“Дуда не кожнага да сябе падпускае”

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Мой сённяшні візаві, прачытаўшы адшуканыя мной у Інтэрнеце жарты пра дудароў, назваў іх здзекамі. “Толькі зрабіўшы ўласнымі рукамі дуду, можна адчуць яе душу”, — сказаў ён. — А тыя жарты — не пра нас, ніводнага няма ліцвінскага, беларускага”. Лідэр гурта “Testamentum terrae” Юрась ПАНКЕВІЧ глядзіць на ўсё вельмі крытычна і ўважліва, як, напэўна, і належыць дудару. Яму не падабаецца шмат што, але асабліва — калі прыніжаюць ягоны інструмент. “Ёсць людзі, якія нашу культуру лічаць занядбанай: маўляў, толькі лапці ды скокі. Гэтага я проста на дух не выношу”, — прызнаецца Юрась. Па ўсім, дуда і ёсць для яго сімвал годнасці і шляхецтва. А “закахаўся” Юрась у гэты інструмент з містычнай душой, пачуўшы спевы “Старога Ольсы”.

 /i/content/pi/cult/117/383/Duda.jpg
— Патрапіў на канцэрт — і захапіўся, — прызнаецца малады дудар. — Потым стаў дазнавацца, што ды як, і патрошку, патрошку набліжацца да таго, каб увайсці ў кола дудароў. Пайшоў у навучанне да майстра Тодара Кашкурэвіча і тут ужо “патрапіў” па-сапраўднаму.

— Юрась, у вас даволі цікавыя павароты лёсу. Мне вядома, што вы да захаплення дударствам хацелі стаць святаром…

— Было і такое. Але гэта ўжо ў мінулым. Так, я застаюся чалавекам у веры, Але не перастаю быць дударом.

— А як жа магічныя практыкі? Сувязь з такім інструментам, як дуда?

— Мы жывём у хрысціянскім свеце, таму будзем шчырымі. Але дуда, сапраўды, вельмі асаблівы інструмент і не кожнага да сябе падпускае. Можна ў яе дзьмуць колькі заўгодна, але калі яна не захоча іграць — не будзе: усё будзе да ладу, усё будзе працаваць, — а гука не будзе.

— Магчыма, на яе ўздзейнічаюць іншыя фактары — вільготнасць, атмасферны ціск?

— Гэта — вонкавае. А ёсць прычыны іншага кшталту, якія вытлумачыць бадай што нельга. Памятаю, у аднаго хлопца пачалі раптам хрыпець дзве ноты. Паасобку гучаць, а разам — хрыпяць. Што ні рабілі, каб выправіць, — не дапамагае. А потым завязалі паясок на дуду, — і яна чысценька зайграла. Ну як гэта можна патлумачыць? І такіх прыкладаў — мноства.

Вельмі важна, каб дудар сам зрабіў сваю дуду і граў на ёй. Бо так толькі здаецца, што ён іграе, а насамрэч — толькі практыкуецца. І наяўнасць адукацыі тут ні пры чым: адсутнічае сакральная сувязь з інструментам, — і дудкі тут, як файна і шпарка не грай. Мяне, напрыклад, часам людзі просяць падарыць дуду, але я нават не ўяўляю, як гэта можна зраібіць. Да каго яна патрапіць? Ці будзе яна ляжаць дзенебудзь, ці сапраўды на ёй будуць іграць? Для мяне гэтыя пытанні вельмі істотныя.

— А калі чалавек не можа сам зрабіць дуду, але яму карціць на ёй іграць?

— Канешне, усё залежыць ад чалавека. Магчыма, для кагосьці гэта не так і важна. І адшукаць дуду — сёння не праблема: можна звярнуцца да майстра і набыць у яго інструмент. Але маё асабістае меркаванне: каб зразумець містычную душу дуды, трэба самому яе зрабіць. І не па шаблоне, не па нейкай прыблізнай там канструкцыі, а ўнікаючы ў кожную яе дэталь, у адпаведнасці з беларускай традыцыяй. Тады адразу раскрыеццаі адметнасць яе характару, і яе нябачныя асаблівасці, і яшчэ штосьці больш важнае — светапогляд нашых продкаў.

— Алесь Матафонаў у сваёй перадачы “Маем рэчы” з жалем і смуткам зазначыў, што ўсе апошнія беларускія дудары, я маю на ўвазе спадчынных дудароў, ужо сышлі з жыцця...

— Вядома, што апошні родавы Дудар ва ўзросце васьмідзесяці шасці гадоў выступаў у Талачыне ажно ў 1951 годзе. Так, афіцыйна лічыцца, што традыцыя ўжо перарвалася. Але мне падаецца, што аўтэнтычныя дудары ўсё ж ёсць, жывуць, а калі і не, то блізкія да іх людзі ці сведкі — дакладна.

— І наколькі ваш інструмент падобны да беларускіх традыцыйных?

