Дзень яднання і лаўрэаты

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Спіс лаўрэатаў Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва быў зацверджаны днямі на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.

Па традыцыі, цырымонія ўзнагароджання з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адбываецца на ўрачыстым адкрыцці Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта паведаміў карэспандэнту "К" кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі ў Мінску Сяргей Забалоцец. Хто стаў лаўрэатам прэміі ў 2010-м? Гэта народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў; аўтарскі калектыў у складзе народнага мастака СССР, кіраўніка творчай майстэрні Акадэміі мастацтваў Расійскай Федэрацыі Аляксея Ткачова і народнага мастака СССР Сяргея Ткачова; аўтарскі калектыў у складзе педагога па скульптуры дзяржаўнай установы "Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры" Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Льва Гумілеўскага і мастака-скульптара, члена Беларускага саюза мастакоў Сяргея Гумілеўскага, народнага архітэктара Расійскай Федэрацыі Юрыя Грыгор'ева; народны мастак СССР, скульптар Юрый Арэхаў (узнагароджаны пасмяротна) і Рыгор Арэхаў, які з'яўляецца дырэктарам Фонду садзеяння скульптарам Расіі "Скульптар".
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі адзначалі 2 красавіка ў дзвюх краінах. На канцэрт у Вялікую залу Белдзяржфілармоніі былі запрошаны члены Урада Рэспублікі Беларусь, першы намеснік Старшыні Урада Расіі Ігар Шувалаў, віцэ-спікер Дзяржаўнай Думы РФ Аляксандр Бабакоў. Настрой гасцям свята стваралі ансамблі "Харошкі", "Сябры", "Песняры" і "Белыя росы", Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча ды іншыя калектывы і салісты. Фотавыстаўка ў фае распавяла пра вехі станаўлення Саюзнай дзяржавы. У той жа дзень у Дзяржаўным акадэмічным Малым тэатры ў Маскве адбыўся канцэрт з удзелам нашых вакальнага ансамбля "Чысты голас" і дзіцячага харэаграфічнага калектыву "Равеснік", а таксама расійскіх артыстаў. Музычнае суправаджэнне забяспечыў Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр. Як паведаміў нашаму карэспандэнту Сяргей Забалоцец, актыўныя стасункі паміж краінамі і надалей будуць развівацца вельмі дынамічна. "Хутка ў Віцебску пад час Міжнароднага акадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы будзе разгледжана шмат надзённых пытанняў. У красавіку да 65-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі будзе прымеркаваны відэамост паміж Мінскам і Масквой. Адкрыццё Года культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі таксама з'яўляецца важным крокам да ўзмацнення адносін дзвюх краін".