Пытанні захавання

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Пытанні сучаснага стану помнікаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, праблемы іх захавання і рэстаўрацыі былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў “круглага стала”, што адбыўся ў Грамадскім прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Святлана Баранок, да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на рамонт аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны было выкарыстана 7252,1 млн. рублёў. У прыватнасці, па словах С. Баранок, у мінулым годзе ў Вілейцы паўстаў помнік двойчы Герою Савецкага Саюза Азі Асланаву, шэраг мемарыяльных знакаў, некалькі аб'ектаў якасна адрэстаўраваны. Напрыклад, у Дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь" зроблена мадэрнізацыя пешаходнай зоны, створаны пандусы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Каля Кургана Славы была заснавана Алея Герояў Савецкага Саюза.
У працяг абмеркавання дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Уродніч падкрэсліў, што стан помнікаў у рэгіёнах у пераважнай большасці нездавальняючы. У той жа час, адзначыў ён, у Акадэміі ідзе актыўная праца са студэнтамі, праводзіцца арыентацыя на тое, каб тэма гераізму нашых воінаў у змаганні з фашызмам займала сваё годнае месца ў іх творчых работах. Падводзячы вынікі "круглага стала", С.Баранок зазначыла, што з мэтай паляпшэння сітуацыі ў гэтай сферы неабходна распрацаваць Дзяржаўную праграму па ахове помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Плануецца зрабіць даступнай для грамадскасці актуальную інфармацыю пра іх месцы знаходжання і стан. Для гэтага, па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіслава Руты, у хуткім часе будзе створаны адпаведны сайт.