“Хачу славіць сваю радзіму — Беларусь…”

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Міхаіл Іосіфавіч Мікешын… Выдатны скульптар, таленавіты жывапісец, рысавальшчык і ілюстратар. “Рускі мастак” — так скрозь і ўсюды ў яго біяграфіях сказана пра гэтага чалавека, а ўспаміны і пісьмы Мікешына, дзе ён часта згадвае сваю радзіму — Беларусь, даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. “Вастру сваю зброю — аловак — і зноў хачу славіць сваю “Эльвіру”, сваю радзіму — Беларусь”, — піша ён. Эльвіра — імя ад назвы германа-скандынаўскіх духаў, эльфаў, якія ў старажытнасці шанаваліся як сімвал урадлівасці. І яшчэ: “1812-ы год у нас, у Беларусі, назвалі спустошаным годам, і, сапраўды, для нашага роду Мікешыных гэты год сцёр дабрабыт нашай сям’і”. Альбо: “Каля 15 гадоў таму (Гэта 1865 г. — Б.К.) мне давялося быць на радзіме, у Беларусі…” Дарэчы, і сюжэт першай значнай карціны М.Мікешына “Лейб-гусары ля вадапою” цалкам — з беларускага жыцця: пра тое, як бравыя вусатыя кавалеры, што спыніліся ля калодзежа, каб напаіць коней, сустракаюцца са зграбнымі беларускімі дзяўчатамі-пастушкамі. Гэтыя, усхваляваныя гусарскімі заляцаннямі, кабеты апрануты ў прыгожыя сукенкі, расшытыя беларускім арнаментам. З любоўю адлюстраваны і беларускі калодзежны “журавель”, і гладка абчасаныя, выдзеўбаныя з дубу ночвы, і старая сялянская хата на заднім плане, і свойская жывёла…

 

/i/content/pi/cult/257/3844/15-1.jpgБлаславенне на прафесію ...

Міхаіл Іосіфавіч нарадзіўся 21 лютага 1835 года ў вёсцы Максімаўка Рослаўскага павета Смаленскай губерні (з XV стагоддзя да пачатку ХХ-га Смаленскі край у асноўным з'яўляўся этнічна беларускай тэрыторыяй, якая ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі). "Нарадзіўся я ў павеце і да васьмігадовага ўзросту працвітаў там на ўлонні прыроды бацькоўскай, а як прыйшоў час мяне вучыць, дык усе мы і пераехалі на жыццё ў наш гарадскі дом (У Рослаў. - Б.К.), - піша ў сваіх успамінах Мікешын. Яго маці Ганна Дзмітрыеўна паходзіла з беларуска-польскага роду Барташэвіч-Адалянскіх і выхоўвалася ў адным з найлепшых інстытутаў для дзяўчат у Варшаве. На адным балі яе заўважыў сам імператар Напалеон Банапарт і, уражаны яе прыгажосцю, падарыў чайную ружу і пальчаткі. Гэтыя пальчаткі і прах той ружы яна да канца жыцця захоўвала ў шкатулцы, якая перайшла сыну. Пасля пераезду Ганны Дзмітрыеўны ў 1812 годзе ў Рослаў з ёй узяў шлюб Іосіф Ягоравіч Мікешын, беларускі партызан Рослаўскай коннай дружыны, якая змагалася з французамі ў наваколлі Рослава і суседніх магілёўскіх мясцін. Пад вёскай Крывалес ён быў моцна паранены ў плячо шабельным ударам і доўга лячыўся ў Смаленску. Аднак Міша больш за ўсё любіў дзеда Дзмітрыя Андрэевіча, калісьці віртуознага фехтавальшчыка, "атэіста, вальтэр'янца і вальнадумца"; зляпіў з гліны галаву дзеда перад самай яго смерцю і атрымаў ад старога блаславенне на прафесію мастака. Сваё свядомае жыццё будучы скульптар пачынаў у пачатковым народным вучылішчы ў Рославе. Бацька яго ў гэты час быў саляным прыставам у гэтым "правінцыйным беларускім паветавым гарадку". Схільнасці да малявання ў юнака праявіліся вельмі рана. Сам Міхаіл Іосіфавіч успамінае так: "Пісаць маслянымі фарбамі я пачаў яшчэ дома, у вёсцы, пад першапачатковым кіраўніцтвам вандроўнага іканапісца Ціта Андроныча. Гэты мілы, вясёлы і заўсёды падвыпіўшы дзядок навучыў мяне, як прыгатаваць і церці масляныя фарбы, ачышчаць і варыць канаплянае масла, грунтаваць палатно і нават рабіць драўляныя падрамнікі..."

