасункі Беларусі і Польшчы ў культурнай сферы. Шматлікія музычныя і тэатральныя фестывалі, выставачныя праекты і пленэры на нашай зямлі з радасцю запрашаюць польскіх творцаў на свае мерапрыемствы... Беларускія культура і мастацтва таксама шырока прадстаўляюцца ў Польшчы. А сумесныя праекты ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны плённа працуюць і сёння. Названае вышэй - толькі невялікая частка тых агульных памкненняў, што маюць нашы народы ў сферы культуры і духоўнасці.

 ■

Крылы смутку нібыта з'ядналі дзве авіякатастрофы - у польскім пасёлку Малечын і пад расійскім Смаленскам... На мінулым тыдні ў Польшчы ўспаміналі імёны двух беларускіх лётчыкаў - Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча, якія гераiчна загінулі на леташнім авіяшоу ў Радаме, адводзячы самалёт ад населенага пункта. 11 красавiка ў пасёлку Маленчын (пад Радамам) адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка беларускім лётчыкам. Ініцыятарамі ўшанавання памяці афіцэраў выступілі настаяцель мясцовага прыхода і жыхары Маленчына, а іх ідэю падтрымалі камандаванне Ваенна-паветраных сіл Польшчы і мясцовыя ўлады. Помнік усталяваны практычна на месцы падзення Су-27. Гранітная аснова нагадвае контур самалёта з двума крыжамі - праваслаўным і каталіцкім. Хрысціянскія сімвалы зроблены з метала рухавіка Су-27, што пацярпеў крушэнне. Вышыня помніка - больш за 2 метры, на п'едэстале - надпісы на беларускай і польскай мовах. У адкрыцці помніка прынялі ўдзел родныя, блізкія i калегi загінулых пілотаў, прадстаўнікі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Пасольства нашай краіны ў Польшчы. Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць А.Марфіцкага і А.Жураўлевіча, а таксама Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і ўсіх ахвяр авіякатастрофы Ту-154 пад Смаленскам. ...Гэтыя крылы смутку ўвойдуць у гісторыю. Гэтыя крылы Памяці застануцца ў сэрцах людзей...