Першы, другі… Трэці!

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Гала-канцэрт пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” адбудзецца 7 мая ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 

Аб гэтым стала вядома па выніках тэхнічнага пасяджэння аргкамітэта. Такім чынам, у сталічнай філармоніі будуць прадстаўлены пераможцы па ўсіх 12 намінацыях конкурсу. Аднак сам фінальны этап будзе выглядаць наступным чынам. У намінацыі "Эстрадныя спевы" заключны этап "Зоркі..." пройдзе 6 красавіка ў Маладзечне. Ён будзе складацца з дзвюх частак. Спачатку канкурсанты выступяць пад фанаграму "мінус адзін", а ўжо лепшыя з іх выканаюць конкурсныя песні пад акампанемент Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Фінберга (дарэчы, старшыні журы ў "эстраднай" намінацыі). Спаборніцтвы па астатніх катэгорыях адбудуцца 15 - 17 красавіка ў Мінску. У якасці конкурсных пляцовак выступяць, у тым ліку, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў, аўдыторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў. Прычым конкурсы па мастацкіх дысцыплінах будуць праходзіць цягам трох дзён. Плануецца, што ў фінальным туры будуць спаборнічаць каля 600 чалавек.

А ўсяго ў конкурсе маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю" ўжо ўзялі ўдзел амаль 4 тысячы чалавек ва ўзросце ад 16 да 31 года. Калі браць канкрэтныя намінацыі, то колькасць удзельнікаў-фіналістаў па іх плануецца наступная:

"Сучасны танец" - 226 чалавек, "Фатаграфія"- 20, "Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, шоупраграм" - 8, "Аўтарская песня" - 20, "Дызайн" - 16, "Размоўны жанр" - 17, "Сацыяльная рэклама"- 10, "Эстрадныя спевы"- 58, "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва"- 17, "Жывапіс і графіка"- 16, "Скульптура" - 11, "Народныя спевы" - 51.