 Карціна, набытая імператарам...

 Пасля заканчэння вучылішча Міхаіл працаваў чарцёжнікам на будаўніцтве Маскоўска-Варшаўскай шашы. Вось тут яго і заўважыў начальнік канторы па будаўніцтве магістралі А.А. Валяроўскі. Ён за свой кошт прывёз Мікешына ў Санкт-Пецярбург, дзе 16-гадовы юнак быў прызначаны ў батальны клас жывапісу прафесара Багдана Паўлавіча Вілевальдэ Акадэміі мастацтваў (1852 год). Вучоба ішла вельмі паспяхова. Мікешын піша тую самую карціну аб конных гусарах і атрымлівае за яе Малы сярэбраны медаль. Больш за тое: яе набывае з выстаўкі сам імператар. Потым былі медалі рознай вартасці і, нарэшце, за жывапісную кампазіцыю "Ад'езд графа Толлі ў Магдэбург", - Вялікі залаты медаль, які даваў яму права на шасцігадовае знаходжанне ў творчай камандзіроўцы ў Еўропе за кошт дзяржавы і, канешне ж, званне класнага мастака І ступені.

/i/content/pi/cult/257/3844/15-2.jpgУзлёт "рамантычнага гісторыка"

 Але якая там Еўропа! Вясной 1859 года (ужо пасля заканчэння Акадэміі) Мікешын са сваімі найбліжэйшымі сябрамі Віктарам Гартманам (архітэктарам) і земляком з Беларусі (з Віцебшчыны) Іванам Шрэдэрам вырашылі на свой страх і рызыку прыняць удзел у дзяржаўным конкурсе на лепшы праект помніка "Тысячагоддзе Расіі" для ўзвядзення яго ў Ноўгарадзе. Конкурс быў аб'яўлены ў сувязі з наступнай памятнай датай: 1000-годдзе запрашэння Рурыка на княжанне - так абвяшчала пастанова Камітэта міністраў Расіі аб стварэнні помніка ў Ноўгарадзе, куды, па легендзе, быў закліканы вараг. Агучылі і праграму, у якой павінны прадставіць у скульптурных групах шэсць перыядаў гісторыі Расіі. Тэрмін выканання праектаў - 1 лістапада 1859 года. Вось утрох - Мікешын, Шрэдэр і Гартман - і ўзяліся, на першы погляд, за безнадзейную справу, калі ў конкурсе ўдзельнічаў, скажам, сам прафесар і член Савета Акадэміі, знакаміты Пётр Клодт - аўтар бронзавых коней на Анічкавым мосце! Ды і Мікешын - "чысты" жывапісец, які ніколі раней, калі не лічыць юнацкія "эксперыменты", сур'ёзна лепкай не займаўся, - нонсенс! Праўда, за кароткі тэрмін яго трошкі ў гэтым сэнсе вывучыў Шрэдэр, вучань Мікалая Піменава, дарэчы, былы карнет лейб-гвардыі ўланскага палка. І, па праўдзе кажучы, ён - амаль што раўнапраўны сааўтар Мікешына, бо "працаваў, не ведаючы адпачынку, забываючыся пра сон, і выканаў адказнае даручэнне з гонарам". Але Мікешын ёсць Мікешын: ён быў натхняльнікам, арганізатарам і скульптарам у адной асобе. Да таго ж, у яго было асаблівае кампазіцыйнае і стылістычнае чуццё - чуццё "рамантычнага гісторыка". На конкурс было прадстаўлена 52 праекты. У выніку Другая прэмія была падзелена паміж акадэмікам Гарнастаевым і архітэктарам Анціпавым, а Першую, у суме аж 4000 рублёў, конкурсны Савет пры Акадэміі прысудзіў Мікешыну. Так раптоўна і на ўсё жыццё Міхаіл Іосіфавіч стаў скульптарам, і на жывапіс яму давялося забыцца.

