Карнавал з “удзелам”... Скарыны

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Чакаючы, пакуль заварыцца кава, мастак Андрэй СМАЛЯК абыякава націскае клавішы пульта кіравання тэлевізарам. Неўзабаве адзін з каналаў пачынае паказваць… мастака Андрэя Смаляка. Такі збег абставін — зусім не рэдкая выпадковасць. Цікавасцю да сваёй персоны экстравагантны жывапісец абавязаны зусім не законам інерцыі. Як і кожны “selfmade man”, на інерцыю ён не спадзяецца. І сам мастак, і яго музапрадзюсер — жонка Вольга — няспынна забяспечваюць журналістаў новымі інфармацыйнымі нагодамі.

 

Пачынаючы са снежня пазамінулага года, Андрэй Смаляк правёў шэсць (!) персанальных выставак. Вернісаж апошняй з іх - "Карнавалу" ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі - стаў адным з найграндыёзнейшых піар-івэнтаў у гісторыі беларускага мастацтва. Галоўная "аргнязручнасць" той падзеі - немагчымасць сабраць далёка ад сталіцы прэсу і V.I.P.-персон - стала яе галоўнай прынадай. Ад прапановы злётаць у Гомель на адмыслова заангажыраваным дзеля гэтай справы рэактыўным самалёце адмовіцца было няпроста. Зразумела, потым прыгожы "лятак" надоўга "завіс" у тэлеэфіры. "Карцінка" атрымалася што трэба. Мне ж захацелася пагутарыць з мастаком пра тое, што засталося паза кадрам.

- У гэтую хвіліну сотні тысяч шараговых тэлегледачоў цікавяцца адным і тым жа пытаннем. Здагадайцеся, якім?

 - Адкуль у мастака грошы на тое, каб зафрахтаваць рэактыўны самалёт? Адразу адзначу: нашы былі толькі ідэі, авіябензінам забяспечылі спонсары. Калі Вольга падзялілася з дырэктарам адной буйной кампаніі сваёй шалёнай задумай, той быў у такім захапленні, што на "цану пытання" нават не звярнуў асаблівай увагі. Тым болей, крэатыў Вольгі ацаніла і кіраўніцтва авіякампаніі: мы мелі і зніжку, і пэўныя прэферэнцыі. Самалёт - гэта "фішка". І яна спрацавала на ўсе сто - нават не толькі ў плане піару. Калі мы ўзняліся ў паветра, усе былі ў захапленні, не раўнуючы, як дзеці. І ў першую чаргу - я сам.

- Яшчэ адной "фішкай", якая зноў абудзіла ўвагу СМІ да выстаўкі "Карнавал" (упершыню мы маглі бачыць яе болей за год таму), была ідэя ажыўлення вашых карцін...

 - Я даўно марыў пра тое, каб мае вобразы пакінулі двухвымерную прастору палатна: ім там зацесна. Такім чынам з'явілася ідэя доўгатэрміновага праекта, які і быў прэзентаваны ў Гомелі. "Ажыўленыя" карціны будуць дэманстравацца яшчэ неаднойчы. Магчыма, мы зладзім нават своеасаблівае турнэ. А ўдзел у гэтым праекце ўжо пагадзіліся ўзяць многія знакамітасці, прычым іх спіс няспынна шырыцца. Нядаўна ён папоўніўся такім мэтрам эстрады, як Анатоль Ярмоленка.

- І якім чынам вам удаецца завабліваць зорак?

- Іх не трэба завабліваць, наадварот: многія зоркі самі тэлефануюць і прапаноўваюць свой удзел. Прычым не толькі беларускія: днямі вось быў званок ад Ані Лорак.

- Серыю пераўвасабленняў вы пачалі з сябе. Ці не боязна было "прымерваць твары" геніяў?

