Што ж за людзі былі тыя паны, што будаваліся ў разліку не на адно стагоддзе? Захаваўся радавод сям’і Козел-Паклеўскіх, складзены 27 верасня 1829 года, які налічвае каля сямі галін.
У Фамы Козела і Ганны Козел-Паклеўскай быў сын Альфонс. Ён і атрымаў маёнтак у спадчыну і з 10 снежня 1845 г. стаў паўнапраўным уладальнікам Быкаўшчызны. Аб новым гаспадары вядома, што ён служыў чыноўнікам па асобых даручэннях пры генерал-губернатары Заходняй Сібіры. Пасля службы арганізаваў прамысловую кампанію ў Табольскай і Цюменскай губернях, браў актыўны ўдзел у асваенні Заходняй Сібіры, арганізоўваў паравое суднаходства на рэках Об, Іртыш і Тура.
У гэты час у родавым маёнтку разгарнулася вялікае будаўніцтва. Узводзілі новы двухпавярховы дом, стайні, збожжаток, збожжасховішча, кузню. Шмат што з пабудаванага прастаяла да нашых дзён амаль у першапачатковым выглядзе.
На тэрыторыі Быкаўшчыны знаходзіліся яшчэ і чатыры сажалкі, злучаныя паміж сабой грунтовымі водамі, — таму яны заўсёды заставаліся чыстымі. Але ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў вёсцы пачалі будаваць новы дом для школы-інтэрната і ненаўмысна парушылі гэтае злучэнне.
… Альфонс Фаміч ажаніўся з Анжалікай Восіпаўнай Рымша. Іх сямейнае жыццё было шчаслівым. У іх нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Альфонсам.
Ганна Козел-Паклеўская памерла ў 1856 годзе.Унук у памяць аб ёй зрабіў надмагільную пліту ў выглядзе вялізнага чатырохкутнага валуна даўжынёю больш за метр, з надпісам на польскай мове. Зараз яна знаходзіцца на могілках вёскі Быкаўшчына.
Сам Альфонс Фаміч памёр 28 жніўня 1890 года. У 1893 годзе яго жонка падала прашэнне генерал-губернатару, каб дазволілі пабудаваць фамільны помнік над магілай мужа. Гэта павінна была быць капліца. 25 кастрычніка 1893 года прыйшоў, на жаль, адмоўны адказ. Але Анжаліка Козел-Паклеўская не адступала — магчыма, прадбачыла сваю блізкую смерць, таму хацела паспець пакінуць памяць пра мужа. У 1894 годзе зноў падала прашэнне, дзе абяцала, што богаслужэнні ў капліцы адбывацца не будуць. І 23 снежня 1894 года сям’я нарэшце атрымала дазвол. У 1900 годзе сын Альфонса Фаміча абвясціў аб заканчэнні будаўніцтва і яшчэ раз пацвердзіў, што капліцу не будуць наведваць праваслаўныя. Касцёл-капліца быў пабудаваны на 50 месцаў (7х7 сажняў унутры). А пад капліцай — склеп на 36 месцаў для памерлых.
8 кастрычніка 1901 года віцебскі генерал-губернатар афіцыйна дазволіў членам сям’і карыстацца капліцай, зноў-такі пры ўмове, што яе не будуць наведваць мясцовыя праваслаўныя сяляне. Вось так марудна вырашаліся ў тыя часы канфесійныя пытанні.
Альфонс Альфонсавіч хадайнічаў аб устаноўцы алтара. А ў 1901 годзе спачыла Анжаліка Восіпаўна і была пахавана ў фамільным склепе.
Антырэлігійны рух ХХ стагоддзя не абышоў і Быкаўшчыну. Капліцу разбурылі. Астанкі людзей, што знаходзіліся ў склепе, былі перапахаваны на мясцовых могілках. Старажылы расказвалі, што тады ніхто і не думаў пра абрад пахавання — труны з нябожчыкамі проста скінулі ў агульную магілу. Зараз нават вызначыць цяжка, дзе яна. Ніжні ярус склепа засыпалі пяском, два верхнія засталіся. Да нядаўняга часу склеп выкарыстоўваўся як склад гаруча-змазачных матэрыялаў.
У 2004 годзе Ветрынская школа-інтэрнат адзначыла 80-годдзе. Шмат змянілася з тых часоў, калі гаспадарылі тут паны Козел-Паклеўскія. Але двухпавярховы дом яшчэ стаіць і па-старэчы ласкава глядзіць вялікімі вачыма-вокнамі на зменлівую сучаснасць. І старэнькія прыступкі на вітой лесвіцы гэтак жа рыпяць.
Вось так і жывуць вяскоўцы побач з сапраўднай старажытнасцю і кожныдзень “пішуць” новую старонку гісторыі роднага краю. І, можа, праз два стагоддзі хтосьці зацікавіцца і нашым побытам. Хто ведае? На тое воля часу.
Таццяна МАЦЮШОНАК,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