Вялічка… з Віцебскага замка

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Свята Вялікадня традыцыйна не абыходзіцца без падарункаў у выглядзе фарбаванага яйка, якое яшчэ ў старажытнай міфалогіі лічылася сімвалам Сусвету і зараджэння ў ім жыцця. Паводле вераванняў, такое яйка знесла птушка Фенікс. Звычай жа дарыць на Вялікдзень менавіта чырвонае яйка бярэ свае вытокі ад апостальскіх часоў: у хрысціян пафарбаванае ў чырвоны колер яйка сімвалізуе пралітую Хрыстом кроў, а, у сваю чаргу, бялок — Уваскрэсенне Госпада.

 

/i/content/pi/cult/257/3843/14-1.jpgШто можа... яйка?

 Паводле легенды, складзенай у Сярэднявеччы, узнікненне звычаю дарыць чырвонае яйка прыпісваюць Марыі Магдаліне - першай, хто ўбачыў Хрыста ўваскрэслым. Яна з'явілася для Евангельскай пропаведзі ў Рым. У тыя часы было прынята, калі хто прыходзіў да імператара, падносіць яму падарункі. Заможныя прыносілі каштоўныя рэчы, а бедныя - хто што мог. Марыя Магдаліна не мела падарункаў, акрамя веры ў Збавіцеля. І яна працягнула імператару Тыберыю курынае яйка з воклічам: "Хрыстос уваскрэс!" Імператар выказаў сумненне ў пачутым, заўважыўшы, што ніхто не можа ўваскрэснуць з памерлых і што ў гэта вельмі цяжка паверыць, як і ў тое, што белае яйка можа стаць чырвоным. Але не паспеў Тыберый дагаварыць, як яйка пачырванела. Уражаны, ён прамовіў: "Сапраўды ўваскрэс!.." У Беларусі велікодныя яйкі неаднаразова выяўляліся пад час археалагічных раскопак. У прыватнасці, у Верхнім замку Віцебска ў напластаваннях XIV - XVI стст. сустракаліся кавалачкі шкарлупіння папулярных атрыбутаў Вялікадня. Але трэба заўважыць, што фарбаваныя яйкі, акрамя новай, хрысціянскай традыцыі, захоўвалі ў рытуальных дзеяннях усходніх славян, а пазней - і беларусаў, старадаўні язычніцкі пласт абраднасці, вытокі якога фарміраваліся яшчэ ў часы агульнай індаеўрапейскай супольнасці. У старажытных славян яйка атаясамлівалі са зброяй грознага сонечнага бога Каляды. А ў некаторых выпадках яйка па сваім уздзеянні прыраўноўвалася нават да маланкі. Сімвал фарбаванага велікоднага яйка цесна звязаны з магіяй урадлівасці, у тым ліку з вясеннімі язычніцкімі святамі.

Да прыкладу, напярэдадні палявых работ яйка клалі ў зерне, падрыхтаванае на сяўбу. У час жа самой сяўбы па полі раскідвалі шкарлупінне велікодных яек. Качалі іх па руні, каб паспрыяць росту збажыны. Сеючы лён, яйка падкідвалі высока ўгару і голасна прамаўлялі: "Каб мой лён вырас такі высокі, як ты ўзляцела! Каб на маім полі лён быў такі густы, што не будзе пустога месца, як у яйку!" Знаходзіла сваё месца яно і ў магічных дзеяннях садавода і пчаляра. Садавод закопваў велікоднае яйка ў садзе, а пчаляр клаў яго ў пчальнік, што, згодна з павер'ем, павінна было спрыяць урадлівасці і развіццю гаспадаркі. Выкарыстоўвалася велікоднае яйка таксама ў санітарна-гігіенічных, касметычных і кулінарных мэтах. І хоць эфектыўнасць пэўных сродкаў дагэтуль не пацверджана, але ў даўніну гаспадыні былі перакананы ў неабходнасці заторкваць шкарлупіннем усе шчыліны жытла, "каб не пладзіліся прусакі і блашчыцы". Таксама быў звычай мыцца вадой, у якой знаходзіліся яйкі, каб увесь год быць румяным. На такой вадзе хто-ніхто з гаспадынь мог замясіць і цеста. Апрача гэтага, былі і больш значныя ўласцівасці асвечанага ў царкве велікоднага яйка. Лічылася, што яно магло прыпыніць стыхійнае бедства. Напрыклад, калі ў хату цэліла маланка, дык утаймаваць пажар магло кінутае ў полымя яйка. Яно ж магло і папярэдзіць няшчасці. Для гэтага пры ўзвядзенні новага жытла адзін з сімвалаў Вялікадня клалі пад кут хаты. Да сённяшняга дня вядомы і рытуал з выкарыстаннем велікодных яек, звязаны з ушанаваннем памяці памерлых родзічаў. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі на Радаўніцу фарбаваныя яйкі пакідалі на курганах і магілах, крыжападобна каталі іх там, што лічылася сродкам часовага, хаця і сімвалічнага, ажыўлення нябожчыкаў.

