Адна з сямі прафесара Шышкова

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Таленавіты скрыпач Арцём ШЫШКОЎ неаднойчы станавіўся героем артыкулаў “К”. А як жа іначай! Бо ён — лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыят і лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удзельнік многіх прэстыжных фестываляў, канцэртуючы музыкант, які з сольнымі гастролямі пабываў у Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Швейцарыі, іншых краінах свету. Творчых падзей на ягоным жыццёвым шляху столькі, што хопіць далёка не на адзін артыкул. Выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і, раней, Рэспубліканскага каледжа пры ёй, ён змяніў статус навучэнца на выкладчыка гэтых адукацыйных устаноў. Гэтак жа летась з удзельніка майстар-класаў “Musica Mumdi” ў Бельгіі “ператварыўся” ў прафесара гэтых самых курсаў. І ўжо год як удзельнічае ў інтэрнацыянальным “Ліпкінд-квартэце” (Беларусь, ЗША, Ізраіль, Японія). А літаральна днямі выпраўляецца ў Вену, каб прадоўжыць адукацыю ў аспірантуры тамтэйшага Універсітэта музыкі і выяўленчага мастацтва.

 

/i/content/pi/cult/257/3845/13-1.jpg- Арцём, што складаней: навучыцца  самому ці навучыць кагосьці? У вас гэта некаторы час адбывалася паралельна: вы вучыліся ў магістратуры і адначасова выкладалі...

- Гэтыя працэсы насамрэч узаемазвязаны, я не падзяляў бы іх. Часцей, вядома, выкарыстоўваецца формула кшталту: век жыві - век вучыся. У музыцы гэтая жыццёвая ісціна набывае дадатковы сэнс: ты застаешся прафесіяналам да тае пары, пакуль працэс навучання, пастаяннага трэнінгу доўжыцца бесперапынна. Як толькі вырашаеш "адпачыць", "праехацца" на колішніх навыках - гэта ўжо не прыпынак, а крок назад. Але ж многія добрыя вучні не ўмеюць займацца самастойна, як часам высвятляецца пасля заканчэння імі навучальнай установы. Без педагога яны ўжо не ведаюць, куды ім рухацца, не могуць самі падрыхтаваць новы твор, не ўмеюць кантраляваць сябе "збоку". Таму галоўная задача педагога - навучыць свайго вучня быць выкладчыкам для самога сябе. Каб гэтага дасягнуць, трэба, на маю думку, уводзіць выкладанне ў практыку вучня як мага раней: дзеці самі павінны ўмець растлумачыць адно аднаму, чым ім спадабалася ці не спадабалася выкананне, як яго палепшыць. Дарэчы, у класах вялікіх педагогаў так было заўсёды. Індывідуальныя заняткі з вучнем ніхто не адмяняў, але там прысутнічаў ледзь не ўвесь клас гэтага выкладчыка, старэйшыя і малодшыя. Яны слухалі ігру адно аднаго, парады выкладчыка, звернутыя не толькі да іх асабіста, але і да іншых, выпрацоўвалі ўласныя меркаванні, уменне падзяліцца сваім вопытам, саму сістэму сваіх будучых стасункаў з калегамі розных узростаў. Узгадаю і тыя традыцыі, што склаліся ў прыватнаўласніцкіх тэатрах Беларусі ХVIII стагоддзя. Пры кожным з іх была свая "школа", непарыўна звязаная з музычна-тэатральнай практыкай. Веды і навыкі набываліся, каб як мага хутчэй рэалізавацца на сцэне. Да таго ж, само навучанне было блізкім да так званай Бэль-Ланкастэрскай сістэмы: гэтыя ідэі тады літаральна луналі ў паветры, але на нашай нацыянальнай глебе, у тагачасных умовах прыгонніцтва, набылі адметнае ўвасабленне. Маэстра, запрошаны з-за мяжы, займаўся не з усім "патокам", а з самымі адоранымі, абранымі з прыгонных сялян. Тыя, у сваю чаргу, ледзь паспеўшы навучыцца ў майстра, перадавалі свае веды астатнім - такім жа прыгонным сялянам, будучым артыстам. Пры гэтым іхнія ўласныя веды замацоўваліся, набывалі творчы кірунак, бо ў працэсе перадачы ўзбагачаліся ўласным досведам, творчым падыходам. Акрамя таго, гэта складала ўсе ўмовы для як мага больш хуткага фарміравання нацыянальнай школы, бо еўрапейскія веды "накладаліся" на багаты фальклорны вопыт і перадаваліся далей ужо ў такім "адаптаваным", "перакладзеным" на нацыянальную мову варыянце. Уменне такога "перакладу", прыстасаванае да індывідуальных магчымасцей і асаблівасцей характару вучня, і ёсць, пэўна, талент педагога. І развіваць яго трэба змалку.

