Бязмежны “космас” Нармандыі

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася доўгачаканая выстаўка “Нармандыя ў жывапісе”. На ёй прадстаўлена 60 карцін звыш 20 французскіх жывапісцаў ХІХ — ХХ стст., у тым ліку і сусветна вядомыя: К.Манэ, Г.Курбэ, К.Каро, Э.Будэн, Ш.Дабіньі і Р.Дзюфі. Гэты міжнародны праект ужо атрымаў шырокае прызнанне ў Латвіі, Італіі, Даніі, Аўстрыі, ЗША. Напярэдадні прыезду ў Мінск выстаўка пабывала ў Эстоніі.

 

/i/content/pi/cult/257/3840/7-1.jpgУ чым жа таямніца гэтага цудоўнага паўночна-заходняга рэгіёна Францыі, які цягам многіх гадоў так вабіць мастакоў і паэтаў? Для беларускага гледача хачу зрабіць невялікі экскурс у гісторыю. Нармандыя мяжуецца з правінцыямі- Пікардыяй і Брэтанню, яе берагавая лінія праходзіць уздоўж Ла-Манша. Сталіца- Руан - размясцілася за 130 кіламетраў ад Парыжа. Нармандыя - легендарная зямля: па ёй прайшлі рымскія легіёны і галы, германскія і франкскія салдаты, а таксама вікінгі (нарманы). А яшчэ Нармандыя ўвайшла ў гісторыю як месца высадкі ў 1944 г. саюзных войскаў ("Другі фронт") у час Другой сусветнай вайны. Але для мастакоў Нармандыя, гэты край яблыневых садоў, сакавітых лугоў, паркаў вакол замкаў, глыбокіх далін з вязавымі лясамі і дзівоснымі пляжамі, пяшчотным, зменлівым святлом і асаблівым ззяннем неба, з'яўляецца чыроўнай крыніцай натхнення і творчага задавальнення. Нармандыя - гэта радзіма піянераў "новага мастацтва" К.Манэ, Р.Дзюфі, Р.Піншона, А.Дзюбурга, Э.Будэна, Ж.Дэлатра, М.Луўрые, а яшчэ пісьменнікаў П.Карнэля, Г.Флабэра, Гі дэ Мапасана, акцёра Бурвіля...

/i/content/pi/cult/257/3840/7-2.jpgСваім непаўторным каларытам Нармандыя з пачатку ХІХ ст. прываблівала такіх вялікіх мастакоў, як К.Каро, А.Марке, К.Пісаро, якія стваралі палотны, зачараваныя таемнай цішынёй заток і маляўнічых партоў, што заўсёды былі запоўнены бела-блакітнымі яхтамі і рыбацкімі лодкамі. Славутыя жоўтыя гарлачыкі К.Манэ і сёння растуць у сажалцы ля дома мастака ў Жыварні, а гавань Анфлёра па-ранейшаму працягвае натхняць мастакоў - нашчадкаў тых, хто сёння ў нашым музеі радуе душу і сэрца беларускага гледача. Больш за ўсё ў экспазіцыі прадстаўлена твораў Эжэна Будэна (дзевяць!). І гэта не выпадкова. Ён - адзін са стваральнікаў пленэрнага жывапісу, папярэднік імпрэсіянізму, настаўнік Клода Манэ і сам родам з нармандскага горада Анфлёра. Яго палотны, прысвечаныя жывапісным мясцінам Трувілі і Сен-Сімяону, прасякнуты такім свежым серабрыстым паветрам і мігатлівым святлом, што проста душа радуецца, калі іх бачыш. А неба! Неба- любата! Гэта пра Будэна сказаў Курбэ: "Божа мой, ён зусім як серафім! Ужо калі хто ведае неба - дык гэта ён!" Сярод іншых знакавых імёнаў - Рауль Дзюфі, які прайшоў шлях ад акадэмізму і імпрэсіянізму да фавізму і кубізму. Галандзец Йохан Бартольд Йонкінд- майстра адлюстравання хісткай паветранай смугі, дзе мякка раствараюцца абрысы прадметаў ("Прачкі на беразе ракі").

