Свае шчырыя, вясёлыя, смешныя работы Сілівончык піша не на бялюткім палатне, а на рознакаляровай тканіне, колер і фактура якой "задаюць тон", і ўжо будучы твор "танчыць" ад яе характару. Эксперыменты з палатном сталі для мастачкі ўжо традыцыяй, і ў якасці новага поля для дзейнасці Ганна абрала люстраную паверхню: яна заклейвае люстэрка выявамі вачэй, выразаных з фота, альбо, у літаральным сэнсе слова, зацалоўвае люстэрка, пакідаючы на шкле адбіткі вуснаў, размаляваных ружовай, чырвонай ды аранжавай памадай... Творы Ганны мастацтвазнаўцы ўнікліва называюць постпостмадэрнісцкімі. І наведвальнікам сваёй выстаўкі мастачка таксама прапанавала постмадэрнісцкую гульню - "у Мону Лізу".
Зрэшты, уся гэтая дзея нагадвала атракцыён на кірмашы, і ахвотных паўдзельнічаць знаходзілася шмат. Гэтая выстаўка Ганны Сілівончык аказалася больш разняволенай па сваім настроі, чым папярэднія. Творцу, як і раней, цікавяць варыяцыі на тэму "М + Ж", дзе лірычная гераіня - альтэр-эга самой мастачкі, а герой - верны муж, мастак Васіль Пяшкун. Але ў звычайным буянні колераў з'явіліся нечаканыя дамінанты - чорны і белы. Замест казачных, фантазійных сюжэтаў, русалак і дракончыкаў мы бачым глыбокія і палкія пачуцці, асалоду, жаданне, чырвонае віно і... смерць, сімвалы якой - чарапы ды косткі - Ганна актыўна выкарыстоўвае ў сваіх работах: не проста "каханне-жарсць", а - "каханне да скону".
Алена КАВАЛЕНКА