 - Як вы лічыце, што з сучаснага замежнага вопыту годнае пераймання?

- Мне вельмі даспадобы распаўсюджаныя ў Еўропе адкрытыя рэпетыцыі. На іх таксама часта прадаюць білеты- куды больш танныя, чым на канцэрт. Але галоўная асаблівасць такой рэпетыцыі ў тым, што маэстра выходзіць на сцэну не проста збалансаваць гучанне ў новай для яго зале, а расказаць публіцы пра сябе ці свой калектыў, падрыхтаваную праграму. Дый уласна рэпетыцыйны працэс прыносіць слухачам вялікую карысць. Для аматараў гэта - папярэдняе знаёмства, якое дапамагае на канцэрце глыбей зразумець творы і іх выкананне. Для прафесіяналаў - дадатковы майстар-клас: ты назіраеш саму "творчую лабараторыю" майстра, заўважаеш, чаму ён аддае перавагу, да чаго імкнецца. Узяць тыя ж майстар-класы, распаўсюджаныя ў замежжы Летнія акадэміі: чаму б не наладзіць іх правядзенне і ў Беларусі? У нас ёсць цудоўныя выкладчыкі, нашы выканальніцкія школы карыстаюцца вялікім попытам. Калі да нас едуць замежнікі навучацца на стацыянары, у магістратуры, дык з не меншай ахвотай, думаю, наведвалі б і такія курсы. Зразумела, іх трэба добра арганізаваць, укласці ў гэта грошы, але і аддача будзе - і фінансавая, і творчая.

- Што асабіста вам далі Летнія акадэміі ў той жа Бельгіі? Вы ж ездзілі туды ажно чатыры гады запар: тры - як слухач, чацвёрты - як выкладчык. Дый сёлета вас туды зноў запрасілі "прафесарстваваць"...

 - Не мяне аднаго, а ўсю нашу беларускую "каманду". Увесь гэты час мы ездзілі туды ў такім складзе: кантрабасіст Станіслаў Анішчанка, піяніст Аляксандр Музыкантаў, віяланчэліст Аляксей Кісялёў і я. Дарэчы, ездзілі бясплатна- гэта быў знак прызнання нашай выканальніцкай школы. Бо ўдзел у Летніх акадэміях музыкантаў высокага ўзроўню спрыяе іміджу гэтых курсаў. Збіраецца звычайна каля 70-ці студэнтаў. Дзень распісаны з ранку да ночы. Здараецца, рэпеціруем і да апоўначы, і пасля апоўначы. Майстар-класы спалучаюцца з фестывалем. Госці, якія прыязджаюць выступіць на фестывалі, даюць і майстар-класы. А некаторыя займаюцца з удзельнікамі штодзень цягам двух тыдняў. Акрамя ўласна ведаў, набываецца мабільнасць: новыя творы трэба вывучыць вельмі хутка - і паказаць іх на іспыце, каб лепшыя потым былі адабраны ў канцэрт. Да таго ж, даводзіцца граць разам з незнаёмымі табе музыкантамі розных нацыянальных школ, знаходзіць з імі ўзаемаразуменне - найперш у тым, як лепш выконваць прапанаваныя творы. Гэта не проста тэст на псіхалагічную сумяшчальнасць - так выпрацоўваюцца неацэнныя навыкі камернага музіцыравання.

 - Але ж лічыцца, што часта змяняць выкладчыкаў немэтазгодна. Таму многія педагогі вышэйшага звяна- той жа Акадэміі музыкі - адначасова выкладаюць у сярэдніх і пачатковых навучальных установах - у тым жа ліцэі пры Акадэміі. І гэта дазваляе найбольш паслядоўна "давясці" вучня да вяршыняў...