/i/content/pi/cult/257/3840/7-3.jpgРэаліст Шарль Франсуа Дабіньі, мастак барбізонскай школы, - тонкі лірык і чараўнік вытанчаных і далікатных колераў ("Вілервіль-ле-Граў. Сонечнае святло"), і яго сын - Карл Дабіньі, таксама таленавіты жывапісец, які праславіў казачны пляж Вілервіль. Альбер Шарль Лебур - імпрэсіяніст, майстра адлюстравання прыроды пры розным асвятленні ("Сена ў Руане", "Порт у Д'епе"). Шарль Ангран - постімпрэсіяніст, паслядоўнік і блізкі сябра Жоржа Сёра, інтэнсіўны "колерамузыкант" ("Фруктовы сад"). Канешне, Жан-Батыст Каміль Каро - таксама папярэднік імпрэсіянізму, майстра рэалістычнага пленэрнага пейзажу настрою, заснавальнік барбізонскай школы, у якой галоўнае месца надавалася перадачы святлопаветранага асяроддзя, багаццю каларыту і... сузіральнасці ("Вясковая вуліца ў Нармандыі"). Прадстаўнік позняга імпрэсіянізму Жан-Эдуард Вюйяр, удзельнік групы "Набі", вялікае значэнне надаваў дэкаратыўным якасцям мяккага колеру ("Сад у Амфрэвілі"), а Віктор Станіслас Лепін, вучань К.Каро, пісаў, наадварот, лаканічныя марскія і гарадскія пейзажы. Жак Віён, аўтар карціны "Пад тэнтам на пляжы ў Бланвілі", на пачатку ХХ ст. працаваў у манеры сезанаўскага "кубізму", а ў апошнія гады жыцця (канец 1950-х - пачатак 60-х) стане наватарам у сінтэзе кубістычнай кампазіцыі і імпрэсіяністычнага колеру. У экспазіцыі прадстаўлены і творы вялікага Гюстава Курбэ, майстра танальнага энергічнага жывапісу, напоўненага святлом і паветрам, для якога матэрыяльнасць рэальнага свету заўсёды была галоўнай мэтай. Зірніце, як цудоўна выглядаюць яго карціны "Марына. Бура на моры" або "Пастушка і каровы на беразе сажалкі"! ...

 "Порт у Фекаме" Альбера Марке. Тут яшчэ адчуваецца нейкі ўплыў імпрэсіянізму, хаця ўжо можна знайсці імкненне падкрэсліць контуры прадмета з дапамогай дакладна абазначанага мазка-штрыха, што будзе потым характэрны для ўсяго мастацтва гэтага простага, сціплага і шчырага чалавека. Прыцягваюць увагу і многія іншыя творы "нармандцаў" - Адольфа-Фелікса Калье, Фрэнка Маерса Богса, Луі Аляксандра Дзюбурга, Эжэна ле Пуатэвена, Поля Гюэ, Гіёма Фуаса і інш. І яшчэ адзін цуд - эцюд маладога рамантыка Тэадора Жэрыко "Конь тынкоўшчыка": гэта ўжо трошкі з іншага часу, больш ранейшага. Але, гледзячы на гэтую маленькую работу, адразу ўзгадваеш геніяльнае яго палатно "Плыт "Мядузы". Як жа па-майстэрску, віртуозна ўмее жывапісец "укласці" сваю душу і талент у фарбу! Мастак - гэта той, хто можа раскрыць свет, і там, у бязмежным космасе, убачыць штось новае і паказаць яго. Гэтае "адкрыццё" і ёсць змест "турбот і дзён" мастакоў, якія тварылі ў Нармандыі, бо асновай іх творчых прынцыпаў былі святло, паветра, свежасць пачуццяў і любоў да жыцця. Выстаўка арганізавана Нацыянальным мастацкім музеем краіны сумесна з Пасольствам Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольствам нашай дзяржавы ў Французскай Рэспубліцы і Асацыяцыяй "Нармандыя ў жывапісе". У вернісажы прынялі ўдзел міністр культуры Беларусі Павел Латушка, міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Францыя ў Рэспубліцы Беларусь Мішэль Рэнеры, намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, прэзідэнт калекцыі "Нармандыя ў жывапісе" Ален Турэ, дырэктар гэтай калекцыі Ален Тап'е і іншыя. Адкрыў выстаўку дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"