“Калючая ружа” — у цэнтры жыцця

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

У сакавіку народнай артыстцы СССР, прафесару Тамары Ніжнікавай споўнілася 85. 31 сакавіка да яе юбілею ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пакажуць “Севільскага цырульніка” Дж.Расіні — спектакль, у якім яна ўпершыню выйшла на нашу сцэну. Яшчэ раней Тамару Мікалаеўну віншавалі ў Музычнай гасцёўні тэатра. Спявалі яе выхаванкі, салісткі тэатра Алена Шведава і Алена Бундзелева, а яна шчодра дзялілася сваімі багатымі ўспамінамі. Юбілярка і цяпер выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Што ні ўрок — цэлы спектакль, на якім не разбярэш, хто спявае больш: яе вучаніцы ці яна сама, адорваючы ўсё наваколле сваёй бурлівай энергіяй і сонечнымі ўсмешкамі. Гледзячы на яе, не верыш ні ейнаму пашпартнаму ўзросту, ні таму, што за яе плячыма і ваеннае ліхалецце, і цяжкасці пасляваенных гадоў. А можа, гэта менавіта яны надалі ёй тую прагу жыццёвай актыўнасці? Не проста загартавалі, а навучылі глядзець на свет шырока раскрытымі вачыма, з непадробнай цікавасцю і верай, што цуды трэба ствараць уласнымі рукамі.

 

/i/content/pi/cult/256/3827/23-1.jpg- 22 чэрвеня 1941 года - распавядае Тамара Мікалаеўна, - я павінна была ехаць у Маскву - на агляд-конкурс. Я ж з дзяцінства спявала, нават у опернай студыі ўдзельнічала, выступала ў канцэртах самадзейнасці, на мясцовых аглядах. І мяне як пераможцу "камандзіравалі" з Куйбышава (цяпер гэта Самара) у сталіцу. Усё было падрыхтавана, настрой - баявы, білеты - на руках. І тут - вайна. Не да спеваў. Увогуле, я не збіралася быць вакалісткай. Бацька - той хацеў, каб я артысткай стала. Загінуў у 1936-м... А мяне не толькі спевы займалі- багата іншых цікавых рэчаў было ў жыцці. Усё хацелася паспытаць, выпрабаваць на сабе. А як пачалася вайна, пайшла працаваць на авіяцыйны завод, стаяла за станком. Збіралася нават канструктарам стаць, пілавала, стругала з задавальненнем. А потым вырашыла: не, буду хірургам. Нам якраз параненых пачалі прывозіць з-пад Сталінграда. Іх везлі на баржах па Волзе, выгружалі на бераг, а мы, дзяўчаты, цягалі іх адтуль ужо ў шпіталь.

/i/content/pi/cult/256/3827/23-2.jpgМылі, пераапраналі, даглядалі. Але ж спачатку трэба было - дацягнуць. Высока ўгару. А нам гадоў па 15 - 18, зусім яшчэ дзеці. Адкуль тыя сілы браліся? Мы і ўдзвюх аднаго байца ўзняць не маглі, але - цягнулі, як - не ведаю. А за новым прыбягаеш - каго першым браць? Усе просяць: "Сястрычкі, міленькія, вазьміце мяне!" Бывае, адкрываеш рану - а там ужо чэрві кішаць: лета, спякота. Як такое вытрываць? Дый сама аперацыя ў тых умовах: якія наркозы? Мяне часта прасілі, каб я ўгаворвала параненых цярпець, пагаджацца на складаныя аперацыі: "Яна каго хочаш угаворыць, яшчэ й праспявае". Аднойчы давялося хірургу дапамагаць, а той нагу ампутаваў. Я стала ззаду, вочы заплюшчыла. Зірнуць баюся: жах які! І тут раптам - штосьці цёплае такое плюх мне ў рукі! Я спачатку не зразумела, нібыта разгубілася, а потым гляджу: нага! Як стаяла, так і павалілася: прытомнасць страціла. Але нагу не выпусціла. Ды толькі з таго часу больш не марыла стаць хірургам. А спяваць для параненых - спявала. І калі праз нейкі час аб'явілі набор у Школу эстраднага мастацтва, пайшла на праслухоўванні. Там і спявала, і вершы чытала, і танчыла - усё выканала, што камісія патрабавала. А мяне не прынялі. Сказалі, што з такім голасам трэба не на эстраду ісці, а ў кансерваторыю - у Маскву ехаць. Яшчэ вайна ідзе, 1944-ы, а я ў Маскве вучуся. Здаралася, на Казанскім вакзале начавала. Жыла далёка за горадам, штодзень а пятай-шостай гадзіне раніцы бегла на чыгунку, каб на заняткі паспець. 200 грамаў белага хлеба (норма на аднаго чалавека) абменьвала на 400 чорнага, бо есці ўвесь час хочацца ды хочацца. Але- вучуся!..