 ...І мастацтва фарбаваных муляжоў

 Поруч з натуральнымі (курынымі, гусінымі, а дзе-нідзе - галубінымі і нават лебядзінымі) велікодныя яйкі выразалі з дрэва, косці, каменя, выраблялі з гліны, фарфору, шкла, крышталю. Так, драўляныя яйкі ХІІІ - XIV стст. выяўлены ў Брэсце, а драўлянае яйка ХVII ст. - у раскопках Мінска на Нямізе ў 2002 г. Трэба зазначыць, што драўляныя яйкі распісвалі часцей за ўсё майс т р ы іканапісцы фарбамі натуральнага расліннага паходжання. Да таго ж, для роспісу ўжываліся срэбра і золата. Яйкі, выразаныя з мяккага каменя, знойдзены ў Брэсце і на гарадзішчы Маскавічы Браслаўскага раёна. Апошняе мае і схематычную дэкарацыю ў выглядзе ялінак, нанесеных на яго паверхню. Досыць часта сустракаюцца пад час раскопак касцяныя яйкі. Яны знойдзены ў Лукамлі, Давыд-Гарадку, Слуцку, Мсціславе і Полацку. Пры гэтым, датуюцца яны пераважна ХІІ ст. Цікава, што своеасаблівым эталонам для памераў яек, якія выразаліся з дрэва і косці, былі экземпляры натуральнага паходжання. Касцяное яйка, што давялося знайсці пад час раскопак у Слуцку, мае наступныя памеры: яго даўжыня складае 48 мм і пукавы дыяметр (у найбольш шырокай частцы) - 34 мм. Гэта прыкладна адпавядае сённяшнім стандартам яек "Д-2". Яйкі, якія вырабляліся з гліны, бытавалі ў Старажытнай Русі пераважна ў ХІ - першай палове ХІІ ст. Іх прынята называць пісанкамі. Уся паверхня такіх яек пакрывалася бурачорным, бура-карычневым або цёмна-зялёным колерамі. На паліву наносіўся арнамент геаметрычнага або расліннага ўзору. Выконваліся гэтыя хваляпадобныя палосы жоўтым, белым, зялёным, радзей - карычневым колерамі. У Беларусі такія яйкі выяўлены ў раскопках Брэста, Ваўкавыска, Гродна, Лукамля, Мсціслава, Турава. Цікавы і яшчэ адзін тып велікодных яек - створаных з фарфору. Яны пачалі вырабляцца ў XVIII ст. Да прыкладу, адно з такіх знойдзена ў 2002 годзе пад час расчысткі рэчышча Свіслачы. Пісанкі, або маляванкі, вырабляюць і з натуральных курыных яек. Найбольш пашыраны спосаб аздаблення апошніх - гэта васкаванне. Для гэтага яйка з папярэдне нанесеным спецыяльнай бляшанай леечкай (шпількай, цвіком) васковым узорам фарбавалі ў растворы натуральных (шалупінне цыбулі, кара дрэў, адвары траў) ці штучных фарбавальнікаў.

 На каляровым фоне атрымліваўся белы ўзор - у тых месцах, якія былі пакрыты воскам і не прапускалі фарбавальнік. Каб атрымаць паліхромны ўзор, яйка паслядоўна апускалі ў розныя фарбавальнікі - ад светлых да цёмных, кожны раз наносячы новы ўзор з воску. У адпаведнасці з этнаграфічнымі апісаннямі, вядома, што на Беларусі пераважала аднатонная афарбоўка ў чорны, чырвоны, радзей - зялёны, жоўты і іншыя колеры. Характар малюнка, у якім былі адлюстраваны старажытныя сімвалічныя матывы, залежаў ад спосабу нанясення васковага ўзору. Накрапванне воску з дапамогай шпількі давала элементы ў выглядзе расцягнутых кропелек, з якіх кампанаваліся кругі-разеткі, кветкі, ланцужкі, паяскі, стылізаваныя зааморфныя і антрапаморфныя малюнкі. Спецыяльным прадметам наносілі прамыя і хвалістыя паяскі ўздоўж і ўпоперак яйка, дзялілі яго паверхню на два, чатыры, восем палёў, дзе малявалі ўзоры ў выглядзе ялінкі, стылізаваных зорак, завіткоў. Радзей бытавала гравіраванне - прадрапванне белага контурнага ўзору на каляровым фоне. Тонкі графічны малюнак складаўся з геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў, уключаў подпісы з пажаданнямі.

 Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг Свята-Уваскрасенскі сабор у Барысаве.