Хто на пастаменце?

 Помнік было вырашана стварыць з бронзы і адкрыць яго 26 жніўня 1862 года. Будаўніцтва праводзіла Галоўнае ўпраўленне шляхоў зносін і публічных будынкаў, якое заказала Мікешыну і Шрэдэру гіпсавую мадэль у адну пятую частку натуральнай велічыні. Апошні тую мадэль і зрабіў. Потым Шрэдэр з Мікешыным, таксама з гіпсу, выканалі ўсё ў натуральны памер. І праз чатыры гады, пад гром гармат і бой барабанаў, грандыёзны помнік быў адкрыты. Для Расіі гэтая падзея была надзвычайнай: такога манумента па сваіх маштабах і дзяржаўнай ідэалагічнай накіраванасці яшчэ не існавала ў манументальнай пластыцы. Помнік, пакліканы "благовестить потомкам о героическом прошлом России", уяўляе з сябе гіганцкі 400-пудовы шар-дзяржаву на звонападобным пастаменце. Навокал дзяржавы - шэсць скульптурных груп. Агульная вышыня помніка- 15,7 метра (вышыня п'едэстала - 6 метраў, фігур - 3,3 метра, крыжа - 3 метры), дыяметр гранітнага пастамента - 9 метраў, а ўся акружнасць гарэльефа - больш за 26 метраў! Трохузроўневыя скульптурныя выявы прысвечаны выдатным падзеям у гісторыі Расіі і людзям, якія вяршылі гэтыя падзеі, зразумела, адпаведна з афіцыйнай гістарыяграфіяй таго часу. Тут- і закліканне варагаў на Русь, і Хрышчэнне Русі, і барацьба з татара-манголамі, і заснаванне Расійскай імперыі, і шмат што іншага. У ніжняй частцы манумента размешчаны фрыз, на якім - гарэльефы з вобразамі звыш сотні гістарычных асоб. Унутры кожнага з чатырох раздзелаў фрыза персанажы пададзены ў храналагічным парадку. Гэта - асветнікі (ад Кірылы і Мяфодзія да Феафана Пракаповіча і Георгія Каніскага), дзяржаўныя людзі (ад Яраслава Мудрага і Уладзіміра Манамаха, Гедыміна, Альгерда, Канстанціна Астрожскага і Вітаўта да Аляксандра І і Мікалая І), военачальнікі і героі (ад Кутузава да Нахімава і Платава), вялікія пісьменнікі, музыканты і адзін мастак (Карл Брулоў). Праўда, чамусьці з спіса былі выключаны паэт Аляксей Кальцоў, дыпламат і публіцыст Дзмітрый Кантэмір, адмірал Фёдар Ушакоў, архітэктары Андрэй Вараніхін, Андрэян Захараў, Васіль Бажэнаў і Матвей Казакоў. Адбыўся скандал з прычыны выключэння са спіса Тараса Шаўчэнкі. Дарэчы, адсутнічае вобраз Івана IV. Гэта зразумела: яго крутыя апрычнікі ў 1570 годзе ўчынілі ў Ноўгарадзе такую разню, якую свет не бачыў... Мадэль усяго скульптурнага пояса зрабілі Мікешын і Шрэдэр, а 10 вялікіх статуй вылепіў непасрэдна Шрэдэр (потым ён жа выканаў і бюст графа А.Р. Арлова для мікешынскага помніка Кацярыне ІІ у Пецярбургу). Цікавая заўвага выдатнага крытыка Уладзіміра Стасава: "Мікешын унёс самую лёгкую дозу ўласнай творчасці, усё астатняе зроблена іншымі мастакамі. Ён вельмі любіў карыстацца працай таварышаў і сяброў. Як вядома, уся скульптурная частка створана Шрэдэрам, Чыжовым, Лавярэцкім, Залеманам..." Магчыма і так, але гэта зусім не змяншае заслугу Мікешына, як галоўнага творцы і "ідэолага" гэтага найскладанейшага скульптурнага ансамбля.

Пра складаны лёс іншых помнікаў Мікешына, пра яго паездкі на радзіму і стварэнне цудоўных малюнкаў пра жыццё беларусаў чытайце ў адным з наступных нумароў "К".

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"