Неакласіка і Шагал

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Спектаклі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета імя Л.Якабсона пройдуць у Канцэртнай зале “Віцебск” з 2 па 4 красавіка.

Знакаміты тэатр пакажа класічны балет "Шчаўкунок" і дзве пастаноўкі ў стылі, які яго мастацкі кіраўнік Юрый Петухоў вызначае як неакласіцызм, - "Рамэа і Джульета" і "Спартак". Віцебскія гледачы знаёмы са спектаклямі гэтага калектыву па колішніх выступленнях на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Сёлета тэатр імя Л.Якабсона адзначае 40 гадоў з дня заснавання, і ў яго вялікія гастролі па Расіі, паведамілі карэспандэнту "К" у Цэнтры культуры "Віцебск". У рэпертуары тэатра можна пабачыць як класічныя спектаклі, так і новыя сучасныя творы, вялікая ўвага надаецца захаванню і ўзнаўленню пастановак знакамітага балетмайстра Л.Якабсона.

Дарэчы, ёсць у Санкт-Пецярбургскага тэатра і творчая сувязь з Віцебскам: узноўлены спектакль "Вясельны картэж", створаны па матывах работ Шагала, атрымаў "Залатую маску", а "лятаючы чалавек" з карціны віцебскага мастака прысутнічае ў фінале пастаноўкі "Майстар і Маргарыта", якую зрабіў Юрый Петухоў. Канцэртная зала "Віцебск" прадоўжыць радаваць гледачоў тэатральнымі праектамі і надалей. 15 мая тут выступіць Дзяржаўны балет на лёдзе г. Санкт-Пецярбурга. Сцэну залы зальюць штучным лёдам, а артысты, якія прайшлі спецыяльную школу катання на каньках, пакажуць незвычайнае відовішча. Можна будзе назіраць "Лебядзінае возера" і "Спячую прыгажуню".