— Знешне — цалкам. Але адзначу, што ў нас з вамі гаворка ідзе пра інструмент, зроблены па ўзоры лепельскай дуды — адзінай традыцыйнай беларускай дуды, якая захавалася. Яна знаходзіцца ў Лепельскім музеі, і ўсе сучасныя майстры робяць дуды па яе ўзоры. Знешне мая падобная, розніца толькі ў атачэнні, але гэта дапушчальна, бо кожны дудар можа мець свой стыль. Раней пішчыкі — гэта асаблівыя трубачкі, у якія дзьме дудар, — рабіліся з чароту. Сёння яны робяцца з іншага матэрыялу — вось, напэўна, і ўсе адрозненні. Цяжка сказаць, ці гучыць сучасная дуда інакш за традыцыйную (нават запісы не дазваляюць гэта высветліць), але калі мой сябра, таксама дудар Дзяніс Сухі выступіў у вёсцы, дзе калісьці гралі на дудзе, жыхары пачулі штосьці роднае.

— Дарэчы, якую ролю адыгрываў дудар у грамадстве даўней?

— Ролю… святара. Без яго не абыходзілася ніводная важная падзея: ні народзіны, ні хрэсьбіны, ні вяселле, ні пахаванне. Калі не было сярод сваякоў дудароў, іх наймалі.

— Дык, значыць, і ваша памкненне быць святаром не выпадковае?

— Я аб гэтым не думаў. Можа быць…  Наогул, калі глянуць на еўрапейскія традыцыі пільней, хоць бы на выявы ў касцёлах, — на дудзе ігралі і чэрці, і анёлы…

— Я так разумею, што добра яшчэ, калі толькі святар і дудар…

— Правільна разумееце.

— Дзе і з якой праграмай можна пачуць вас асабіста і ваш гурт?

— Мы зараз запісваем свой першы альбом і цалкам заняты працай. Ён будзе складацца з беларускіх песень і танцаў, еўрапейскіх і аўтарскіх мелодый, але рыхтуем і сюрпрыз — адну з песень “Irone maiden” у акустычнай версіі на старажытных інструментах. Ведаем ужо, з якога матэрыялу будзе складацца другі альбом, — мы звернемся да балтыйскіх мелодый, якія выконваліся на дудзе. Атрымліваецца, можна сказаць, унікальны зборнік.

Літаральна гадзіну таму выступалі на “Дударскім фэсце”. Гэта было і асобнае выступленне “Testamentum terrae”, і сумеснае. Разам з дударом Дзянісам Сухім, пра якога я ўжо казаў, ігралі традыцыйную мелодыю, што выконваецца падчас вяселля ў Лепельскім краі. Публіка прымала нас вельмі цёпла. Увогуле, браць удзел у такой падзеі было для нас вялікім гонарам. І фестываль атрымаўся на ўсе 100. На наш “Дударскі фэст” прыехаў нават дудар з Японіі, уявіце сабе. Форум ладзіцца ў краіне ўжо трэці раз, і я мяркую, што ён стане добрай традыцыяй, бо дуда, як аніякі іншы інструмент, на мой сціплы дударскі погляд, раскрывае душу беларуса.

— Поспехаў вам!

— Дзякуй!

 Гутарыла
Даря АМЯЛЬКОВІЧ 

З гісторыі
Дудастарадаўні музычны інструмент Вялікага княства Літоўскага.
Нягледзячы на тое, што ў гістарычных дакументах звесткі аб ёй зяўляюцца не раней за XV стагоддзе, наяўнасць дуды ў старажытных традыцыйных абрадахнародзінах, хрэсьбінах, вяселлі, пахаваннідазваляе казаць, што нарадзілася яна яшчэ ў дахрысціянскія часы. На тэрыторыі ВКЛ былі распаўсюджаны больш за тры беларускія (літоўскія) “волынкі”. І сёння мы можам казаць пра наступныя тыпы: — так званая лепельская дуда (назва — ад рэгіёна, дзе захаваўся такога кшталту інструмент) — дуда з адным гукам (бурдонам); — вайсковая дуда (еўрапейскага тыпу; на жаль, захавалася толькі на гравюрах) — прызначэнне якой — абудзіць дух ваяроў перад бітвай; — дуда-мацянка (некалькі экземпляраў знаходзяцца ў этнаграфічным музеі Вільні) — трохбурдонная беларуская дуда, без якой не абыходзілася ніводнае сялянскае ці гарадское свята. Таксама вядомы двухбурдонная дуда і дуды, якія маюць, па апісаннях этнографаў, да васьмі бурдонаў.
Выраб дуды лічыўся і лічыцца справай сакральнай, бо ад забіцця козачкі да вырабу дуды меў адбыцца цэлы абрад. Тут забойства жывёлы было больш ахвярапрынашэннем і пераходам яе ў іншае жыццё. Дудар мог гукамі свайго інструмента выклікаць дождж, сонца або вецер.
Сёння ў Беларусі захаваўся толькі адзіны дакладны прыклад старадаўняй беларускай дуды — гэта дуда з вёскі Верабкі, якая знаходзіцца ў музеі Лепеля. Менавіта па яе ўзоры сучасныя майстры-дудары робяць свае дуды лепельскага кшталту. Усе іншыя экспанаты, якія збіраліся на працягу гадоў падчас этнаграфічных экспедыцый, былі звезены ў ваенныя часы ў адпаведныя этнаграфічныя ўстановы ў Вільню, Маскву, Санкт-Пецярбург...