/i/content/pi/cult/256/3827/23-3.jpgВайна яшчэ не раз "грукала" ў дзверы Тамары Мікалаеўны. І праз пасляваенны Мінск, куды яна прыехала працаваць разам з мужам - таксама выпускніком Маскоўскай кансерваторыі, толькі па класе віяланчэлі. І праз спектаклі пра вайну, у якіх яна саліравала. У 1955-м на беларускай опернай сцэне іх з'явілася адразу два. Пад назвай "Дзяўчына з Палесся" ўзнікла новая рэдакцыя оперы "Алеся" Яўгена Цікоцкага, якая стваралася яшчэ ў гады вайны, у эвакуацыі, і ўпершыню была пастаўлена нашым тэатрам ажно ў 1944-м, ледзь толькі трупа вярнулася ў вызвалены ад фашыстаў Мінск. Другім спектаклем, пастаўленым усё ў тым жа 55-м, сталася "Марынка" Рыгора Пукста на лібрэта Эдзі Агняцвет - дзіцячая опера пра вайну, пра тое, як дзяўчынка схавала ад немцаў чырвонаармейскі сцяг і занесла яго да партызанаў. Марынкай была Ніжнікава, у той час нават без грыму падобная да дзяўчынкі: маленькая, ладненькая-складненькая, усмешлівая, жвавая - такая ж, як сёння, хіба маладзейшая. Гэтая партыя стваралася менавіта для яе, з разлікам на ейныя вакальныя і артыстычныя здольнасці. А дакладнасць трапляння ў вобраз правярала не проста якая-небудзь камісія ці мастацкі савет, а сама жывая гераіня гэтай гісторыі, бо ў аснову оперы быў пакладзены рэальны выпадак з жыцця.

/i/content/pi/cult/256/3827/23-4-ann.jpg- Марыя Галаўнёва, - узгадвае Т.Ніжнікава, - прыходзіла на рэпетыцыі, нават, здаралася, штосьці раіла, падказвала. Была яна і на прэм'еры. Я вельмі любіла гэты спектакль. Там і музыка была цудоўная, меладычная, і пастаноўка цікавая. Шмат балетных сцэн: Марынка ідзе да партызанаў праз лес, там і грыбкі танцуюць, і птушкі лётаюць. А якія ў мяне былі партнёры! Нямецкага афіцэра спяваў Мікалай Сярдобаў. Яму ўвогуле, як усе жартавалі, на "фашыстаў" "шанцавала". Ён і ў "Дзяўчыне з Палесся" Фон Шолена спяваў, і ў "Марынцы" - паводле мізансцэны, да нас у хату прыходзіў. У жыцці - абаяльны, мілы чалавек, а ў гэтых партыях толькі зірне ў твой бок - ажно мароз па скуры. А калі яшчэ за руку схопіць- быццам сапраўдны фашыст. Які ён акцёр быў! Дый спявак выдатны. У "Марынцы" ў нас з ім такая сцэна была. Я хавала сцяг у валёнак. І выконвала "Песеньку пра вожыка", які ў тым валёнку ляжыць. А потым, разам са сцягам, - скок у акно! І- у лес. А ў "Дзяўчыне з Палесся" я спявала Марфачку- зусім юную дзяўчыну, малодшую сяброўку Алесі. Там партыя была не каларатурная, хутчэй - проста лірычная. Але вобраз задумваўся больш глыбокі. Трэба было так сыграць і праспяваць, каб гледачы зразумелі: калі што здарыцца з партызанкай Алесяй - галоўнай гераіняй оперы, Марфачка стане на яе месца. І барацьба з захопнікамі не спыніцца, пакуль яны не сыдуць з нашай зямлі. Гэтую оперу шмат рэдагавалі, асабліва ў фінале: Алеся то гінула, то заставалася жывой. У гэтай партыі была Ларыса Александроўская. Аднойчы яна мяне так напужала! Сядзіць у апошняй дзеі, паводле мізансцэны, прытуліўшыся да плоту. Я падыходжу, торк яе ў плячо - яна і павалілася, бы нежывая. Я як закрычу! Не па мізансцэне, па-сапраўднаму! Бо мне здалося, яна насамрэч памерла. Я сама артыстка, павінна б адрозніваць, дзе - жыццё, а дзе - акцёрская ігра, але гэта было сыграна настолькі жыццёва, настолькі рэальна, што я паверыла. Тады ж, у 55-м, мы "Дзяўчыну з Палесся" вазілі на Другую дэкаду беларускага мастацтва ў Маскве. Я толькі-толькі ўвялася ў гэтую партыю, і адразу ж- паездка. Стаю ў закуліссі Вялікага тэатра Расіі, калачуся, адчуваю: не выйду на сцэну. Песня Марфачкі адразу з высокага рэгістру пачынаецца, на празрыстым аркестравым фоне, там кожная дробязь заўважная. Не, не магу з месца сысці! Ногі - бы ватныя, і да падлогі "прыліплі". Тут мяне як штурхнуць - я і вылецела на сцэну. А як заспявала! Куды толькі боязь падзелася?

