Царква з “маячкамі”

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Свята-Уваскрасенскі кафедральны сабор у Барысаве — сапраўдная архітэктурная “перліна” не толькі райцэнтра, але і ўсёй Міншчыны. Нездарма паводле абласной інвестыцыйнай праграмы на аднаўленне гэтай старажытнай царквы сёлета выдаткавана каля мільярда рублёў. А ўвогуле з 2007 па 2009 гг. на гэтым аб’екце асвоена паўтара мільярда рублёў.

 

/i/content/pi/cult/257/3842/14-3.jpgБлакітныя купалы гэтай царквы, пабудаванай яшчэ ў 1874 г., здаецца, так і імкнуцца да нябёсаў. Над стварэннем гэтага архітэктурнага цуда працавалі муляры з Івянца, а для афармлення інтэр'ераў былі запрошаны віленскія мастакі Елішэўскі і Трутнеў. - Праект сабора распрацаваў рэктар пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Л.Бенуа, - кажа спецыяліст аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Валерый Прышчэпа. - Сабор унікальны тым, што ў час яго пабудовы расійскімі царамі Аляксандрам ІІ і Аляксандрам ІІІ было загадана браць за ўзор помнікі царкоўнага дойлідства Масквы і Яраслаўля XVI- XVII стст. Лічылася, што менавіта гэтыя цэрквы, у адрозненне ад візантыйскіх, сапраўды з'яўляюцца расійскім узорам, развіццё якога было спынена Пятром І і таму павінна вярнуцца ў царкоўнае будаўніцтва. Узорам такога будаўніцтва з'яўляецца і сталічны Кафедральны сабор. На падыходзе да храма мяне чакаў іерэй Канстанцін Логіс - клірык Свята-Уваскрасенскага сабора. Задала пытанне святару пра сімволіку храма: у яго аздабленні пераважаюць белы і чырвоны колеры.

 - Чырвоны колер, - адказаў мне айцец Канстанцін, - сімвалізуе радасць Уваскрэсення Хрыстовага, а ў дні памяці пакутнікаў - колер іхняй крыві. Як вядома, Велікоднае богаслужэнне распачынаецца святарамі ў белым адзенні, што абазначае святло, якое асвятляла труну Ісуса Хрыста пры Яго Уваскрэсенні. Аб гэтым і сведчыць белы колер у аздабленні храма. Услед за айцом Канстанцінам падымаюся па вузенькай вітой лесвіцы ўгару, пад скляпенні храма. У мяне займае дух, а для айца Канстанціна - гэта звычайная штодзённая практыка. І вось чаму. - Тут усталяваны аўтаматычныя "маячкі",- тлумачыць ён мне, - а з іх дапамогай можна ўбачыць, ці не павялічыліся расколіны ў сценах сабора. Таму штораніцы я перш-наперш накіроўваюся сюды, бо хвалююся і перажываю за лёс сваёй царквы. Расказаў айцец Канстанцін і пра тое, чаму храм пачаў раптам разбурацца. Аказваецца, царква была ўзведзена ў забалочанай мясцовасці. Для таго, каб фундамент быў трывалы, у яго ўбілі 580 драўляных паляў з варанага дуба: гэты матэрыял не распадаецца, калі знаходзіцца ў вільготным асяродку. Але за савецкім часам, калі горад разбудоўваўся, мясцовасць храма была асушана, былі пракладзены дрэнажныя сістэмы.

 Драўляныя палі пачалі гніць і зрабіліся непрыдатнымі. Свята-Уваскрасенскі кафедральны сабор цікавы яшчэ і тым, што ён мае дзевяць купалаў - менавіта столькі існуе анёльскіх чыноў. Першы з іх прысвечаны серафімам, якія палымнеюць любоўю да Бога, другі - херувімам, што дораць прамудрасць і асвету. Трэці анёльскі чын - прастолы - носяць Бога і служаць Ягонаму правасуддзю. Гаспадарства (чацвёрты) вучаць людзей гаспадарыць над сваёй воляй. Боскую волю выконваюць сілы (пяты чын), а ўлады (шосты) засцерагаюць людзей ад спакус. Сёмы чын - пачаткі, ён валадарыць над анёламі, восьмы - архангелы, што з'яўляюцца дабравеснікамі. Апошні, дзевяты чын - анёлы, якія асабліва блізкія да людзей і ахоўваюць вернікаў.

 Аляксандра БАГДАНОВІЧ