Больш “жывых” кантактаў

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Напярэдадні адкрыцця Года культуры Беларусі ў Расіі нашы карэспандэнты папрасілі дзеячаў культуры і мастацтваў дзвюх краін падзяліцца сваім бачаннем творчых кантактаў паміж нашымі дзяржавамі.

 

Міхаіл САВІЦКІ, Герой Беларусі, народны мастак СССР і Беларусі:

- Для мастака галоўнае - любіць Радзіму: праз добрыя справы, духоўнае самаўдасканаленне, праз разуменне таго, што духоўная культура робіць чалавека Чалавекам. Мне радасна, што Гады культуры Беларусі ў Расіі і - Расіі ў Беларусі праводзяцца рэгулярна. Гэта значыць, што мы, славяне, жывём адзінай брацкай сям'ёй, што ў нас не толькі агульныя карані, але і адзіны погляд на прызначэнне Яго Вялікасці Мастацтва...

 Мікалай ЦЫСКАРЫДЗЭ, народны артыст Расіі: - З Мінскам і Беларуссю мяне звязваюць самыя цёплыя ўспаміны: выступаць даводзілася не толькі год таму, у вашым Вялікім тэатры ў дзень адкрыцця Года культуры Расіі, але і раней - у Палацы Рэспублікі, у Летнім амфітэатры на "Славянскім базары ў Віцебску". У вас цудоўная публіка! Прыемна было ўбачыць і ваш Вялікі тэатр пасля рэканструкцыі (наш, на жаль, яшчэ на рамонце). Правядзенне такіх шырокамаштабных абменных мерапрыемстваў, як Год культуры адной краіны ў іншай, дазваляе не толькі аднавіць творчыя сувязі паміж рэспублікамі, у нейкі момант страчаныя, - гэта стымул для ўзаемнага развіцця. І я вельмі рады, што вашы артысты маюць магчымасць прыехаць са сваім спектаклем у Вялікі тэатр Расіі: гэта амаль тое ж самае, што трапіць у Меку. Шкада, канешне, што з прычыны рэканструкцыі яны выступяць на Новай сцэне. Але, упэўнены, такія абмены прадоўжацца. Галоўнае, каб стасункі паміж краінамі заставаліся стабільна добрасуседскімі, тады і культура будзе квітнець. Я жадаю ўсім поспеху і яшчэ раз поспеху!

Уладзімір ГАСЦЮХІН, народны артыст Беларусі, заслужаны артыст Расіі: - Я вельмі рады, што актуальнае беларускае мастацтва будзе прадстаўлена расіянам! Чым больш адбываецца "жывых" кантактаў, сустрэч беларускіх артыстаў з расійскімі гледачамі, гастролей, канцэртаў, тым лепш. Сам я пастаянна і з вялікім задавальненнем удзельнічаю ў расійскіх кінапраектах, а расійскія кінематаграфісты шмат працуюць у Беларусі. Хочацца, каб такое ўзаемакарыснае супрацоўніцтва працягвалася, і не толькі ў кіно. Дні культуры Беларусі ў гэтых адносінах прынясуць, я ўпэўнены, вялікую карысць. Таму хочацца пажадаць поспеху ўсім, хто будзе ў іх удзельнічаць, і ўсім, хто прыйдзе ў глядзельныя залы!

Георгій ПАПЛАЎСКІ, народны мастак Беларусі: - Вельмі рады, што за апошнія гады наладжваюцца культурныя сувязі (я маю на ўвазе - мастакоўскія) нашай Беларусі з брацкай Расіяй. Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, якія адбываюцца акурат перад юбілеем Вялікай Перамогі, - гэтая акцыя дарагога каштуе. Наша нацыянальная культура і культура расійская заўсёды будуць развівацца ў адзінай агульначалавечай прасторы, якая завецца Духоўнасцю.

Юрый ТРАЯН, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Беларускага балета: - Правядзенне Года культуры адной краіны ў другой - добрая традыцыя, якая павінна развівацца і надалей. Гастролі могуць больш ці менш поўна прадставіць узровень таго ці іншага калектыву, але яны не даюць такога поўнага ўяўлення пра агульны разгорт нацыянальнай культуры. Трэба толькі вітаць, што нашы паездкі ў Маскву і, адпаведна, прыезд да нас вядучых расійскіх артыстаў набываюць паслядоўнасць. Летась, нагадаю, трупа Вялікага тэатра Расіі прывезла да нас балет Чайкоўскага "Лебядзінае возера". Цяпер мы пакажам на Новай сцэне Вялікага тэатра Расіі сваю нацыянальную музычную і харэаграфічную класіку - балет Яўгена Глебава "Легенда аб Уленшпігелі". Гэты твор асабіста дарагі мне: у свой час я ўвасабляў Ціля. Сёння ж у гэтай партыі выступае маладое пакаленне артыстаў.     

Мікалай ПІНІГІН, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:  - Можна ўзгадаць, як у 70-х гадах мінулага стагоддзя Купалаўскі тэатр выступаў з месячнымі гастролямі ў Санкт-Пецярбургу!.. У апошнія ж дзесяцігоддзі мы ў многім страцілі тыя трывалыя сувязі, якія заўсёды існавалі паміж беларускай і расійскай культурамі. Менавіта ў гэтай сітуацыі мы павінны прыкладаць свае творчыя намаганні для таго, каб разам з палітычным абліччам нашай краіны расіяне мелі адэкватнае ўяўленне і пра багатае культурнае жыццё Беларусі. Упэўнены, такая маштабная культурная акцыя, як Год беларускай культуры ў Расійскай Федэрацыі, якая ўключае ў сябе мноства мерапрыемстваў не толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, але і ў шэрагу іншых гарадоў, дасць магчымасць сучасным расіянам дадаць новыя, невядомыя дасюль ім штрыхі ў свае ўяўленні аб Беларусі.

Аляксей ДУДАРАЎ, драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў: - Літаральна напярэдадні адкрыцця Года культуры Беларусі ў Расійскай федэрацыі мы з нашай трупай вярнуліся з Саранска: вось ужо другі раз Драматычны тэатр Беларускай Арміі наведвае фестываль "Суайчыннік". У першы раз - у 2007 годзе - мы з поспехам паказалі там пастаноўку "Не пакідай мяне" па маёй п'есе, а сёлета закрылі фестывальную праграму - "Радавымі". Літаральна за дзень да гэтага саранскія артысты сыгралі свой спектакль "Ты памятаеш, Алёша..." - таксама па маёй п'есе. Таму кантакты з расійскім тэатрам у нас, лічу, больш чым трывалыя.