 - Канешне, я мог бы вам распавесці пра нейкія глыбокія містычныя перажыванні, але... гэта была б хлусня. Калі хочаце, можаце самі нешта прыдумаць у такім ключы, я дазваляю. Па шчырасці, пад час пераўвасаблення ў Далі, Веласкеса, Пікаса я ўвогуле не адчуваў "нічога такога". Хаця ўсё ж быў адзін уражальны момант: я зірнуў у люстэрка - і замест звыклага твару пабачыў чужы. Гэта і сапраўды трохі вусцішна.

- Ці не адчуваеце вы небяспекі, што гэтыя ўдалыя піараўскія "фішкі" адцягнуць увагу, уласна, ад вашых карцін?

- Усё з дакладнасцю да наадварот: яны прыцягваюць увагу. Сёння мне тэлефанавалі з Гомеля: людзей на выстаўцы - процьма, і яе было вырашана прадоўжыць яшчэ на месяц. На вялікі жаль, такі ажыятаж многім нашым музеям і галерэям не ўласцівы. Таму трэба яго ствараць.

- Самому мастаку?

 - ...З дапамогай яго прадзюсера. Вольга кантралявала працэс ад пачатку да канца. Як заўсёды, сцэнарый вернісажу быў напісаны ёй самой. А колькі ў ім было розных дэталей, здатных здзівіць і ўразіць, - не пералічыць. Мы імкнуліся рабіць сюрпрызы на кожным кроку: спявачка Леся Кодуш, якая нібы сышла з вядомага партрэта Вольгі (дзесяці адрозненняў ніхто не знайшоў!), камерны аркестр у касцюмах эпохі Паскевічаў... Адзінае, што не атрымалася, - цыркавыя малпы. Але ж у шыкоўным палацы яны выглядалі б не зусім дарэчы. Позна ўвечары, калі стомленая публіка ўжо збіралася ў аэрапорт, каб вяртацца дадому, раптам усе пачулі: пачакайце, зараз будзе самае галоўнае! І ў цёмным небе эфектна патыхнулі агнём паветраныя шары.

- А наколькі айчынныя музеі гатовы да такіх яскравых (і тэхнічна "складаных") падзей?

 - Патрэба ў іх становіцца ўсё большай. Супрацоўнікі палацавапаркавага ансамбля ўвогуле мяне прыемна ўразілі: яны прадумалі экспазіцыю да драбніц. Побач з карцінамі шпацыравалі іх героі, якіх музейшчыкі ажывілі "сваімі сіламі". Асабліва спадабаліся жывыя версіі "партрэтаў колераў". Я нават не ўяўляў, як гэта можна зрабіць: "ажывіць" колеры. Супрацоўнікі музея прапанавалі свой варыянт - з дапамогай бодзі-арту і прывабных мадэлей. Цудоўная ідэя, вартая працягу!

- Адна з вашых нядаўніх "персаналак" адбылася ў Італіі. Як вас успрымалі на радзіме Рэнесанса?

 - Лічу, менавіта мастацкія выстаўкі ды імпрэзы могуць стаць лепшай піар-акцыяй нашай краіны ў Еўропе. Давесці сваю арганічную далучанасць да гэтай культурнай прасторы з дапамогай нейкіх гучных лозунгаў не атрымаецца. А ў маім выпадку нічога і даводзіць не спатрэбілася. Я прывёз выстаўку - людзі паглядзелі і ўспрынялі. Рэакцыя публікі была шчырай і захопленай, арганізацыя - выдатнай. Дарэчы, неўзабаве пасля вернісажу ў Чыта дзі Кастэла мне напісаў прынц Манака - Альберт: ён запрашаў правесці гэтую выстаўку ў яго галерэі. Чакаецца, што мае карціны зробяць цэлае замежнае турнэ: пабываюць у Генуі, Вероне і, што асабліва для мне прыемна, Падуі.

 - Чаму ж вы вылучылі менавіта гэты горад?

- Думаю, ва ўсіх беларусаў ён павінен асацыіравацца, перадусім, з постаццю Францыска Скарыны. Тое, што мая выстаўка пройдзе ў тым самым універсітэце, дзе колісь навучаўся наш асветнік, - гэта вялізны гонар для мяне.