.. У Мінск Тамара Мікалаеўна прыехала ў 1949-м. Але ўлілася ў рэпертуар нашага тэатра толькі праз два гады, бо спачатку яе адправілі... у Анголу - з высокай педагагічнай місіяй, у складзе групы савецкіх спецыялістаў розных профіляў.

/i/content/pi/cult/256/3827/23-5.jpg- Я была Сталінскай стыпендыяткай, - усміхаецца Т.Ніжнікава, - і носам круціць не выпадала: партыя сказала - мы паехалі. Праўда, нам там намагаліся стварыць самыя лепшыя ўмовы: пасялілі на загараднай віле, далі аўтамабіль з вадзіцелем. А ўсё роўна- не пачувала сябе, як у роднай краіне. Дый па тэатры сумавала. Я ж яшчэ да ад'езду паставіла ўмову: спачатку праспяваю Разіну ў "Севільскім цырульніку" - і толькі потым паеду. Каб пераканаліся, як я ўмею спяваць. І праспявала! Без аніякіх рэпетыцый. Толькі з дырыжорам крыху тэмпы ўдакладнілі. Ды падказалі мне, дзе з якой кулісы трэба выходзіць. У Анголе ж было - адно выкладанне. І я не вытрывала. Праз два гады кінулася ў роднае Міністэрства культуры: "Не, не магу! Пашліце на трэці год каго-небудзь іншага. Выкладаць можна ў любым узросце, а век артысткі не такі ўжо доўгі". І праўда, увайшлі ў маё становішча, дазволілі застацца ў Беларусі. Жылі мы з мужам спачатку ў самім тэатры: нам далі пакойчык на апошнім паверсе. У тым пакойчыку, акрамя нас, яшчэ артысты балета жылі- за шырмачкай. Але на побыт мы ўвагі не звярталі- працавалі. Мне шанцавала на добрыя партыі! І на беларускі рэпертуар - таксама. Не толькі публіка мяне заўважала, але і кампазітары. Гэта ж так добра, калі ты не проста нейкі твор выконваеш, а калі ён з самага пачатку для цябе ствараецца! Тады ты - быццам двойчы сааўтар. І такі прыліў натхнення з'яўляецца!..

 Мабыць, адбітак на характары Тамары Мікалаеўны пакінула не толькі сама вайна, але і пасляваенны перыяд, калі пры ўсіх побытавых нястачах людзей цягнула да мастацтва. Яно было і настальгіяй па даваенным мінулым, і нейкай "паралельнай рэальнасцю", пазбаўленай ад побытавых праблем. Затое колькі энергіі было ў ніжнікаўскай Ірыне з "Калючай ружы" Юрыя Семянякі! Гэтая партыя таксама пісалася спецыяльна для Ніжнікавай. А ў чымсьці нават і "спісвалася" з характару спявачкі, якая ніколі не "плакалася", а дзейнічала, "падбухторваючы" сваёй энергіяй астатніх. Часопіс "Советская музыка" сведчыў: "Абаяльная Ірына ў выкананні Т.Ніжнікавай. Вялікая музычнасць, чысціня інтанавання, высокая вакальная культура ў спалучэнні з нешараговым акцёрскім талентам і мілай непасрэднасцю паводзін на сцэне ператварылі гэты вобраз ці не ў цэнтральны". Яна і цяпер - заўсёды ў цэнтры: падзей, ідэй, чалавечай увагі, у цэнтры жыцця.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"