Гала-канцэрт венесуэльскай музыкі аб'яднаў музыкантаў дзвюх краін 14 красавіка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Пачаўся ён з выступлення Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Амерыка Дыяса Нуньеса. Ён прывітаў гасцей канцэрта, а пасля абвясціў хвіліну маўчання, якой ушанавалі памяць Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. У першым аддзяленні Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава бліскуча выканаў творы венесуэльскіх кампазітараў Хасэ Антоніа Кальканьё і Антоніа Лаура. Саліраваў у першым аддзяленні таленавіты венесуэльскі гітарыст Даніэль Мерчан.
Пасля антракта за дырыжорскі пульт стаў Першы сакратар Пасольства Венесуэлы, каардынатар Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара Херарда Эстрада. Творы ў выкананні аркестра пад кіраўніцтвам экспрэсіўнага маэстра прагучалі ў адзіным магутным парыве.
Са сцэны Філармоніі ўпершыню прагучала Рапсодыя да 200-годдзя, напісаная Херарда Эстрада адмыслова да знамянальнай даты. Майстэрства дырыжора настолькі захапіла залу, што аркестр выклікалі "на біс". Якімі ж яшчэ падзеямі насычана культурная праграма Пасольства Венесуэлы ў нашай краіне? Фільм "Маранда вяртаецца" гледачы пабачылі 15 красавіка ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Да 23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстаўка "Галерэя герояў вызваленчага руху Венесуэлы". Музычныя і танцавальныя калектывы пакажуць свае праграмы сёння перад уваходам у Лацінаамерыканскі культурны цэнтр у Мінску. Першая гадавіна яго адкрыцця стала яшчэ адной нагодай для святочных мерапрыемстваў.
Фота Юрыя ІВАНОВА