ГОД ПАЧЫНАЕЦЦА Ў КРАСАВІКУ

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

5 красавіка ў Маскве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У гэты ж дзень у расійскую сталіцу прыбывае афіцыйная дэлегацыя нашай краіны на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам. Падзеі акцыі пройдуць пад знакам 65-годдзя Вялікай Перамогі.

 

/i/content/pi/cult/257/3835/2-1.jpgЯк паведамляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на 5 красавіка запланавана вялікая праграма мерапрыемстваў. У першай палове дня адбудзецца ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу ў Маскве. Таксама наша дэлегацыя прыме ўдзел у адкрыцці выстаўкі "Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі" ў Цэнтральным музеі сучаснай гісторыі Расіі. Напярэдадні ўрачыстасцей афіцыйнага адкрыцця, якія адбудуцца ў Вялікім тэатры, дзе Беларускі балет дае спектакль "Легенда аб Уленшпігелі", міністр культуры, як чакаецца, прыме ўдзел у прэс-канферэнцыі для СМІ. 6 красавіка плануюцца таксама двухбаковыя перамовы міністра культуры Беларусі і кіраўніка Дэпартамента культуры Масквы Сяргея Худзякова, падпісанне праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам культуры Масквы на 2010 - 2011 гады. Запомніцца свята беларускай культуры не толькі масквічам, але і жыхарам іншых гарадоў Расіі. Шырокая праграма падзей, мяркуецца, пройдзе ў Санкт-Пецярбургу.

Сярод іх - гала-канцэрты айчынных артыстаў у прэстыжных залах горада, "круглыя сталы" з удзелам беларускіх і расійскіх пісьменнікаў, адкрыццё мемарыяльнай дошкі нашаму пісьменніку ХІХ стагоддзя Яну Баршчэўскаму, які цягам больш чым 20 гадоў жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу. Запланаваны, як паведамляе Міністэрства культуры Беларусі, і адметны канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі ў залах Эрмітажа. Не абміне праграма Года культуры і Яраслаўль - горад, дзе жыў і працаваў цягам некалькіх гадоў славуты Максім Багдановіч: сюды сваю экспазіцыю прывязе і Літаратурны музей класіка беларускага слова. У рамках Года культуры расійскія гледачы пабачаць прадукцыю беларускіх кінавытворцаў у час заяўленых Дзён айчыннага кіно. Што да калектываў, якія бяруць удзел у мерапрыемствах Года культуры, дык гэта сапраўды найлепшыя творчыя сілы краіны: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі,

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны хор, Дзяржаўны ансамбль танца, а таксама "Песняры", "Сябры", "Харошкі"... Ды і кожны з названых калектываў мае трывалыя сувязі з Расіяй і пастаянна гастралюе там. Прэс-падтрымку мерапрыемства забяспечвае наша газета. Акурат да адкрыцця гадавога цыкла мерапрыемстваў выйшаў у свет спецыяльны выпуск "К" (а па сутнасці - асобнае рэкламнае выданне) на рускай мове, які прадстаўляе шырокі спектр сучаснай культурнай прасторы нашай краіны. Яго асобнікі будуць суправаджаць найбуйнейшыя мерапрыемствы ў рамках акцыі.