Вернісаж, які лечыць

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

1 красавіка ў сценах кардыялагічнага аддзялення 4-й гарадской бальніцы імя М.Я. Саўчанкі адкрылася выстаўка нашага калегі, загадчыка аддзела фотаілюстрацый “К” Юрыя Іванова, якую ён падарыў калектыву кардыялагічнага аддзялення.

У той дзень трапіць ва ўтульнае фае кардыялагічнага аддзялення - было кшталту перамяшчэння ў выставачную залу: па калідорах клінікі побач з пацыентамі, дактарамі, медработнікамі павольна шпацыравалі і разглядвалі фотатворы рэжысёр Барыс Луцэнка, архітэктар Леанід Маскалевіч, артыст Яўген Крыжаноўскі... Зазірнуўшы ў знаёмую "незнаёмую" прастору, медперсанал заміраў у нерашучасці: маўляў, а куды мы трапілі? - але потым з цікавасцю далучаўся да дзеі. - Ведаеце, учора адна пацыентка мне прызналася, - распавёў карэспандэнту "К" урач-кардыёлаг Васіль Марчанка, - што ў яе рытм сэрца палепшыўся пасля наведвання выстаўкі! - Цудоўная ідэя, - кажа Барыс Луцэнка, - падарыць сваё адчуванне прыгажосці чалавека, прыгажосці прыроды!
Гэта часам ратуе ў цяжкія хвіліны... Узняты настрой панаваў ва ўпрыгожаным фотаздымкамі холе, паступова распаўсюджваючыся па паверхах. - Ці бачылі вы выстаўку? - пытаемся ў пацыентаў, зазірнуўшы ў выпадковую палату. - Бачылі, - адказваюць. - Добрая ідэя! - Для нас атрымаць гэтую выстаўку- вялікі гонар і ўдача, - адзначае намеснік галоўнага ўрача бальніцы Дзмітрый Тарапілаў. - Рэабілітацыя пацыентаў кардыялагічнага профілю ў многім залежыць ад аднаўлення іх эмацыйнага фону, а што больш можа гэтаму садзейнічаць, як не мастацтва? - Вялікая справа, - лічыць в. а. загадчыка кардыялагічнага аддзялення Ірына Козіч, - даць магчымасць нашым пацыентам убачыць тое, што набліжае да дому і робіць цябе моцным.