 - Больш за тое: змяняць выкладчыка на раннім этапе навучання - часцяком значыць пачынаць усё спачатку. Таму сёння такая ўвага надаецца пачатковаму музычнаму навучанню: туды ўсё больш накіроўваецца спецыялістаў з вышэйшай, а не з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала: лепшага выкладчыка, чым Эдуард Кучынскі, і ўявіць сабе не магу. У дзяцінстве ж я займаўся ў яго жонкі, так што рэзкіх хістанняў ад адной методыкі да другой у мяне не было. Калі ж вучань ужо ўмее даваць самастойныя ацэнкі, дык даведацца пра іншыя выканальніцкія і педагагічныя школы, сістэмы навучання заўсёды будзе для яго вельмі карысным. Па-першае, чым больш "вушэй" збоку - тым лепш: кожны зможа параіць табе нешта сваё. Твая ж задача - прыслухацца, ацаніць, што з гэтага табе падыдзе, а што, можа, і не. Па-другое, у гэтым і ёсць працэс эвалюцыі, развіцця: выбіраць лепшае і ўдасканальваць яго надалей. Каб выбраць, трэба спачатку пазнаёміцца.

 - Самая, бадай, распаўсюджаная скарга музыкантаў - на адсутнасць у нас добрых інструментаў, вартых таго, каб прадстаўляць Беларусь на самых прэстыжных міжнародных форумах. Летась на Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета вам і Уладзе Беражной, яшчэ адной выхаванцы Эдуарда Кучынскага, пашчасціла граць на калекцыйных скрыпках. Але гэта была - фестывальная акцыя. Што ж далей?

 - У студзені па распараджэнні Адміністрацыі Прэзідэнта краіны і пры дапамозе нашага Міністэрства культуры мы з Эдуардам Кучынскім ездзілі ў Лондан: наведвалі адну з самых прэстыжных у свеце фірм, што займаецца рэстаўрацыяй інструментаў лепшых старадаўніх майстроў. Нам прапанавалі на выбар сем скрыпак, мы спыніліся на адной з іх. Так што хутка, спадзяюся, пытанне з яе набыццём будзе вырашана. Але з цягам часу можна было б пайсці і далей. Калекцыйныя скрыпкі сёння - яшчэ і ўдалы варыянт укладання грошай. Іх цана ўзрастае да 10-ці працэнтаў у год - гэта куды больш, чым пры ўкладанні грошай у тое ж золата. Да таго ж, каб добра захоўвацца, скрыпка не павінна адно ляжаць у футарале - на ёй трэба граць. Таму такія скрыпкі прадастаўляюцца ў карыстанне, а гэта - грошы за амартызацыю, вялізная страхоўка. Іншымі словамі, не горшы варыянт фінансавага абароту. Азіяцкія банкі гэта ўжо ўцямілі і пачалі рабіць на інструментах прыбытак. У нас жа пакуль такая форма не распаўсюджана.

- Можа, яшчэ і таму, што нашы музыканты канцэртуюць радзей за тых жа расійскіх? Ці часта, да прыкладу, наша публіка можа пачуць ігру Арцёма Шышкова? Так, вы саліруеце. Ды не так часта, як гэтага хацелася б не толькі мне, але і ўсім аматарам музыкі. На іншых канцэртах ажно роспач бярэ: запрашаем гастралёра, які мае гучнае, авеянае славай імя, але ўжо страціў былую "спартыўную" форму, а за гэтыя ж грошы можна было б даць магчымасць выступіць дзесятку нашых маладых салістаў, якія граюць куды лепш за яго!

 - Разумею вас, але і тут зрухі - відавочныя. Пагадзіцеся, нашы музыканты сёння куды часцей радуюць публіку, чым яшчэ некалькі гадоў таму. У філармоніі ёсць асобны абанемент, у канцэртах якога з лепшымі аркестрамі краіны саліруюць адно юныя музыканты. Але пагаджуся: навучэнцы, да прыкладу, каледжа пры Акадэміі музыкі маюць для гэтага больш магчымасцей, чым... студэнты самой Акадэміі, бо адпаведнага "кансерваторскага" абанемента няма. А, між тым, сёння ў свеце ўсё большую перавагу пры станаўленні творчай кар'еры музыканта пачынаюць аддаваць не выканальніцкім конкурсам, а менавіта канцэртным турам. Можа, трэба і нам прыслухацца да гэтай сусветнай тэндэнцыі? Паверце, яна мае рацыю.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"