- З шэрагу вашых "карнавальных" выставак істотна выбівалася адна. Яна называлася "Шлях да веры", а на яе вернісажы гучалі не эстрадныя шлягеры, а духоўныя песняспевы...

- Дык што вас тут здзіўляе?

 - Тое, што вы адважыліся ўзяцца за такую глыбокую і складаную тэму.

 - Вера - гэта тое, на чым трымаецца жыццё чалавека. І я адчуваю гэты грунт заўсёды. Таму і выказвацца на такую глыбокую тэму мне было не боязна. Я жыву гэтым, я пішу такія карціны, як, скажам, "Першая прычасць". Зразумела, яны не былі створаны адмыслова для выстаўкі. Яны паўсталі з-пад майго пэндзля цалкам натуральна, самі сабою. А потым я вырашыў іх паказаць.

- Неаднаразова даводзілася сустракаць вас на выстаўках іншых мастакоў. Прычым ваш выгляд заўсёды быў уважліва-зацікаўлены...

- Я цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў нашым мастацкім жыцці. І стаўлюся да творчасці калег з вялікай увагай і павагай.

- А ці часта даводзіцца бачыць калег на сваіх вернісажах?

 - На жаль, не вельмі часта - хаця мы іх заўсёды запрашаем. Шчыра кажучы, я адчуваю сябе нібыта ў ізаляцыі ад мінскага мастацкага асяроддзя. І маёй віны ў гэтым няма. Я ахвотна іду на кантакт, заўсёды стараюся дапамагчы. Вольга гатова падзяліцца і арганізацыйнымі сакрэтамі. Але... Некаторыя мастакі чамусьці робяць выгляд, быццам мяне няма.

 - Напэўна, тут праяўляецца адваротны бок такой з'явы, як вядомасць. Увогуле, ці адчуваеце вы гэты цяжар няспыннай увагі? Бо часам жа, мабыць, узнікае жаданне неяк адасобіцца, пабыць на самоце...

- На шчасце, у гэтым мне ніхто не перашкаджае. У мяне ёсць ціхая майстэрня, дзе я праводжу большасць свайго часу. Канешне, гэтыя гучныя імпрэзы адымаюць нямала сіл. Вось і пагэтуль увушшу стаіць гул рэактыўнага самалёта. Эмоцый было столькі, што ў мяне "пасляшокавы стан" доўжыўся, прынамсі, некалькі дзён.

- А ці не шкада сваіх творчых сіл на такія эмацыйна затратныя мерапрыемствы?

 - Зразумейце: гэта ўсё я раблю не для сябе. Я - чалавек самадастатковы, і найбольшае задавальненне атрымліваю менавіта ад спакойнай працы ў сваёй майстэрні. Ды і вядомасці мне ўжо хапае: на вуліцы пазнаюць, аўтографы бяруць... Тыя святы, якія мы робім, - яны для людзей. Пагадзіцеся, на лішак яркіх падзей скардзіцца пакуль што не выпадае. Пабываўшы на гомельскім вернісажы, наша юная зорачка Юра Дземідовіч ажно зіхацеў ад захаплення. Ён казаў, што трапіў у казку і хоча стаць вялікім "чароўным трусам" - такім, "як дзядзька Андрэй".

 - Ніколі не думаў, што ў вас ёсць нейкі глабальны пасыл чалавецтву. Тым болей, мастакам зазвычай уласцівы эгацэнтрызм...

- Тут варта згадаць і яшчэ адзін эпізод з адкрыцця "Карнавалу". Кожны з наведвальнікаў атрымаў пэндзаль, і з яго дапамогай можна было нешта намаляваць на вялізным палатне. Гэтым я хацеў данесці да публікі свой самы важны пасыл: людзі, вы ўсе - мастакі! І таму - тварыце!

  На здымку: Андрэй Смаляк у вобразе Дыега Веласкеса.